viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення трох палітычных зняволеных

2021 2021-12-24T17:21:55+0300 2021-12-28T13:53:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maladzechna_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці

24 снежня 2021 г.

У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем удзельнікаў пратэсных акцый і іншых асобаў паводле палітычных матываў ва ўжыванні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супраціўленні з ужываннем гвалту ў адносінах да супрацоўніка МУС, іншых службовых асоб, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК) у дачыненні да:

  1. Уладзіміра Сакалоўскага, які 25 студзеня 2021 г. асуджаны  да чатырох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе паводле арт. 364 КК за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў: пачаў рух на аўтамабілі, ратуючыся ад нападу супрацоўнікаў АУС, пасля чаго адзін з іх заскочыў на капот аўтамабіля і праехаў на ім некалькі метраў, не атрымаўшы пашкоджанняў;
  2. Паўла Галяка, які 15 снежня 2020 г. асуджаны судом Мінскага раёна да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле арт. 364 КК за  гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў падчас перашкаджэння затрыманню ўдзельніка мірнага сходу;
  3. Сяргея Непагоды, які асуджаны судом Маладзечанскага раёна да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі паводле ч. 2 арт. 363 КК за супраціўленне гвалту ў дачыненні да ўдзельніка мірнага сходу ў г. Маладзечна ў чэрвені 2020 года; раней паводле той жа справы былі асуджаныя прызнаныя палітычнымі зняволенымі П. Пяскоў і У. Еўсцігнееў.

яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзянаў павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту "ў адказ" з боку пратэстоўцаў дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжару нанесенай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).

Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Паводле Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.

Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія, неадэкватныя правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.

Працягласць ці ўмовы зняволення паводле прысудаў, вынесеных у дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных сходаў, відавочна непрапарцыйныя і неадэкватныя правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі яны з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", мы прызнаём палітвязнямі У. Сакалоўскага, П. Галяка, С. Непагоду і патрабуем:

  • неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні паказаных фактараў, а таксама вызваленні іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
  • вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства