viasna on patreon

Тры гады папраўчай калоніі за ўдзел у закрытым чаце

2021 2021-12-18T12:08:47+0300 2021-12-21T00:12:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lapenas1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Лапенас

Міхаіл Лапенас

16 снежня прысуд па справе за групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, абразу прэзідэнта і прадстаўніка ўлады вынеслі нафтавіку Міхаілу Лапенасу.

Гісторыя гэтай справы пачалася на прадпрыемстве «Беларуснафта». Некалькі яго супрцоўнікаў стварылі карпаратыўны чат, у якім абмяркоўвалі актуальныя падзеі ў жыцці і ў краіне, у тым ліку палітычныя падзеі Беларусі. Некаторыя запісалі відэа, дзе абвясцілі пра далучэнне да страйку, некаторыя прызывалі да новых выбараў.

У траўні 2021 году міліцыя атрымала доступ да гэтага закрытага тэлеграм-чату, які называўся «Вольнае Панства». У ім было 25 супрацоўнікаў «Беларуснафты». Амаль адразу пасля гэтага на прадпрыемстве распачаліся «чысткі». Былі затрыманы некалькі супрацоўнікаў прадпрыемства. Чацвярых пасадзілі ў гомельскае СІЗА-3. Іх абвінавачваюць у розных злачынствах – ад заклікаў да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў да абразы прэзідэнта.

Пасля гэтага, дзесьці ў жніўні, на гомельскім тэлебачанні выйшаў нават «Спецыяльны рэпартаж» пра чат «Вольнае Панства». У ім удзельнікаў чату называлі радыкаламі і экстрэмістамі, якія «хацелі разваліць роднае прадпрыемства».

Вядома таксама, што ў сувязі з гэтай справай шмат людзей з упраўлення прадпрыемствам звольнілі, некаторыя стаяць «на чарзе» на звальненне, прытым без тлумачэння прычыны. Пра гэта ананімна “Свабодзе” паведаміў сябар аднаго з затрыманых супрацоўнікаў«Беларуснафты».

16 снежня у судзе Навабеліцкага раена Гомеля вынеслі прысуд аднаму з фігурантаў гэтай справы Міхаілу Лапенасу. Яго затрымалі 12 траўня і абвінавацілі ў тым, што «з матываў палітычнай варожасці» ён заклікаў удзельнікаў чату да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, абразіў у чаце Юрыя Караева і Аляксандра Лукашэнку.

Міхаілу інкрымінуюць адразу тры злачынствы – па арт 342 КК РБ за “групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, арт. 368 за “абразу прэзідэнта” і па арт. 369 за "абразу прадстаўніка ўлады".

Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Аляксандр Зінчук. Дзяржабвінаваўца — Наталля Капітонава.

«Так атрымалася, што абразіў Караева, але намеру абражаць яго не было. Ніякай мэты я не меў. Проста так здымаў стрэс, і ўсё. Лукашэнку я абразіў не асабіста, а як такую абстрактную сілу. Я пісаў у чаце, але на гэтым усё, ніякіх дзеянняў я не рабіў», - тлумачыў на судзе Міхаіл.

Сведкам па справе праходзіў былы супрацоўнік «Беларуснафты», які стварыў закрыты чат. Ён расказаў суду, што гэты чат быў створаны выключна для працоўных абмеркаванняў, але пасля выбараў ягоныя ўдзельнікі пачалі пісаць там «пра палітыку».

Пракурорка запыталася у сведкі: «Хто быў ініцыятарам размоваў і ці заклікаў Лапенас удзельнікаў чата да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях?».

Той адказаў, што Міхаіл заклікаў да ўдзелу ў акцыях і нават запрашаў яго асабіста ствараць страйкавы камітэт.

Падчас судовага пасяджэння дзяржабвінаваўца зачытала некаторыя выказванні Міхаіла ў чаце. У адным з іх ён прапаноўваў «захапіць АМАП і завалодаць іх вопраткай». Але Міхаіл патлумачыў, што гэты допіс ён пакінуў пад уражаннямі мастацкай стужкі, раскаяўся ў гэтых сваіх словах і назваў іх глупствамі.

Таксама пракурорку цікавіла, чаму Міхаіл пісаў ў чаце на беларускай мове, але абвінавачаны расказаў, што на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці ен перайшоў свядома і размаўляе на ёй нават на працы.

Падчас суда Лапенас часткова прызнаў сваю віну і пацвердзіў, што сапраўды абразіў Караева і Лукашэнку, але з тым, што ен нібыта «рыхтаваў і арганізоўваў масавыя беспарадкі» абвінавачаны не пагадзіўся.

16 снежня па справе Міхаіла Лапенаса быў вынесены прысуд. Яго прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт. 342 (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”), арт 369 (“Абраза прадстаўніка ўлады”), ч.1 арт. 368 ч. “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і прысудзілі да 3 гадоў папраўчай калоніі. Ад адваката Міхаіла Лапенаса стала таксама вядома, што бліжэйшыя некалькі месяцаў яго будуць утрымліваць у гомельскім СІЗА-3.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства