Затрыманні і ператрусы: хроніка пераследу 15-18 студзеня Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 15-18 студзеня працягваецца затрыманне грамадзян і правядзенне ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 18 студзеня
Берасцейская актывістка Алена Гнаўк тыдзень трымае галадоўку ў Пружанскім ІЧУ
Пра гэта паведамляюць яе дзеці ў Instagram. Нагадаем, яе арыштавалі на 15 сутак за парушэнне рэжыму "хатняй хіміі". Алене не перадаюць перадачы, а таксама забаранілі чытаць і пісаць. Такое рашэнне прыняў начальнік ІЧУ.
Стан яе здароўя пагоршыўся, а ў суботу ёй выклікалі хуткую дапамогу.
Праваабаронцу Алесю Капуцкаму прысудзілі чарговыя 15 сутак арышту. Ён правядзе за кратамі 45 дзён
18 студзеня адбыўся суд над праваабаронцам з Маладзечна Алесем Капуцкім, якога не выпусцілі па 30 сутак арышту. Па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) яго ў трэці раз пакаралі 15-сутачным арыштам.
Падтрымайце Алеся лісты і паштоўкі салідарнасці: Маладзечанскі ІЧУ,222310, Маладзечна, Галіцкага, 23, Аляксандру Капуцкаму
Пераслед 15-17 студзеня
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся новых тэлеграм-каналамі і чатамі: тг-чат "Ruzhany 97", тг-канал "Вольная Ольшанка", тг-чат "Независимый профсоюз Гомеля", тг-чат "МНПЗ-97" і іншыя.
Раніцай 17 студзеня ў Мінску затрымалі Віталя Жылінскага. На яго апранулі кайданкі і затрымалі. У межах арт. 342 Крымінальнага кодэкса яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Праваабаронца Алесь Капуцкі не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту
Праваабаронцу з Маладзечна Алеся Капуцкага затрымалі 17 снежня ў Маладзечна. На яго склалі пратакол па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), а потым арыштавалі на 15 сутак. Алесь мусіў выйсці на волю 1 студзеня, але на яго склалі новы пратакол. 31 снежня над праваабаронцам адбыўся суд. Яго пакаралі чарговым 15-сутачным арыштам.
На праваабаронцу склалі адміністрацыйны пратакол па арт. 19.11 КаАП. Суд нам ім чакаецца 18 студзеня.
Палітвязня Вадзіма Гурмана, які мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, змясцілі ў ПКТ на 5 месяцаў
Па інфармацыі праваабаронцаў, на палітвязня Вадзіма Гурмана ў папраўчай калоніі №9 аказваецца ціск. Яго часта змяшчаюць у ШІЗА і пазбаўляюць перадач. Таксама на 5 месяцаў яго змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), дзе ён будзе сядзець адзін. У гэты перыяд яму забаронена атрымоўваць пасылкі і перадачы, мець званкі і спатканні з роднымі.
Акрамя гэтага, у палітвязня сур’ёзныя праблемы са зрокам: неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абследаванні, інакш да 30 год яму прагназавалі поўную слепату. Таму Гурману патрэбен дагляд і медыцынская дапамога.
Нагадаем, што палітвязня абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 і арт. 364. Пасля затрымання ў Маладзечне Вадзіма моцна збівалі і пагражалі згвалтаваннем. Палітвязню прысудзілі 3,5 гады калоніі.
Падтрымайце Вадзіма: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Алене Гнаўк на "сутках" забаранілі перадачы, чытаць і пісаць
Пра гэта паведамілі дзеці актывісткі Алены Гнаўк з Брэста на яе старонцы ў Фэйсбуку. Алене Гнаўк забараняюць перадаваць перадачы, забараняюць чытаць і пісаць. Такое рашэнне прыняў начальнік РАУС Пружан, гаворыцца ў паведамленні. Такое рашэнне прыняў начальнік РАУС Пружан, гаворыцца ў паведамленні.
Актывістку з Берасцейшчыны Алену Гнаўк 11 студзеня 2022 года арыштавалі на 15 сутак за парушэнне рэжыму «хіміі». Жанчыну пакаралі за адміністрацыйнае правапарушэнне з бчб-мяшкамі, за якое яна ўжо адседзела трое сутак і атрымала штраф у 50 базавых велічынь.
На волю Алена Гнаўк павінна выйсці 25 студзеня.
На бацькоў абаронцы дубоў Аляксандра Дземчука аказваецца ціск
На бацькоў Аляксандра Дземчука, які адбывае 30-суткавы арышт за спробу абараніць старажытныя дубы ў вёсцы Ахова, аказваецца ціск. Перадусім сваякоў запужваюць тым, што кантакты з грамадскай супольнасцю толькі нашкодзяць. Таксама, па папярэдніх звестках, Дземчука ўжо звольнілі з пасады дырэктара Ахоўскага Дома культуры.
Напрацягу мінулага года Дземчук з вяскоўцамі-аднадумцамі дабіваўся захавання 300-гадовых дубоў на ахоўскіх могілках. Іх прызналі надзвычай аварыйнымі, і мясцовыя ўлады прынялі рашэнне зрэзаць дрэвы. 22 снежня, калі справа дайшла да ліквідацыі, Дземчук паспрабаваў перашкодзіць камунальнікам, за што і быў затрыманы міліцыянтамі.
Грамадскае аб'яднанне «Звяно» канчаткова ліквідаванае
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле пастанову пра ліквідацыю аб'яднання. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла дырэктарка «Звяна» Таццяна Гацура-Яворская:
«Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што мы займаліся дыскрэдытацыйнай і экстрэмісцкай дзейнасцю і пакінуў скаргу без задавальнення. "Звяно" ліквідаванае».
Ілля Вайцяховіч, якога затрымалі, калі ён ехаў на пахаванне бацькі, стаў падазраваным па крымінальнай справе
36-гадовага сына вядомага бізнесмена затрымалі 16 студзеня на мяжы, калі ён спрабаваў уехаць у Беларусь з Рыгі, каб патрапіць на пахаванне свайго бацькі Эдуарда Вайцяховіча.
"На мяжы доўга не ўпускалі, прыехаў праз 3 гадзіны ГУБАЗіК з Мінска, затрыманы за прапаганду антыдзяржаўнай дзейнасці. Цяпер на Акрэсціна", – паведамілі знаёмыя Reform.by.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», Іллю Вайцяховіча змясцілі на Акрэсціна. Мужчына стаў падазраваным па крымінальнай справе. Яго падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, верагодная прычына — фота і відэа з мітынгаў. Дакладны артыкул КК, па якім праходзіць Ілля, пакуль невядомы.
У Гродне затрымалі 36-гадовага Валерыя Уса
У «пакаяльным відэа» мужчына сказаў, што пасля выбараў выходзіў на масавыя пратэсты, а таксама на адной назе набіў татуіроўку ў выглядзе слова «Жыве», на другой – «Беларусь».
Затрымалі яго за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках, піша @nebovkletku.
Палітвязня Паўла Пяскова змяшчаюць у ШІЗА
Палітзняволены Павел Пяскоў, якога асудзілі за патасоўку з ампапаўцамі ў Маладзечне, у лісце на волю паведаміў, што яго павінны змясціць у ШІЗА. Ліст быў напісаны 12 студзеня, але тэрмін пакарання невядомы.
«Сегодня я ограничен во времени, а завтра дописать письмо я уже походу не смогу. Благодаря моим взглядам и принципам, видимо, завтра я отправляюсь в ШИЗО», — напісаў палітвязень у лісце.
Нагадаем, Павел Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасля выбараў 2020 года. Яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту (ч. 2 арт. 363 КК) на акцыі 19 чэрвеня 2020 года ў г. Маладзечна, на якой амапавец дастаў пісталет. Паўлу прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калоніі.
Падтрымайце палітвязня: ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Павел Андрэевіч Пяскоў
Затрымалі жыхара вёскі Церуха Мікалая Віцікава
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра ператрус 14 студзеня і затрыманне жыхара вёскі Церуха (Гомельскі раён) Мікалая Віцікава. Зараз мужчына знаходзіцца ў ІЧУ. Папярэдне, зараз стаіць пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы за распальванне варожасці. Па словах родных, праблемы ў мужчыны пачаліся пасля яго ліста ў раённую газету «Маяк» з нагоды абмеркавання новай Канстытуцыі.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.