"Удзельнічаў у масавых беспарадках": берасцейца асудзілі да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма
13 студзеня 2022 года 23-гадовага жыхара Брэста Станіслава Несцярука асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле ч.2 арт.293.
Справу разглядзела суддзя Кацярына Рамашка, пазіцыю дзяржабвінавачання падтрымліваў старшы памочнік пракурора Брэсцкага раёна Наталля Шастачук.
У чым прызналі вінаватым?
Несцерука прызналі вінаватым у тым, што 10-11 жніўня 2020 года ён разам з іншымі людзьмі ўдзельнічаў у “масавых беспарадках” на вуліцах Брэста, таму што не быў згодны з вынікамі выбараў. Абвінавачанне было ўпэўненае, што Несцярук і іншыя “наносілі ўдары супрацоўнікам УУС рукамі, нагамі, палкамі, сметнікамі, фрагментамі лавак, тратуарнай пліткай і асфальтам, бутэлькамі і камянямі, металічнымі балтамі, ёмістасцямі з фарбай, петардамі, дымавымі шашкамі, феерверкамі, запаленымі паходнямі”. Яны ж “хапалі супрацоўнікаў за за формавую абмундзіроўку, распылялі ў іх з нявызначаных прылад раздражняльныя рэчывы”. Таксама яны “наўмысна знішчалі тратуарную плітку, рашоткі дажджапрымальных калодзежаў, дрэвы, калы для падвязкі дрэваў”. Падчас ужывання гвалты да супрацоўнікаў АУС “пашкоджвалі шчыты, каскі, ахоўныя шчыткі, бронекамізэлькі, а таксама транспартныя сродкі АУС і іншую маёмасць”.
Менавіта Станіслава Несцярука абвінавацілі ў тым, што ён наўмысна разбіваў тратуарную плітку, вырабляючы “сродкі злачынства”. Таксама, згодна з абвінавачаннем, ён прычыніў фізічную шкоду “у выглядзе двух ран у вобласці першага пальца правай кісці” Ігару Калягіну, нанёс “пабоі” іншым пацярпелым.
У выніку дзеянняў была вылічаная шкода некалькім прадпрыемствам у памеры амаль на 45 тысяч рублёў : 28 тысяч 304 рублі 67 капеек – УУС Брэсцкага аблвыканкама, 497 рублёў 98 капеек – Дэпартаменту аховы МУС, 787 рублёў 79 капеек – Брэсцкаму аўтобуснаму парку, 5219 рублёў 16 капеек – Брэсцкай ДЭП, 5712 рублёў 10 капеек – ВКУП “Камунальнік”, 2438 рублёў 12 капеек – ААТ “Даная”. Сумы трох апошніх шкод разлічаныя з улікам панесеных выдаткаў на ліквідацыю пашкоджанняў. Таксама быў пашкоджаны аўтамабіль пацярпелага Саўчука на суму 350 рублёў.
Пацярпелыя – 15 чалавек
Пацярпелымі па справе прызнаныя 15 чалавек. Гэта Сяргей Каліноўскі, Сяргей Кулік, Антон Шаўчук, Васіль Рогаў, Бескалінаў, Крэнь, Віталь Гурскі, Вадзім Мікалаевіч Якімашка і Віталь Мікалаевіч Гапонік, а таксама Мікалай Караткевіч, Андрэй Маруцік, Яўген Курпатаў, Аляксандр Занько, Шаўцова, Пятрова: да іх шасцярых былі прынятыя меры па забеспячэнню бяспекі.
На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскіх пазоўнікаў ад УУС Брэсцкага аблвыканкама, дэпартамента аховы МУС, брэсцкага аўтобуснага парку, а таксама ВКУП “Камунальнік”, Брэсцкага ДЭП: Базылін, Вайцюк, Гаўрыленка, Крысюк, Падапешкіна. Дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства адмовілася ад сваіх пазоўных патрабаванняў, таму што шкода была пакрытая іншымі абвінавачанымі цалкам.
Што казаў абвінавачаны?
Станіслава Несцярука затрымалі 15 верасня 2021 года. Ён прызнаў віну цалкам. Станіслаў распавёў, што ў тэлеграм-каналах прачытаў, што людзі будуць збірацца ўвечары, і прапанаваў жонцы паехаць. На вул. Савецкай было шмат людзей, якія паводзілі сябе неагрэсіўна. Спачатку ён здымаў на тэлефон тое, што адбываецца, бо такое ў Брэсце было ўпершыню. Калі людзі сталі кідаць сметнікі, Станіслаў пачаў адыходзіць у бок.
“Я стаяў на тратуары і здымаў на тэлефон, – распавёў ён. – Да мяне нехта падбег і сказаў, каб я хоць нешта зрабіў. Я зрабіў, каб мяне не чапалі. Я баяўся. Я кінуў камяні. Я гэта зрабіў. Пасля нешта трапіла ў маю жонку. Яна атрымала траўму”. Пасля пытанняў пракурора ён удакладніў, што падняў два камяні і ўжо дэмантаваны кусок пліткі і кінуў на адлегласці паўметра ад сябе. Таксама ён адзначыў, што адмаўляў шматлікія моманты ў абвінавачанні: разбітыя машыны і напады на супрацоўнікаў, бо хоча адказваць толькі за тое, што зрабіў.
Падчас следства Несцеруку паказалі відэа з падзей 10 жніўня, на якім ён пазнаў сябе.
Што казалі пацярпелыя?
Пацярпелыя распавялі, што яны выконвалі службовыя абавязкі па ахове грамадскага парадку, некаторыя заяўлялі, што на месцы падзей у адносінах да іх не ўжываўся фізічны гвалт, але пагрозы ўспрымаліся як рэальныя. 22-гадовы супрацоўнік УУС Маскоўскага раёна Брэста Вячаслаў Прэнь распавёў, што на месцы падзей адчуў удар па службовым аўтамабілі, а калі выйшаў даведацца, хто гэта зрабіў, яго схапілі за руку і сарвалі пагон. Пасля таго, як яны захацелі затрымаць парушальнікаў, машыну білі кулакамі, нагамі і палкамі, і пашкодзілі яе. Таксама крыху пазней ён зразумеў, што з яго знялі радыёстанцыю. Цялесных пашкоджанняў ён не меў – наколькі яму вядома, гэтак жа, як і іншыя пацярпелыя. Абвінавачанага ён не пазнаў, прэтэнзій да яго не меў.
72-гадовы Вадзім Якімашка зараз пенсіянер МУС, на момант падзей быў супрацоўнікам Маскоўскага РУУС Брэста і знаходзіўся побач з Прэнем і Стрычко. Ён пацвердзіў аповед калегі і таксама не памятаў абвінавачанага.
29-гадовы Віталь Густ – супрацоўнік Ленінскага РУУС Брэста. Ён бачыў, як людзі дзейнічалі агрэсіўна ў бок 25-30 чалавек супрацоўнікаў на праезнай частцы. Тады іншыя супрацоўнікі ланцугом рушылі ў бок пратэстоўцаў, у гэты момант ён адчуў боль у правай ступні – ноччу, калі “масавыя беспарадкі і служба закончыліся”, ён звярнуўся да лекара, дзе ў яго дыягнаставалі ўдар. Хто трапіў яму па назе, ён не бачыў.
52-гадовы Віталь Гапонік – супрацоўнік органаў унутраных спраў. На месцы падзей у ягоны шлем трапіла “нешта белага колеру”, потым у ягоныя вочы трапіла вадкасць з бутэлек, якой размахвалі два чалавекі на месцы здарэння. Лекары дыягнаставалі ў яго хімічны апёк першай ступені, на бальнічным ён не знаходзіўся, зараз са зрокам у яго ўсё ў парадку.
Аляксандру Саўчуку нехта кінуў у ногу кавалак тратуарнай пліткі, аднак ён не бачыў, хто яе кінуў. У выніку гэта апынулася моцным ударам ступні. Іншых траўмаў у яго не было, але ён адчуў “рэальную пагрозу для жыцця”.
Ніхто з іх не заяўляў пазовы.
Пракурорка Шастачук запрасіла для Несцярука пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі узмоцненага рэжыму. Суддзя Кацярына Рамашка пагадзілася з гэтым тэрмінам.