Суд па справе палітвязня Аляксандра Васілевіча зрабілі закрытым
Суд па справе палітвязня Аляксандра Васілевіча зрабілі закрытым "у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншых падахоўных законам таямніц", паведамляе "Медыязона".
Па словах суддзі Марыны Фёдаравай, пры разглядзе крымінальнай справы будуць закранацца пытанні фінансава-гаспадарчай дзейнасці іншых суб'ектаў гаспадарання, указаных у абвінавачванні.
Нагадаем, Васілевіча абвінавачваюць паводле ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса. Ад затрымання да суда ён правёў за кратамі 514 дзён: яго затрымалі 28 жніўня 2020 года. Ягоную справу разглядаюць у судзе Савецкага раёна Мінска.
Аляксандр Васілевіч — бізнэсмэн, сузаснавальнік анлайн-выданняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў. Летам 2020 яго затрымлівалі двойчы. Першы раз — калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыка. Тады паход у афіцыйную ўстанову скончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак, нібыта ён "актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу" і крычаў: "Свабоду Бабарыку!"
Аляксандр з пратаколам не пагадзіўся, адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 28 жніўня прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У яго кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, былі праведзеныя ператрусы.
4 верасня Васілевічу было прад'яўленае абвінавачванне. У якасці падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча — Надзея Зелянкова. Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, 2 снежня 2020 года ў іх нарадзілася дачка Уршуля. З-за кратаў ён напісаў для дачкі кнігу казак пра сябе, пінгвіна і турму. Жонка выдала электронную версію гэтай кнігі для вольнага распаўсюду. У 2021 годзе з гэтым творам ён стаў адным з пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.