Тры крымінальныя артыкулы і шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за паведамленні ў тэлеграм-канале
Гродзенскі абласны суд разгледзеў справу па некалькіх крымінальных артыкулах у дачыненні да 33-гадовага Валянціна Панасіка.
Справу разглядаў суддзя Валерый Раманоўскі і два народныя засядацелі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Валерый Варанцоў.
Валянціна Панасіка затрымалі яшчэ 5 жніўня 2021 года. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні трох крымінальных злачынстваў — паводле ч. 1 арт. 293 ("Масавыя беспарадкі"); паводле ч. 1 арт. 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы") і паводле ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх").
Прычынай для завядзення гэтых крымінальных спраў паслужылі каментары Панасіка, якія ў жніўні і верасні 2020 года ён напісаў у тэлеграм-канале "Гродно 97%".
На думку праваабаронцаў, справа Валянціна Панасіка не самая тыповая. Мужчына заявіў аб ужыванні да яго гвалту з боку праваахоўнікаў падчас затрымання, адмовіўся ад дачы паказанняў падчас судовага пасяджэння, адвакат абвінавачанага заявіў, што, як мінімум, абвінавачванні паводле арт. 130, прад'яўленыя Панасіку, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, а доказаў ягонай віны ў матэрыялах справы так і не было знойдзена. Але ніякія з гэтых акалічнасцяў і аргументаў суд не ўлічыў.
Абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 293 ("Масавыя беспарадкі") бок абвінавачвання сфармуляваў наступным чынам:
"Наўмысна здзейсніў падрыхтоўку да дзеянняў, накіраваных на арганізацыю асабліва цяжкага злачынства — масавых беспарадкаў, узбуджаючы ў карыстальнікаў месенджара Telegram рашучасць удзелу ў масавых беспарадках, маючы намер справакаваць уцягванне натоўпу ў масавыя беспарадкі, якія суправаджаюцца пагромамі, падпаламі, знішчэннем кіёскаў "Табакерак" па продажы тытунёвых вырабаў і іншых тавараў, што належаць ЗАТ "Энергаойл"; размясціў у чаце ў вольным доступе для публічнага прагляду іншымі карыстальнікамі экстрэмісцкія паведамленні, здзейсніўшы такім чынам дзеянні, накіраваныя на прышуканне асобаў дзеля ўдзелу ў здзяйсненні масавых беспарадкаў, давядучы да неабмежаванага кола карыстальнікаў план здзяйснення злачынства з указаннем канкрэтных аб'ектаў злачыннага замаху і часу здзяйснення злачынства, стварыў умовы для яго здзяйснення іншымі асобамі, жадаючы надыходу негатыўных наступстваў. Не прымаў мер па выдаленні паведамленняў з чата, пры гэтым не давёў свой злачынны намер да канца з акалічнасцяў, якія не залежаць ад ягонай волі, паколькі ягоная дзейнасць была перарваная супрацоўнікамі праваахоўных органаў".
У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра наступныя паведамленні, якія Валянцін Панасік напісаў у тэлеграм-канале "Гродно 97%": "можно кстати начать с поджога "Табакерок", там же камер нету вроде как"; "херачим табакерки по ночам, давно пора убрать их с улиц, заодно и потренируемся в диверсии".
Абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы") былі сфармуляваныя так:
"З мэтай публічнага ўздзеяння на свядомасць, узбуджэнне варожага стаўлення да прадстаўнікоў груп, якія вылучаюцца па прыналежнасці да вызначанай сацыяльнай групы па прыкмеце прафесіі, а менавіта супрацоўнікаў ОУС, з 11 жніўня па 27 верасня 2020 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу, падбухторваючы сваімі дзеяннямі неабмежаванае кола карыстальнікаў месенджара Telegram да дыскрымінацыі супрацоўнікаў ОУС, узнікнення варожасці да іх, знявагі іх гонару і годнасці, падрыву даверу, узмацнення нецярпімасці, фармуючы антыпатыю, агіду і нянавісць да праваахоўнай сістэмы, размясціў агульнадаступныя экстрэмісцкія паведамленні і каментары, што ўтрымліваюць негатыўную ацэнку групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце "супрацоўнікі міліцыі", якія змяшчаюць выказванні заахвочвальнага характару, заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў і дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы іншай групе, аб'яднанай па прыкмеце "супрацоўнікі міліцыі".
Гаворка ідзе пра наступныя каментары Панасіка: "нужно собраться и отмудохать", "ну а как вбить в голову людям, что если сотрудник не предъявляет корочку, можно заехать по тыкве. Много пацифистов у нас", "да, и оттаптывать им кисти рук, чтобы дубину больше не смогли взять в руки", "кости срастутся, для работы с плугом кривые руки сойдут", "помните, на весь город всего сто карателей, остальные местные менты ссыкуны", "если соберем пятьдесят фанатов, есть план, как ушатать автозак", "есть конкретный план, ушатать автозак — это деньги. ОМОН им не жалко, но при желании есть план, как их обоссать, но времени много займет и небезопасно для нас", "овощной рынок под охраной ментов, овощи охраняют овощи".
Абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх") прагучала наступным чынам:
"З мэтай падахвочвання ў неабмежаванай колькасці карыстальнікаў месенджара Telegram пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах размясціў агульнадаступныя экстрэмісцкія паведамленні і каментары: "согласен, а ипэшники пусть становятся с нами или возьмут выходной, народу войну объявили, чёрт подери, всех жалко, но можно было бы порешать всё за один день, выйди нас достаточно, а не пятьсот как девятого августа", "если подъезжают менты — сваливать в другое место, если менты уходят — возвращаться, к нам не применимо увы. Если подъедут пару человек — заберут точно, если не отбивать. Без применения силы с нашей стороны нас сольют", "Азот" в пять не хотите овациями сходить поддержать".
Таксама Валянціну Панасіку ставілася ў віну тое, што 12 жніўня 2020 года ён прыехаў на праспект Касманаўтаў у Гродне, зняў на відэа ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і, па сцвярджэнні дзяржабвінавачвання, загрузіў гэтае відэа ў інтэрнэт, пракаментаваўшы наступнымі паведамленнямі: "все на автик, тут праздник", "кто дома, тот Лукашенко", "заснял, как на автике отбили мужика, мы молодцы", "кто еще не на автовокзале, тот, ребята, пятьдесят пять два нуля, вас очень не хватает", "кто может, живо на автовокзал, тут все и начнется", "автовокзал".
Абвінавачаны паведаміў пра катаванні з боку міліцыі
Сам Валянцін Панасік сваю віну не прызнаў. Ад дачы паказанняў мужчына адмовіўся. Растлумачыў толькі, што не знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення ўвесь перыяд, паказаны ў абвінавачванні.
У выніку дзяржабвінаваўца зачытваў паказанні абвінавачанага, якія той даў падчас папярэдняга следства. У іх свае ўчынкі і паведамленні Панасік тлумачыў тым, што быў абураны празмерным беспадстаўным гвалтам з боку супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да грамадзянаў, якія прымалі ўдзел у пратэстах.
У пратаколе допыту ад 5 жніўня (у той дзень Валянціна Панасіка затрымалі), абвінавачаны заявіў следчаму аб ужыванні ў дачыненні да яго гвалту.
Прыводзім цытату з пратаколу допыту Валянціна Панасіка за 5 жніўня 2021 года:
"Хачу пазначыць, што падчас правядзення ператрусу па месцы майго жыхарства супрацоўнікі, якія праводзілі ператрус, зняважылі мяне. А менавіта абражалі, называлі мяне апушчаным, дзіравым, педзікам, гомікам, казалі "валі ў Польшчу". Таксама, каб атрымаць пароль ад майго мабільнага тэлефона, двое супрацоўнікаў міліцыі ў чорных кепках і майках наносілі мне ўдары далонямі па твары. Нанеслі мне не менш за чатыры ўдары далонямі, адзін удар кулаком у вобласць правага вока. Пасля гэтага я назваў ім пароль ад свайго мабільнага тэлефона, а менавіта графічны ключ, які назваць падчас допыту адмаўляюся. Супрацоўнікі, якія наносілі ўдары па твары, мне невядомыя, я іх не запомніў. Калі я ляжаў на падлозе, супрацоўнік, які быў з аўтаматам, адмыслова наступіў мне на вялікі палец правай кісці, а менавіта наступіў нагой і паступова націскаў мацней. Дадзеныя гэтага супрацоўніка мне невядомыя. Лічу, што падставаў ужываць у дачыненні да мяне сілу і абражаць мяне не было. Прашу правесці праверку па факце ўжывання ў дачыненні да мяне сілы і правесці ў дачыненні да мяне судова-медыцынскую экспертызу на прадмет наяўнасці целавых пашкоджанняў. У аднаго з супрацоўнікаў, якія праводзілі ў мяне ператрус, быў відэарэгістратар, які мог працаваць і зафіксаваць ужыванне ў дачыненні да мяне гвалту".
Пасля агучвання пратаколу допыту суддзя звярнуўся да ўдзельнікаў працэсу з просьбай агучыць пытанні па абвешчаных паказаннях.
Дзяржабвінаваўца ўдакладніў у абвінавачанага, ці сапраўды ён даваў гэтыя паказанні, і калі так, ці даваў ён іх добраахвотна і ў прысутнасці абаронцы, ці адпавядаюць яны рэчаіснасці. Валянцін Панасік адказаў на гэтыя пытанні сцвярджальна і сказаў, што даваў тыя паказанні ў прысутнасці іншага абаронцы.
"Тут не задаваліся пытанні па тых фразах, якія ўтрымоўваюцца ў абвінавачванні, — вы памятаеце, якія вы пісалі паведамленні?" — задаў пытанне пракурор.
Абвінавачаны адказаў, што ў яго не такая фенаменальная памяць, каб праз больш як год узнавіць паведамленні, пакінутыя ім у чаце.
Падчас абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы стала вядома, што па факце звароту Валянціна Панасіка з нагоды жорсткага абыходжання да яго Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Пракурор паведаміў аб наяўнасці абцяжваючых акалічнасцяў
Падчас судовага разгляду па хадайніцтве абароны дзеля забеспячэння роўнасці бакоў была дапытаная дзяржаўная судовая экспертка Алена Фіялава, якая рабіла заключэнне па выказваннях абвінавачанага. Экспертка растлумачыла, што, паводле методыкі, паведамленні абвінавачанага былі аб'яднаныя ў адзін тэкст і даследаваліся ў кантэксце іншых паведамленняў.
Падчас спрэчак дзяржабвінаваўца паведаміў, што аналіз паказанняў Панасіка кажа пра тое, што ён цалкам усведамляе зробленыя ім дзеяння і што ў сукупнасці атрыманых доказаў ягоная віна цалкам даказана. Таксама, на думку дзяржабвінаваўцы, вінаватасць Валянціна Панасіка пацвярджаецца і пратаколам ператрусу, падчас якога быў забраны тэлефон і вызначана, што нумар і акаўнт у тэлеграм-канале "Гродно 97%" пад никнэймам "Ужас что творится" належаць абвінавачанаму.
Таксама пракурор паведаміў, што падчас прагляду інфармацыі на тэлефоне Панасіка высветлілася, што ён быў падпісаны на экстрэмісцкі телеграм-канал, а 12 жніўня менавіта ён выклаў у інтэрнэт відэа, на якім зафіксаванае затрыманне супрацоўнікамі ДАІ мужчыны на праспекце Касманаўтаў у Гродне. Таксама, паводле версіі абвінавачвання, вызначана, што менавіта Панасік пісаў у тэлеграм-канал "Гродно 97%" паведамленні, пра якія ідзе гаворка ў частцы абвінавачвання.
Лінгвістычная экспертыза высветліла, што ў размешчаных абвінавачаным каментарах "ёсць выказванні, у якіх утрымліваецца негатыўная ацэнка групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце "супрацоўнікі міліцыі", выказванні заахвочвальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў, а таксама выказванні заахвочвальнага характару, што заклікаюць да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы іншай, аб'яднаных па прыкмеце "супрацоўнікі міліцыі".
Паводле версіі абвінавачвання, высновы экспертызы цалкам аспрэчваюць довады Панасіка пра тое, што сваімі дзеяннямі ён не меў на мэце здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні і выклікаць у іншых жаданне здзейсніць гвалтоўныя дзеянні. Абвінавачванне расцэньвае паказаныя довады абвінавачанага як спробу паменшыць ступень сваёй віны ў інкрымінаваных яму дзеяннях.
Акалічнасцяў, якія змякчаюць адказнасць Панасіка, бок абвінавачвання ў матэрыялах справы не ўгледзеў, але заявіў пра наяўнасць абцяжваючых акалічнасцяў. Сярод іх "здзяйсненне злачынства асобай, якія раней ужо здзяйсняла злачынства, а таксама здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай варожасці".
У якасці пакарання шляхам частковага складання пакаранняў па ўсіх прад'яўленых абвінавачваннях пракурор запатрабаваў для абвінавачанага 6 гадоў зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Адвакат паведаміў аб адсутнасці складу злачынства
Адвакат Валянціна Панасіка падчас спрэчак звярнуў ўвагу на тое, што артыкул 130 КК РБ прадугледжвае найболей небяспечныя для міру і бяспекі чалавецтва злачынствы. У прыватнасці, тыя, якія здольныя паставіць свет на мяжу знішчэння. Да прыкладу, планаванне і падрыхтоўка вайны і генацыду. На думку абароны Валянціна Панасіка, абвінавачванне паводле арт. 130 не вытрымлівае ніякай крытыкі і не знайшло свайго пацверджання. Такім чынам, склад злачынства па ім адсутнічае.
"Мой падабаронны не замахнуўся на такія асновы, як мір і бяспека ўсяго чалавецтва, здзейсніўшы дзеянні, паказаныя ў прад'яўленым яму абвінавачванні, — падкрэсліў адвакат. — Сацыяльная група "супрацоўнікі міліцыі" не адпавядае нормам, якія ахоўваюцца ч. 1 арт. 130 КК РБ. Такім чынам, дзеянні майго падабароннага не падпадаюць пад іх дзеянні".
Таксама адвакат звярнуў увагу на тое, што ніводнага доказу таго, што на тэрыторыі Гродна былі масавыя беспарадкі, прадстаўлена не было. Адвакат настойваў на тым, што плану падрыхтоўкі масавых беспарадкаў у паведамленнях Панасіка не было: "Ніякіх канкрэтных указанняў у гэтых паведамленнях не ўтрымоўвалася. Доказаў таму, што ў абвінавачанага быў выразны намер у здзяйсненні злачынства, няма. Няма доказаў і таго, што была сфармаваная нейкая група і рабіліся дзеянні па схіленні групы да арганізацыі групавых дзеянняў. Зрэшты, як і няма дадзеных пра тое, што хтосьці адгукнуўся на паведамленні Панасіка і выказаў гатовасць здзейсніць нешта падобнае. У дзеяннях абвінавачанага могуць быць прыкметы іншых правапарушэнняў, але ў іх няма складу злачынстваў, якія яму інкрымінуюць", — падагульніў адвакат.
5 студзеня суд вынес прысуд па справе Валянціна Панасіка. Мужчыну прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 293 — "Масавыя беспарадкі"; ч. 1 арт. 130 — "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы", а таксама паводле ч. 1 арт. 342 — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" і асудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.