"Поставы не сдались". Братоў і іх сябра асудзілі за пратэсныя надпісы і малюнкі ў горадзе
У судзе Пастаўскага раёна 20 студзеня асудзілі двух братоў Ігара і Дзмітрыя Павінічаў, а таксама іх сябра Паўла Цапеліка паводле арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за нанясенне пасля прэзідэнцкіх выбараў пратэсных надпісаў і малюнкаў. Наогул у Паставах у канцы верасня і кастрычніку 2020 гады яны нанеслі каля 50 надпісаў і малюнкаў, сярод якіх — "Жыве Беларусь", "3%", БЧБ-сцягі. Суд аштрафаваў Ігара Павініча на 300 базавых велічынь (9600 рублёў), Дзмітрыя Павініча — на 240 базавых (7680 рублёў), Паўла Цапеліка — на 290 базавых (9280 рублёў). Справу разглядала Наталля Максімовіч, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Ігар Ластоўскі. "Вясна" распавядае падрабязнасці гэтай справы.
У чым іх абвінавацілі?
Паводле версіі абвінавачвання, 24-гадовы Ігар і 27-гадовы Дзмітрый Павінічы, 28-гадовы Павел Цапелік, дзейнічаючы па папярэдняй змове сумесна групай асобаў, маючы намер на псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах, з выкарыстаннем трох балонаў з фарбай чырвонага і чорнага колераў з 23-й гадзіны 27.09.2020 да 1-й гадзіны 28.09.2020 наўмысна сапсавалі чатыры плотавыя жалезабетонныя панэлі шляхам нанясення трох надпісаў: "НЕ РАЗБIЦЬ, НЕ СПЫНIЦЬ, НЕ СТРЫМАЦЬ", "БЕГИ, КРЫСА", "3%"; абведзеных ў кола яшчэ двух надпісаў: "ПЗ", "УХОДИ"; выявы, якая нагадвае пысу мышы; выявы чырвонай паласы.
Таксама іх абвінавацілі ў псаванні 26 кастрычніка 2020 года з 12-й гадзіны ночы да 9.15 раніцы фарбамі белага і чырвонага колераў дзвюх плотавых жалезабетонных панэляў шляхам нанясення надпісаў "КАЖДЫЙ ДЕНЬ", "ПОСТАВЫ НЕ СДАЛИСЬ", "БОЙ НЕ ОКОНЧЕН", "НАШ БОЙ", "ПЕТУХИ КО-КО-КО, КО-КО-КО", "3%"; выявы, якая нагадвае твар чалавека з усмешкай, — "смайл"; выявы чырвонай паласы на дзвюх апорах лініі электраперадачы і чатырох выяваў БЧБ-сцягоў на гаражах спажывецкага кааператыва "Суббуд".
Ігара Павініча таксама абвінавацілі ў псаванні 27 верасня 2020 года 13 плотавых жалезабетонных панэляў шляхам нанясення надпісу "УХОДИ"; абведзеных у кола "ПЗ", "НЕ БЫЦЬ СКОТАМ", "3%"; графічнай выявы чырвонай паласы і іншых нявызначаных следствам надпісаў і выяваў, чым нанёс наўмысную шкоду УП ЖКГ Пастаўскага раёна на суму 438 рублёў 83 капейкі і ААТ "Пастаўскі льнозавод" — на суму 35 рублёў 84 капейкі. Агулам — на суму 476 рублёў 67 капеек.
Акрамя гэтага, Ігара абвінавацілі ў нанясенні 26 кастрычніка 2020 года на прыпынку ў Паставах надпісу "ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ" і выявы сэрца, на іншым прыпынку — надпісу "ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ", а таксама надпісу ў выглядзе зверху літары "О" літары "А", "3%", і выявы, якая складаецца з трох роўнавялікіх гарызантальных палос, пасярэдзіне чырвонага колеру. Таксама Ігара абвінавацілі ў нанясенні на будынку крамы "Фруці" надпісаў: "МЫ НЕ НАРОДЕЦ", "НЕ КАЛЕЧЬ НАРОД", "3%"; і выявы чырвонай паласы на размешчанай побач апоры лініі электраперадач. Акрамя гэтага, Павініча абвінавацілі ў псаванні 24 секцый плота шляхам нанясення на іх графічнага малюнку чырвонай паласы, трох апор лініі электраперадач — праз намаляваную на іх выяву чырвоную паласу, чым ён нанёс маёмасную шкоду ЖКГ Пастаўскага раёна на суму 107 рублёў 26 капеек, майстру ЖКГ Стоціку — на суму 8 рублёў, гаспадыні крамы "Фруці" Кабятковай — на суму 57 рублёў 80 капеек. У выніку — на агульную суму 623 рублёў 6 капеек.
Прыйшоў у РУУС як сведка — выйшаў праз трое сутак з яўкай з пакаяннем. Што казалі абвінавачаныя на судзе?
Ігар Павініч прызнаў віну ва ўсім, акрамя "нанясення сэрцайкаў на прыпынку каля СШ №3":
"Гэта не наша, астатняе ўсё наша".
Дзмітрый Павініч таксама прызнаў віну па ўсіх эпізодах, акрамя сэрцайкаў на прыпынку.
Павел Цапелік прызнаў віну часткова, таму што "сэрцайкі не іх".
У матэрыялах справы ёсць яўка з пакаяннем Ігара Павініча. Ён растлумачыў на судзе, як яна з'явілася. 6 траўня 2021 года яго з братам выклікалі ў якасці сведак на допыт — у той момант крымінальнай справы супраць іх не было. Але Павел не знаходзіўся ў Паставах, таму Ігар пайшоў на допыт адзін. Суддзя спытаў, як у такім разе з'явілася яўка з пакаяннем:
— У вас спыталі, ці вядома што-небудзь, і вы прызналіся?
— Так.
— Добраахвотна?
— Так.
— Што вас схіліла прызнацца?
— Сумленне.
Вядома, што Ігара Павініча і Паўла Цапеліка затрымлівалі на трое сутак з 6 па 9 траўня 2021 года. Дзмітрыя не затрымлівалі да суда.
Ігар на судзе расказаў, што ідэя наносіць пратэсныя надпісы і малюнкі ў горадзе была сумеснай з іншымі абвінавачанымі. Згодна з ягонымі словамі, яны часта разам збіраюцца і аднойчы вырашылі ўзяць балоны і пайсці маляваць. Надпісы рабілі ў сувязі з нязгодай з выбарамі 2020. Калі ішлі маляваць, то апраналіся ва ўсё чорнае, "каб было непрыкметна".
Павел Цапелік на судзе расказаў:
"Тое, як гэта гучала, як быццам мы планавалі штосьці чорт ведае колькі… Мы з сябрамі збіраліся ў мяне дома. Бо мне пашанцавала з сябрамі, і мы вельмі дружныя з самага дзяцінства, і мы збіраемся ледзь не штодня паглядзець футбол, ці мала яшчэ штосьці яшчэ ў гэтым духу. Разам з братамі Павінічамі увесь час [збіраемся], ледзь не кожны дзень. Таму не было нейкай хатняй нарыхтоўкі, што планавалі нейкае там такое дзеянне. Так склалася проста. Каб адмыслова сабрацца і ісці кудысьці маляваць — такога не было. І да ўсіх гэтых падзеяў збіраліся, і пасля гэтых падзеяў збіраемся дагэтуль, паколькі мы сябруем з дзяцінства.
З нагоды фарбы. Мы і праўда не збіраліся яе загадзя купляць. Усё супала, што мы паехалі ў Глыбокае і купілі. Не было так запланавана. Мэтанакіравана мы туды не ехалі па фарбу. Магчыма, гэта быў "Святлафор". Лагічна было: каб у Паставах не "спаліцца", мы купілі там фарбу.
Як звычайна, мы сядзелі ў мяне дома, глядзелі штосьці, я не памятаю што. Гаворка зайшла, як заўсёды, пра палітыку. Гэта было вельмі актуальна. Напружанае становішча, яно асвятлялася абсалютна з любога праса. Я не памятаю, што папярэднічала менавіта гэтай падзеі, але мы неяк сабраліся і вырашылі, што фарба ёсць, чаму б і не памаляваць? Не дамаўляліся мы ні пра што — хто будзе маляваць, што будзе маляваць, дзе. Усё было суперспантанна. Проста абгаворана, што трэба неяк перапрануцца "бяспалеўна" ва ўсё чорнае, уключаючы маскі".
На працэсе Павел сказаў, што да яго не ўжываўся гвалт і падчас следства ўсе паказанні ён даваў добраахвотна:
"Нас ніхто не біў, не раздзіраў і не катаваў. Такога нічога не было. Ціску не было".
З паказанняў Павініча падчас судовага следства стала вядома, што азначае надпіс "ПЗ" у коле.
"Я прыдумаў гэты свой аўтограф з Дзімам, што азначала "партызаны".
Замалёўвалі а 5-й раніцы, каб "надпісамі людзей не хваляваць". Допыт пацярпелых і сведак
На судзе дапыталі ў якасці пацярпелага майстра па добраўпарадкаванні ЖКГ Аляксандра Стоціка, які асабіста зафарбоўваў некаторыя надпісы. На судзе ён расказаў, што падчас выбараў прэзідэнта супрацоўнікі РУУС прасілі супрацоўнікаў ЖКГ забяспечыць захаванасць маёмасці горада: "Не дапусціць беспарадкаў, дзе што-небудзь бачылі — прасілі гэта выдаляць: зафарбоўваць, замалёўваць". Згодна са словамі майстра на судзе, у ягоныя абавязкі ўваходзіла выправіць тое, што пабілі, паламалі, пафарбавалі.
На працэсе Стоцік падрабязна распавёў, як зафарбоўваў надпісы. Паводле яго слоў, часам яму даводзілася зафарбоўваць надпісы сваёй асабістай фарбай, як гэта здарылася з надпісамі "Мы не народец" і "3%":
"Другі раз давялося зафарбоўваць са сваіх [грошай], таму што гэта была 5-я раніцы і не было магчымасці ўзяць фасаднай фарбы. Мне патэлефанавалі і папрасілі зафарбаваць да пачатку працоўнага дня, каб надпісамі людзей не хваляваць".
На судзе ў якасці сведкі дапыталі дырэктара Пастаўскага льнозавода Івана Машлякевіча. Ён таксама распавёў, як даводзілася зафарбоўваць на заводзе пратэсныя надпісы. Машлякевіч не змог адказаць на судзе, ці была кампенсаваная заводу шкода, хоць, паводле матэрыялаў справы, яна пакрытая цалкам.
Таксама на працэсе дапыталі старшыню гаражнага кааператыва, які расказаў пра нанясенне надпісаў на гаражах. Ён згадаў, што ўчастковы звярнуўся з просьбай праглядзець відэаматэрыялы ў паказаную ім дату.
"Глядзелі-глядзелі і штосьці знайшлі. Наколькі я памятаю, твараў не было бачна, толькі сілуэты, а там, напэўна, тэхніка ёсць у РУУС, і яны змаглі разгледзець бліжэй".
Дык а што з сэрцайкамі?
Усе тры абвінавачаныя адмаўлялі, што сэрцы намаляваныя імі. Як растлумачыў на судзе Дзмітрый Павініч, сэрцы былі намаляваныя сіняга колеру, а ў іх такога колеру фарбы не было. Акрамя таго, са слоў Ігара, выява сэрцаў была нанесеная да верасня 2020 года.
Чым усё скончылася?
Падчас судовых спрэчак дзяржабвінаваўца Ігар Ластоўскі папрасіў суд прызнаць усіх траіх абвінавачаных вінаватымі паводле арт. 341 КК і аштрафаваць братоў Ігара і Дзмітрыя Павінічаў на 300 і 250 базавых велічынь адпаведна, а Паўла Цапеліка — на 300 базавых. Прысуд практычна не адрозніваўся ад прапановы пракурора: Ігар Павініч аштрафаваны на 300 базавых велічыняў (9600 рублёў), Дзмітрый Павініч — на 240 базавых (7680 рублёў), Павел Цапелік — на 290 базавых (9280 рублёў).