Яшчэ аднаго мінчука асудзілі да "хіміі" паводле падзей у жніўні 2020 года
11 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў 22-гадовага мінчука Мікіту Навакоўскага вінаватым паводле ч.1 арт.342 і асудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Выязное паседжанне адбылося ў будынку Ленінскага РУУС. Да суда ў дачыненні да мужчыны была прынятая мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.
Справу разгледзела суддзя Марына Клімчук.
Пракуратура Ленінскага раёна закончыла расследаванне ў пачатку месяца. Мікіту Навакоўскага прызналі вінаватым у грубым парушэнні грамадскага парадку ў Мінску ў жніўні 2020 года: у ноч з 9 на 10 жніўня і 30 жніўня. Згодна з тэкстам абвінавачання, ён разам з іншымі людзьмі рухаўся па праезнай частцы дарогі па праспектам Незалежнасці, Машэрава, Пераможцаў, а таксама вуліцы Гарадскі Вал. Гэтым ён нібыта блакаваў шлях транспарту — у тым ліку, "счэпкай локцямі" — і тым самым спыніў яго. Падчас падзей абвінавачаны таксама не рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць "супрацьпраўныя дзеянні".
Бок абвінавачання падкрэсліваў, што дзеянні Мікіты "пацягнулі за сабой працяглае парушэнне грамадскага спакою, абмежавалі права іншых грамадзян на спакойную працу, адпачынак, свабоднае перамяшчэнне, а таксама перашкаджалі нармальнай працы КТУП "Мінсктранс".
Пазоў транспартнага прадпрыемства можа быць разгледжаны ў грамадзянскім парадку.