Маці палітвязня Яўгена Каханоўскага: "У Жэнькі такі ж моцны характар, як і ў мяне"
За апошнія паўтара года Алеся Каханоўская бачыла свайго сына Жэню некалькі разоў: мелькам — на трох судах, і некалькі гадзін — на спатканні пасля прысуду. Яго асудзілі да 3,5 гадоў зняволення, адбываць якія Жэню адправілі ў ПК №1. За тыя паўгода, што ён там знаходзіцца, яго тройчы адпраўлялі ў ШІЗА: спачатку ў жніўні, потым хлопец правёў там увесь лістапад, а цяпер знаходзіцца там ужо больш за месяц. Апошнюю перадачу ад родных ён атрымаў у верасні, яму не аддаюць лісты ні ад каго, акрамя мамы, бабулі і сястрычкі.
Пра гэтыя паўтара года ў жыцці сям'і і пра тое, чаму Жэня ўвесь час трапляе ў ШІЗА, "Вясне" распавяла ягоная мама Алеся Каханоўская.
ШІЗА, пазбаўленне перадач і лістоў
— Жэня не мусіў апынуцца там у жніўні. Калі б я ведала, што так атрымаецца, я б усімі сіламі адправіла яго падалей. Ён тады ўсе выхадныя праводзіў у дзяўчыны на вёсцы, а ў тую нядзелю пасварыўся з ёй і прыехаў дадому. Выйшаў у краму па цыгарэты — і ў наступны раз я ўбачыла яго толькі пасля суда. Але нават калі ён удзельнічаў, даваць за гэта 3,5 гады — гэта такія ў нас правы?
Мне не давалі спатканні з ім падчас следства: казалі, не належыць. Але пасля прысуду ўжо не мелі права не даць: я тады ледзь трапіла на спатканне. Двойчы я прыязджала то дызелем, то маршруткай, але не паспявала з-за вялікай чаргі. Тады я села на апошні дызель і ўсю ноч чакала раніцы, пакуль можна будзе ўбачыць сына. Сядзела на лавачцы каля СІЗА, плаціла таксісту, проста каб пасядзець пагрэцца ў машыне некалькі гадзін: тады быў халодны красавік. Я адчувала сябе, як маці дзекабрыста.
Потым мусілі даць спатканне ў жніўні, мы з ягонай сястрычкай купілі квіткі, але ён патэлефанаваў і сказаў, што спаткання не будзе. Тады яму не перадавалі нават мае лісты, а ён запытваў у сваіх лістах: "Мама, чаму ты не пішаш? Можа быць, мне таксама не пісаць табе?" Тады я знайшла жанчыну, якая ехала на спатканне да свайго мужа ў гэту калонію, і папрасіла перадаць Жэню, што мама з сястрычкай прыедуць да яго. Але яго адправілі ў ШІЗА. Не прынялі нават перадачу.
Не прынялі перадачу для яго і ў снежні. Я сабрала вялікую сумку — яна настолькі не зачынялася, што нават сарваўся замок. Паклала яму мандарынаў, парэзала каўбаскі, тры віды смачнага сальца — думала, сын добра сустрэне Новы год. Але ён сустрэў яго ў ШІЗА, куды яго адправілі напярэдадні. І вось ён там мінімум з 25 снежня — пра гэтага мне паведаміў чалавек, які нядаўна вызваліўся з гэтай калоніі. Ён сказаў, што там няма ні падушак, ні матрацаў, а акенца ўвесь час адчыненае. Калі я даведалася, што на ложку не драўляныя, а металічныя пруты, я так плакала!
Днямі я тэлефанавала ў калонію, і мне пацвердзілі, што перадачу яму не аддалі. Мне ўвесь час адказваюць, што Жэня тэлефануе як належыць, але за гэтыя паўгода ён патэлефанаваў толькі тры разы. Яму аддаюць толькі лісты бабулі, сястрычкі і мае, хоць я ведаю, што яму пішуць. Адна жанчына, напрыклад, піша яму кожны тыдзень. Кажа, што ўсё роўна, што не атрымлівае — усё адно будзе пісаць.
У нас быў добры адвакат, які дапамог перакваліфікаваць адзін артыкул. Калі б не ён, Жэню маглі пасадзіць на большы тэрмін. Але першыя паўтара месяца яго не пускалі да сына, а калі ён вярнуўся са спаткання з ім, сказаў: "Матуля, толькі не плачце: так, білі". Але пакуль да Жэні пусцілі абаронцу, у яго застаўся толькі адзін сіняк на назе. Мы падалі скаргу ў пракуратуру, але там адказалі, што не было ніякіх перавышэнняў паўнамоцтваў. На судзе Жэня казаў мала. Мяне не пусцілі на адно з пасяджэнняў, дзе давалі паказанні сведкі, — хлопцы, якія ў той дзень былі разам з ім. Яны сведчылі супраць яго і засталіся на волі.
Шахматы, характар і татуіроўкі
— Чалавек, які мне тэлефанаваў, сказаў, што Жэню ўвесь час саджалі ў ШІЗА проста так, таму, я так разумею, ён адмыслова стаў парушаць правілы, каб сядзець не проста так. Наколькі я зразумела, яго нават рыхтавалі пераводзіць на турэмны рэжым, але дагэтуль трымаюць у ШІЗА.
Напэўна, калі б я патрапіла ў калонію, я вяла б сябе гэтак жа прынцыпова. У Жэнькі такі ж моцны характар, як і ў мяне. Ён гэтак жа не згаджаецца ні з чым, я ганаруся сынам. У мяне юрыдычная адукацыя, і раней я працавала сакратаром на крымінальных справах, дзе маладых хлопцаў адпраўлялі на велізарныя тэрміны па "наркатычным" артыкуле — я сышла адтуль, калі зразумела, што за ўвесь час не пасадзілі ніводнага дылера, якія сапраўды займаюцца распаўсюдам. Я зразумела, што не хачу гэта бачыць і чуць. Пасля гэтага ўладкавалася ў таксі, але машыну давялося прадаць, каб аплаціць адваката. Цяпер працую на арэнднай машыне, але хачу адкрыць сваю швейную справу па вытворчасці цацак. Я хачу, каб Жэньку было куды вяртацца — да ягонага прыходу хачу адрамантаваць стары дом. Ён вернецца і скончыць тое, што я пачну: ён доўга працаваў на будоўлях у Маскве, сам навучыўся ўсім рэчам, таму шмат чаго ўмее.
Я хачу, каб уся Беларусь ведала, якія ў нас ёсць героі, што не здаюцца. У мяне ў самой вялікая сям'я і чатыры сястры — таму сваіх дзяцей я таксама імкнулася выхоўваць у атмасферы добразычлівасці, любові. Наша сям'я вельмі любіць жывёлаў: мы ўсё ўвесь час цягнем дадому лячыць катоў. Яшчэ адзін чалавек, які раней вызваліўся, расказваў мне, што Жэня вельмі шчодры. Пакуль у яго было чым падзяляцца, ён раздаваў усім, што ў яго было. А калі ў яго нічога не засталося, ён папрасіў у іншага палітвязня цыгарэту — і той адказаў, што ў яго ў самога мала. Таму палітвязень палітвязню не роўны. Але потым Жэня кінуў курыць.
У яго наогул моцны характар: каб не канфліктаваць з бацькам, ён сышоў з дома і з 18 лёт жыў на лецішчы самастойна. Потым з'ехаў у Маскву на заробкі, прыязджаў сюды. Яго адлічылі з каледжа, не даўшы давучыцца пару месяцаў з-за канфліктнай сітуацыі. І хоць я была супраць татуіровак на твары, зрабіў іх, таму што так захацеў. Яшчэ ён вельмі любіць шахматы — гэта ў нас сямейнае. Але ў калоніі ў яго забралі драўляныя шахматы. Не ведаю, ці застаецца ў яго на штосьці час, таму што, калі ён не сядзіць у ШІЗА, працуе шэсць дзён на тыдзень, выхадны — толькі нядзеля. Ён пісаў, што не заўсёды хапае часу нават пісаць лісты.
Што дапамагае мне трымацца? Напэўна, тое, што я яго чакаю. Я цяпер разумею, чаму да гэтага на мяне звальваліся нейкія складанасці: я павінна была зрабіцца моцнай, каб вытрываць тое, што адбываецца з маёй сям'ёй цяпер. Спачатку ў мяне былі ўвесь час істэрыкі — дачка, гледзячы на мяне, таксама плакала. Яна супакоілася, толькі калі я супакоілася і прыняла сітуацыю. Для гэтага я брала звышурочную працу, каб проста адцягнуць увагу і не думаць пра гэта. Складана ад бяссілля. Калі я вазіла маленькага Жэню па дактарах, можна было дамагчыся, каб яму неяк дапамаглі, а цяпер іншая гісторыя: нічога не можаш зрабіць — толькі сядзець і чакаць.
Нягледзячы на тое, што ліставанне ў калоніі блакуюць, палітвязню важна адчуваць падтрымку. Лісты можна адправіць па адрасе:ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8 Яўген Дзмітрыевіч Каханоўскі |