viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення васьмі палітычных зняволеных

2021 2021-12-23T18:00:51+0300 2021-12-23T18:25:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autazak_minsk_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

23 снежня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што крымінальны закон у дачыненні да апанентаў улады ўжываецца судамі селектыўна і дыскрымінацыйна, а прызначаныя пакаранні істотна вылучаюцца сваёй жорсткасцю са звычайнай практыкі. Ацэнка доказаў судамі часта робіцца без уліку прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, прысуды грунтуюцца на дапушчэннях і здагадках. У якасці доказаў выкарыстоўваюцца пратаколы следчых і аператыўна-вышуковых дзеянняў, праведзеных без выканання сапраўдных гарантый недатыкальнасці асабістага жыцця, права на абарону. Рэалізацыя прынцыпу спаборнасці бакоў у крымінальным працэсе паралізаваная бесперапыннымі беспрэцэндэнтнымі рэпрэсіямі ў адносінах да адвакатаў, якія такім чынам страцілі магчымасць ажыццяўляць сваю дзейнасць ва ўмовах свабоды і адсутнасці ўсякага ціску.

Судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска Аляксандр Мацяюк асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле ч. 3 арт. 328 і арт. 332 КК са штрафам за незаконныя з мэтай збыту, набыццё, захоўванне і перавозку марыхуаны ў буйным памеры і ўтрыманні прытона для ўжывання наркатычных сродкаў. Абвінавачаны прызнаў віну часткова — у незаконных дзеяннях з наркатычным сродкам без мэты збыту і прадастаўленні памяшкання для ўжывання наркатычных сродкаў. Гэтым жа прысудам асуджаны да 2 гадоў і 3 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі за незаконныя дзеянні ў дачыненні да наркатычных сродкаў без мэты збыту Алег Баразна.

Згаданыя асобы, якія з'яўляліся актывістамі ініцыятывы "Краіна для жыцця", і памяшканне, якое належыць А. Мацеюку, знаходзіліся пад аператыўным назіраннем у сувязі з грамадскай дзейнасцю абвінавачаных, праз што аператыўныя супрацоўнікі мелі магчымасць весці відэа- і аўдыёзапіс таго, што адбывалася ў памяшканні, таемна ўрываліся ў гэтае памяшканне ў адсутнасць уладальніка, ажыццяўлялі маніпуляцыі з рэчывам, захоўванне якога інкрымінаванае А. Мацеюку. Дзяржаўным абвінавачваннем не пададзена дастатковых доказаў у пацверджанне прад'яўленых абвінавачванняў, не абвергнутыя пярэчанні боку абароны, а судом пры ацэнцы доказаў не ўхіленыя супярэчнасці паміж імі, пры гэтым перавага нематывавана аддадзеная версіі абвінавачвання, поўнай дапушчэнняў, меркаванняў і здагадак. Аб'ектыўна высветленыя акалічнасці не супярэчаць версіі абароны. Такім чынам, у дачыненні да абвінавачанага А. Мацеюка абвінавачванне ў збыце наркотыкаў не даказанае, у дачыненні да абвінавачанага А. Баразны дзеянняў у адносінах да наркотыкаў, за выключэннем выяўленых і вынятых у яго  0,0057 г марыхуаны, не даказана, а пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, прызначанае А. Баразну пры такіх акалічнасцях, з'яўляецца празмерна жорсткім.

Судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Аляксандр Назаровіч, Віталь Васілевіч і Аляксандр Мар'ясаў прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак, незаконных дзеяннях у адносінах да прадметаў, паражаючыя ўласцівасці якіх заснаваныя на выкарыстанні гаручых рэчываў, замаху на знішчэнне і пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у асабліва буйным памеры, асабліва злосным хуліганстве за падпал рыззя на чыгуначных шляхах, якія прывялі да затрымкі руху транспарту, выраб запальнай прылады і яго выкарыстанне на даху металічнага кіёска "Табакерка", за што ім паводле арт. арт. 342, 339, 295-1, ч.1 арт.14 і ч. 3 арт. 218 КК прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на, адпаведна, восем, сем гадоў і шэсць месяцаў, сем гадоў і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі.

Судом г. Жодзіна Сяргей Лаўкайціс быў асуджаны паводле ч. 3 арт. 339 КК за інспіраваны спецслужбамі ў межах аператыўнага эксперыменту падпал металічнага кіёска "Табакерка", які пацягнуў шкоду лакафарбаваму пакрыццю на суму 341 рубель.

Судом Чыгуначнага раёна г. Гомеля Вадзім Цыкуноў асуджаны за выраб прадметаў, паражальныя ўласцівасці якіх заснаваныя на выкарыстанні гаручых рэчываў, і выкарыстанне іх, у выніку чаго загарэўся ўчастак асфальта і зямлі, паводле арт. 295-1 і ч. 3 арт. 339 КК да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Абвінавачаны на этапе дасудовай вытворчасці зазнаў катаванні.

Паказаныя дзеянні абвінавачаных былі накіраваныя на выказванне свайго стаўлення да працэсаў, што адбываліся ў грамадстве, не мелі мэты нанесці несімвалічную шкоду, не пацягнулі сур'ёзных наступстваў.

Судом Ленінскага раёна г. Брэста Дзмітрый Андрасюк асуджаны паводле арт. 402 КК за адмову даць сведчанні ў якасці сведкі ў судовым пасяджэнні да трох месяцаў арышту (у цяперашні час накіраваны адбываць пакаранне). Сваю адмову абвінавачаны растлумачыў адмовай суддзі прад'явіць яму як дапытванаму сведку пасведчанне, мяркуючы, што права пераканацца ў паўнамоцтвах суддзі наўпрост выцякае з палажэнняў арт. 72 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў. Такім чынам, намеру на здзяйсненне згаданага злачынства не меў; пры гэтым  Дз.Андрасюк атрымаў максімальна строгі від і памер пакарання.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных былі наступствам правакацый, а таксама шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў, адсутнасцю ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Аляксандра Мацеюка, Алега Баразны, Аляксандра Назаровіча, Віталя Васілевіча, Аляксандра Мар'ясава, Сяргея Лаўкайціса, Вадзіма Цыкунова, Дзмітрыя Андрасюка з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд, вызваліўшы іх з ужываннем мер, што забяспечваюць яўку ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Прававая ініцыятыва";

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства