viasna on patreon

Затрымалі за мінулую грамадска-палітычную актыўнасць. Гісторыя палітзняволенага сябра АГП

2021 2021-12-30T13:37:37+0300 2021-12-30T13:39:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sergeenko_nikolaj.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Сяргеенку затрымалі сёлета 14 снежня пасля ператрусу ў сябе дома. Фармальная прычына — здымак з маршаў на ўласнай старонцы ў фэйсбуку і падпіска на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы. Мікалаю праз паўтара тыдня — 9 студзеня — споўніцца 39 гадоў. Але Дзень народзінаў, як і Новы год, ён не зможа сустрэць у коле сям'і і сяброў, бо яго ўзялі пад варту. Супраць Мікалая распачалі крымінальную справу паводле "народнага" артыкула 342 КК і перавялі ў СІЗА-1. "Гісторыя паўтараецца ў больш перакручанай форме", — кажа пра арышт Мікалая ягоны брат. Сябра АГП затрымлівалі на трэціх і чацвёртых прэзідэнцкіх выбарах, ён тады сядзеў на "сутках" на Акрэсціна. А ў 1937 годзе быў арыштаваны і расстраляны прадзед Мікалая. Цяпер гісторыя з палітычным арыштам у сям'і Сяргеенкаў паўтараецца. Аляксандр Сяргеенка, аспірант геаграфіі Польскай акадэміі навук, распавёў "Вясне" гісторыю свайго палітзняволенага брата.

Николай Сергеенко. Фото из соцсетей
Мікалай Сяргеенка. Здымак з сацсетак

Падчас пяратрусу забралі кнігі Быкава, Фядуты, Някляева

14 снежня раніца ў сям'і Сяргеенкі пачалася з ператрусу:

"Я даўно жыву не ў Беларусі. Ператрус праводзілі, як відаць, супрацоўнікі ГУБАЗіКа, бо ўвечары на іх тэлеграм-канале з'явілася "прызнавальнае відэа" Мікалая з абразлівымі каментарамі і здымкамі з мірных акцый", — распавядае Аляксандр.

Падчас ператрусу былі канфіскаваныя афіцыйна выдадзеныя кнігі па літаратуры, гісторыі, паліталогіі пад аўтарствам Быкава, Фядуты, Тамковіча, Някляева і іншых "сумнеўных" аўтараў, некалькі значкоў з беларускай гістарычнай нацыянальнай сімволікай і старыя ўлёткі з выбараў 2010 года. Аднак, паводле брата Мікалая, гэта ўсё належала Аляксандру. Ягоны пакой быў замкнёны на ключ, але сілавікі сказалі, што калі яго не адчыняць уладальнікі кватэры, то яны самі ўзломяць яго.

Аляксандр бачыць чатыры прычыны пераследу Мікалая: ягоны здымак у фэйсбуку з мірных акцый пратэстаў у 2020 годзе, падпіска на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы, мінулая грамадска-палітычная актыўнасць, зачыстка перад рэферэндумам.

"Дарэчы, у нас дома былі ператрусы ў 2008 годзе пасля выбуху ў метро і ў студзені 2011-га пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але тады прыходзілі па маю душу…" — узгадвае Аляксандр.

Мікалай быў затрыманы, з ім сілавікі запісалі "пакаяльнае відэа" і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Праз некалькі дзён яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і перавялі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

"Гісторыя паўтараецца ў больш перакручанай форме". Сядзеў на "сутках" падчас трэціх і чацвёртых прэзідэнцкіх выбараў

Як распавядае брат Мікалая, палітычна актыўны ён быў у 2006-2011 гадах. Мікалай з 2006 года з'яўляецца сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Некалькі гадоў займаў пасаду старшыні Заводскай раённай арганізацыі АГП у Мінску. Акрамя гэтага, кажа брат палітвязня, ён актыўнічаў у іншых дэмакратычных НДА і прафсаюзах. Але браў удзел у палітычным жыцці краіны ў 2006-2010 гадах ва ўсіх выбарчых кампаніях і мірных акцыях, зборах подпісаў у штабах кандыдатаў у прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе, Уладзіміра Някляева — у 2010-м. Некалькі разоў атрымліваў штрафы і сядзеў на сутках на Акрэсціна ў тыя выбарчыя кампаніі.

"Дзесьці ў 2006-2007 годзе Мікалая пасадзілі на суткі на Акрэсціна. Прыйдучы перадаваць перадачу, сваякі пацікавіліся: "За што?" Ахоўнік дастаў тэчку са справай, а ў матэрыялах напісана: "Стаяў з расцяжкай з надпісам "За краіну, За народ, За цябе!" Мінула пятнаццаць гадоў, гісторыя паўтараецца, на жаль, у больш перакручанай форме...", — кажа Аляксандр.

У выбарчай кампаніі 2020 года Мікалай не браў удзелу: ні ў якасці сябра штабоў, ні ў якасці назіральніка. Тым не менш крымінальную справу супраць яго распачалі менавіта цяпер. 

Аляксандр Сяргеенка распавёў, што ягонага з братам прадзеда сталіністы арыштавалі ў 1937-м у Мінску і расстралялі праз год. Цяпер — у 2021 годзе — гісторыя з палітычным арыштам у сям'і Сяргеенкаў паўтарылася.

Брат палітвязня: "Так сотні тысяч беларусаў можна без важкай прычыны затрымаць і судзіць"

Аляксандр Сяргеенка таксама звязвае пераслед свайго брата з зачысткай уладаў перад рэферэндумам:

"Гэта татальная зачыстка грамадзянскай супольнасці ва ўмовах міжнароднага ціску і перад рэферэндумам. На фатаграфіях Мікалай проста шпацыруе з гістарычнай сімволікай па родным горадзе. Ні з кім не б'ецца і не лаецца. На здымках няма ніводнага транспартнага сродку, шмат людзей, дарожны рух ужо перакрыты сілавікамі ці масай пратэстоўцаў. Ён не кідаў камянёў і сам не кідаўся пад колы аўтамабіляў, замінаючы руху. Дык якім чынам Мікалай мог актыўна ў гэтым удзельнічаць ці арганізоўваць?

А на відэа пасля затрымання ён ні ў чым не каецца, кажа, што часова беспрацоўны, удзельнічаў у акцыях, быў падпісаны на тэлеграм-каналы — і ўсё. Атрымліваецца, так сотні тысяч беларусаў можна без важкай прычыны затрымаць і судзіць".

Доктарка тэлефанавала з Акрэсціна і прасіла прывезці таблеткі

Николай Сергеенко. Фото из соцсетей
Мікалай Сяргеенка. Здымак з сацсетак

Брат апісвае Мікалая як вельмі простага і вясёлага чалавека.

"Ён ніколі не мае двайнога дна і каменя за пазухай. Ён нават у чымсьці інфантыльны, можна сказаць. Апошнія два-тры гады ўліўся ў новую тусоўку лацінаамерыканскіх танцораў у Мінску, удзельнічаў у цёплыя часы ў open air танцах — на свежым паветры. Знаёміўся з новымі людзьмі — гэта была ягоная аддушына".

Мікалай скончыў ПТВ і атрымаў спецыяльнасць электрамеханіка па ліфтах, кім некалькі гадоў і працаваў. Потым вучыўся ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці на факультэце "Эканоміка ў галіне аўтабізнэсу", працаваў аўтамеханікам і менеджарам у гэтай сферы. Паводле Аляксандра, на момант затрымання Мікалай афіцыйна лічыўся часова беспрацоўным, але апошнім часам дапамагаў знаёмым з рамонтамі і будаўніцтвам.

Як распавядае Аляксандр, у Мікалая вельмі дрэннае здароўе: ён каля пяці гадоў таму перанёс дзве вельмі сур'ёзныя аперацыі, звязаныя з перадракавым станам. Таму раз на паўгода ён праходзіць комплекс абследаванняў, каб пазбегнуць рэцыдываў.

"У Мікалая на фоне пералічанага праблемы з сэрцам — скача ціск і рытм, і з памяццю. Калі ён утрымліваўся ў ІЧУ на Акрэсціна цяпер, бацькам тэлефанавала доктарка, каб яны прывезлі таблеткі для яго".

Брат Мікалая распавядае, што ён цікавіцца класічнай іспанскай гітарай, лацінаамерыканскімі танцамі (сальса, бачата), аўтамабільнай тэматыкай (напрыклад, рэтра). Мікалай з задавальненнем падтрымае гэтыя тэмы ў лістах.

Падтрымаць Мікалая лістамі, грашовымі пераводамі:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Мікалай Уладзіміравіч Сяргеенка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства