viasna on patreon

«Я і вы выдатна ведаем, што за свае дзеянні не павінен знаходзіцца ў турме». Палітвязню Уладзіміру Ганчарову далі новы тэрмін

2022 2022-02-03T15:53:49+0300 2022-02-03T16:55:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gancharou_uladzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 лютага ў судзе Ленінскага раёна Магілёва Уладзіміра Ганчарова, якога раней ужо асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму, прызналі вінаватым па новай крымінальнай справе. Гэтым разам Уладзіміра абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ — «Абраза прадстаўніка ўлады».

Нагадаем, Уладзімір Ганчароў — фігурант брэсцкай «справы карагодаў», узбуджанай па падзеях 13 верасня 2020 года. У той дзень у Брэсце пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, і сілавікі разганялі іх вадамётам.

14 ліпеня Уладзіміра затрымалі разам з жонкай і двума маленькімі дзецьмі, якім на той момант было ўсяго пяць і восем гадоў. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Пакуль Уладзіміра і яго жонку дапытвалі, аператыўнікі УУС Маскоўскага раёна чатыры гадзіны трымалі дзяцей у калідоры, пасля чаго ўсіх павезлі ў Следчы камітэт, дзе зноў дапытвалі 4 гадзіны. Пасля допыту жонку Уладзіміра і яго дзяцей адпусцілі, а яго самога адправілі ІЧУ Кобрына. Пазней — у Брэсцкі СІЗА.

15 лістапада 2021 года Уладзіміра прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па арт. 342 КК РБ — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Суддзя Кацярына Рамашка прысудзіла Уладзіміру Ганчарову 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівалі пракуроры Аляксей Бараноўскі і Вадзім Багатка.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра палітычным зняволеным.

Вядома, што жонку Уладзіміра — Кацярыну — таксама асудзілі па «карагоднай» справе. Яе прызналі вінаватай і прысудзілі два гады «хатняй хіміі».

Да 1,5 года калоніі: у Брэсце асудзілі дзявятую і дзясятую партыю па "справе карагодаў"

У судзе Брэсцкага раёна 15 лістапада па "справе карагодаў" вынеслі прысуды адразу 15 берасцейцам. Іх усіх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Нагадаем, 13 верасня мінулага года на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а потым узбудзілі крымінальную справу. Сёння 15 чалавек (дзявятую і дзясятую партыю) асудзілі на тэрміны ад года "хатняй хіміі" да 1,5 года калоніі. Палітзняволеных Ганну Баран і Уладзіміра Ганчарова, якія ўтрымліваюцца пад вартай, асуджаныя да паўтара года калоніі.

Тады ж Уладзіміру ставілі ў віну і злачынства па арт. 369 КК РБ — «Абраза прадстаўніка ўлады». Суд быў запланаваны на 22 лістапада 2021, затым перанесены на 16 снежня 2021. У сярэдзіне снежня стала вядома аб пераводзе палітвязня з СІЗА-7 у магілёўскую турму №4.

Другую справу Уладзіміра Ганчарова разгледзелі 1 лютага 2022 года. Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Аксана Ратнікава.

31-гадовага палітвязня абвінавачваюць у тым, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси», які прызнаны экстрэмісцкім, ён пакінуў негатыўны каментар у адрас супрацоўніка ДПС ДАІ з Горак Юрыя Дзем'яновіча.

Падчас судовага пасяджэння сваёй віны Ганчароў не прызнаў.

«Высокі суд, і я, і вы выдатна ведаем, што я за свае дзеянні не павінен знаходзіцца ў турме. Хачу звярнуцца да сваёй сям'і. Дзякуй вам за дапамогу. Не перажывайце за мяне. Турма не такое страшнае месца, як здаецца. Я вас вельмі люблю», — сказаў у сваім апошнім слове Ганчароў.

Суддзя Аксана Ратнікава прызнала Уладзіміра Ганчарова вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369 КК РБ і прыгаварыла да двух гадоў «хіміі» (абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу). Паколькі палітвязень ужо адбывае пакаранне па папярэдняй справе, шляхам частковага складання пакарання канчаткова Уладзіміру Ганчарову прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэта значыць, што тэрмін яго знаходжання ў калоніі павялічылі яшчэ на паўгода.

Вы можаце падтрымаць Уладзіміра Ганчарова і напісаць яму ліст па адрасе: Магілёў, вул. Крупскай, 99А, турма №4. 212011.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства