viasna on patreon

"Хросныя" палітвязняў асуджаюць прысуды па справе Ціханоўскага

2021 2021-12-15T21:22:02+0300 2021-12-16T12:32:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/urteil_wagener.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 снежня 2021 года палітзняволеныя Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў атрымалі ад 14 да 18 гадоў пазбаўлення волі. Іх "хросныя бацькі" Робін Вагенэр, Гюдэ Енсэн і Роджэр Нордман апублікавалі заявы і заклікаюць неадкладна вызваліць усіх шэсць асуджаных.

У Гомелі 14 снежня быў абвешчаны прысуд шасці палітвязням. Суд па “справе Ціханоўскага” праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА на працягу амаль шасці месяцаў. Палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.Усе абвінавачаныя былі затрыманыя яшчэ перад выбарамі і лічацца палітвязнямі. Яны былі асуджаныя да наступных тэрмінаў зняволення:

  • Сяргей Ціханоўскі — 18 гадоў
  • Мікалай Статкевіч — 14 гадоў
  • Ігар Лосік - 15 гадоў
  • Дзмітрый Папоў — 16 гадоў
  • Арцём Сакаў — 16 гадоў
  • Уладзімір Цыгановіч — 15 гадоў

"Хросныя бацькі" асуджаных выказаліся пра іх прысуды.

Роджэр Нордман пераняў "хроснае бацькоўства" Мікалая Статкевіча ад былой дэпутаткі нямецкага Бундэстага Маргарэт Баўзэ. Нордман з'яўляецца дэпутатам Нацыянальнай рады Швейцарыі і кіраўніком парламенцкай фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён заявіў:

«Сёння апазіцыйны палітык і сацыял-дэмакрат Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі. Ён нібыта здзейсніў такое злачынства, як «арганізацыя масавых пратэстаў». Прысуд дэманструе, наколькі адвольнымі і жорсткімі з'яўляюцца рэпрэсіі беларускага рэжыму пры Лукашэнку. Як хросны бацька Мікалая Статкевіча я патрабую яго неадкладнага вызвалення. Гэтак жа, як і я, ён мусіць мець магчымаць жыць у адпаведнасці са сваімі палітычнымі перакананнямі і будаваць дэмакратыю ў сваёй краіне».

З супольнай заявай выступілі "хросныя" Ігара Лосіка і Арцёма Сакава — Робін Вагенэр і Гідэ Енсэн:

«Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Ігара Лосіка, Арцёма Сакава і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі! Адстойваць дэмакратыю і свабоду — гэта не злачынства, а права чалавека. Сённяшнія «прысуды» Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Сяргею Ціханоўскаму, Уладзіміру Цыгановічу, Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Папову — гэта жорсткае самавольства дыктатара Лукашэнкі. Папярэдні «суд» нагадваў паказальны палітычны працэс і ніякім чынам не адпавядаў стандартам вяршэнства права.

Мы сталі хроснымі Ігара Лосіка і Арцёма Сакава ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou праваабарончай арганізацыі «Libereco – Партнёрства за правы чалавека». Мы непахісна стаім на іх баку і на баку ўсіх мужных людзей, якія нястомна змагаюцца за дэмакратыю і вяршэнства закону, за сумленныя і свабодныя выбары ў Беларусі. Яны маюць нашу поўную падтрымку, мы цалкам салідарныя з імі. Мы будзем працягваць сваю кампанію за спыненне гвалту з боку дзяржавы супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Мы не адмовімся ад барацьбы за свабоду Ігара, Арцёма і ўсіх іншых палітвязняў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства