viasna on patreon

Полацк: у судзе па "акце тэрарызму" ў дачыненні да ўдзельнікаў аўтапрабегу "За адзіную Беларусь" — больш за 70 пацярпелых

2021 2021-12-14T10:49:46+0300 2021-12-14T10:49:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polack-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд горада Полацка. Фота: "Віцебская Вясна"

Суд горада Полацка. Фота: "Віцебская Вясна"

У судзе Полацкага раёна 14 снежня працягваецца разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Руслана Слуцкага ў замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК). Раней віцебская міліцыя паведамляла о пра затрыманне мужчыны, падазраванага ў здзяйсненні хуліганства.

Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядацелі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Таццяна Шабека.

На лаве падсудных — 38-гадовы жыхар Наваполацка, рамеснік Руслан Слуцкі.

Ён быў затрыманы 20 студзеня, а 23 студзеня ў адносінах да яго абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Замах на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін

У першы дзень судовага пасяджэння, 13 снежня, пракурор агучыў абвінавачванне.

Паводле матэрыялаў, абвінавачаны, "паддаўшыся ўплыву розных крыніц інфармацыі да заклікаў аб масавых дэструктыўных уздзеяннях на аб'екты інфраструктуры Беларускай чыгункі, у прыватнасці, на прылады і абсталяванне, прызначанае для выкарыстання перавозачнага працэсу, наўмысна здзейсніў злачынства супраць бяспекі эксплуатацыі транспарту пры наступных акалічнасцях: у начны час з 27 па 28 кастрычніка 2020 года, дзейнічаючы наўмысна з матываў палітычнай варожасці, выяўляючы непрыязнасць да дзеянняў органаў дзяржаўнай улады, а таксама супрацьпастаўляючы сябе наяўнаму канстытуцыйнаму ладу і дзейснай палітычнай сістэме, з мэтай далейшага ўжывання дзеля замыкання рэйкавага ланцуга чыгуначных шляхоў і правядзення іх у непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сігналізацыі сістэмы аўтаматычнага блакавання руху, якой абсталяваны чыгуначны перагон у Полацкім раёне, выкарыстоўваючы загадзя нарыхтаваны фрагмент металічнага дрота, накіраваўся ў бок чыгуначнага перагона, знаходзячыся непасрэдна на 647-м кіламетры трэцяга чыгуначнага шляху ў Полацкім раёне ў зоне падвышанай небяспекі, наўмысна шляхам замотвання замацаваў нарыхтаваны ім фрагмент металічнага дрота, замацаваўшы за клемы і за балты абедзвюх рэек чыгуначнага шляху і прывядучы ў непрыдатнасць сістэму аўтаматычнай блакіроўкі руху, якая рэгулюе інтэрвал руху паміж чыгуначнымі цягнікамі, аднак не давёў свой злачынны намер да канца з незалежных ад яго акалічнасцяў у сувязі з недастатковай колькасцю фрагмента металічнага дрота з элементамі клемы і закладных балтоў. Дадзеныя дзеянні маглі пацягнуць іншыя наступствы ў выглядзе дэстабілізацыі працы чыгункі" (ч. 1 арт. 14 ч. 1 арт. 309 КК).

Абвінавачванні ў акце тэрарызму

Руслан Слуцкі таксама, "выяўляючы непрыязнасць да дзеянняў і рашэнняў органаў дзяржаўнай улады, а таксама супрацьпастаўляючы сябе цяперашняму канстытуцыйнаму ладу і дзейснай палітычнай сістэме з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці ў дачыненні да групы асобаў, якія падтрымліваюць стабільнае грамадска-палітычнае становішча, у мэтах застрашвання насельніцтва, то бок уздзейнічаючы на паводзіны людзей пасродкам страху дзеля прыгнечання іх волі, палітычных поглядаў і перакананняў, актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў адносінах да грамадска-палітычнага жыцця, аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады па арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў, падахвочвання органаў улады і кіравання да змены дзяржаўнай палітыкі, а таксама перашкаджэння такой дзейнасці, парушаючы гарантаваныя артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі правы і свабоды грамадзянаў на свабоду меркаванняў, перакананняў, іх свабоднае выказванне, свабоду дэманстрацый, што з улікам супрацьпраўнага характару дзеянняў Слуцкага магло прывесці да дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча, […] якія ствараюць пагрозу беспарадкаў, пагрозу экстрэмісцкіх настрояў розных формаў гвалту, у выніку якіх можа паўстаць небяспека для жыцця і здароўя людзей, 14 лістапада 2020 года, знаходзячыся на 122-123-м кіламетры аўтадарогі Р-20 Віцебск — Полацк — мяжа Латвійскай Рэспублікі, раскідаў на паласе руху не менш за 12 самаробных "вожыкаў" і металічных шыпоў, дакладна ведаючы пра групы аўтамабіляў, што едуць па згаданай дарозе і ўдзельнічаюць у патрыятычным аўтапрабегу "За адзіную Беларусь" […] з мэтай перашкаджэння аўтапрабегу шляхам пашкоджання маёмасці […] У выніку наезду на шыпы адбылося пашкоджанне аўтамабіляў, якія ўдзельнічалі ў патрыятычным аўтапрабегу "За адзіную Беларусь", а менавіта пракол шын чатырох аўтамабіляў".

За раскіданыя самарэзы мужчыну пакаралі 2 гадамі "хіміі"

Абвінавачаны растлумачыў, што самарэзы сур'ёзнага шкоды не павінны былі прычыніць, магчыма іх давялося б даставаць з колаў, але гэта ўсё. Суддзя Андрэй Млечка перакваліфікаваў ч. 2 у ч. 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса, прызнаў Віктара П. вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Падсуднага адпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыяздзе да ўступлення прысуду ў сілу.

Паводле версіі абвінавачвання, мужчына нанёс шкоду не менш як чатыром аўтамабілям, агульны памер шкоды склаў 63 рублі 51 капейка. Пацярпелымі па справе прызнаныя ўдзельнікі аўтапрабегу: Азаронак, Башкірцаў, Багдановіч, Гаўрош, Гацік, Войцік, Герашчанка, Гіль, Громаў, Громаў, Дзёміна, Святаслаўскі, Дудараў, Ягораў, Ягорава, Яськоў, Жызнеўскі, Зарубіцкі, Казак, Карась, Качан, Клімаў, Клыга, Кавалёва, Канавалава, Красоўскі, Кулага, Кулік, Латышкевіч, Лепановіч, Матур, Мяшукоў, Осіпава, Павярховіч, Пёрышкін, Раманоўскі, Семчанка, Сабалеўская, Сташэўская, Сцягашова, Троцкі, Фядотаў, Фелісаў, Хрыстафораў. Агулам пацярпелымі па справе прызнана больш за 70 грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу.  

Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.

Пацярпелыя пакуль не заяўляюць пазовы аб спагнанні маральнай шкоды

У першы дзень судовага разгляду па справе былі апытаныя 12 пацярпелых, ніводзін з якіх не заявіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды.

Пацярпелыя распавядалі, што арганізатарамі аўтапрабегу выступілі тры гарадскія структуры: "Белая Русь", "Федэрацыя прафсаюзаў" і БРСМ. Падчас руху ўдзельнікі аўтапрабегу абменьваліся інфармацыяй з дапамогай радыёстанцый і мабільнай сувязі. Інфармацыя пра аўтапрабег анансавалася як у працоўных калектывах, гэтак і ў сацыяльных сетках. Некаторыя пацярпелыя адзначалі, што аўтапрабег праводзіўся адразу пасля смерці Рамана Бандарэнкі, у сувязі з чым на месцы іх збору збіраліся людзі з бчб-сімволікай, а таксама журналісты.

На пытанне прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачвання пра мэты аўтапрабегу адзін з пацярпелых растлумачыў свае дзеянні наступным чынам: "Быў час выказаць грамадзянскую пазіцыю, неспакойны час быў, грамадзянская пазіцыя за нашу Беларусь".

Пацярпелыя распавядалі суду, што ім стала вядома пра тое, што аўтамабілі, якія рухаліся першымі ў калоне, наехалі на шыпы ў сувязі з тым, што яны зменшылі хуткасць і спынілі рух транспартных сродкаў, прыпаркаваўшы іх справа на ўзбочыне. Першыя два аўтамабілі належалі мясцовым рэгіянальным СМІ, яшчэ адзін — аднаму з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі "Патрыёты Беларусі".

У Мінску вынесены прысуд па справе раскіданых самарэзаў

Суддзя выносіць прысуд: Анастасіі Нікіцінай адзін год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Святлане Лабунскай — паўтара гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Пракурорка цікавілася ў пацярпелых, якія маюць стаж кіравання аўтамабілем, пра магчымыя наступствы наезду машыны, што рухаецца на хуткасці 60-70 км/г, на раскіданыя шыпы і "вожыкі". Адзін з кіроўцаў адзначыў, што наступствы могуць быць розныя, можа змяніцца траекторыя руху аўтамабіля, у залежнасці ад гэтага магло адбыцца ўсё што заўгодна: з'езд у кювет, выезд на праезную частку з наступным дарожна-транспартным здарэннем. Некаторыя кіроўцы, спасылаючыся на шматгадовы стаж кіравання аўтамабілем, адзначалі, што "гэта справа выпадку, залежыць ад абстаноўкі і якасцяў кіроўцы, ягонага досведу".

На пытанне пра тое, якая рэакцыя ва ўдзельнікаў аўтапрабегу была на інфармацыю пра раскіданыя на іх дарозе "вожыкі", пацярпелыя нешматслоўна адказвалі, што некаторыя адчувалі злосць, наогул негатыўна ўспрынялі дадзеныя звесткі, хоць і чакалі перашкодаў у руху. Пацярпелыя адзначалі, што кіроўцы аўтамабіляў, якія былі пашкоджаныя ў выніку наезду на шыпы і "вожыкі", засталіся на ўзбочыне рамантаваць транспартныя сродкі; асноўная частка ўдзельнікаў аўтапрабегу працягнула рух. На ўдакладняльнае пытанне дзяржаўнай абвінаваўцы пра тое, ці не чулі пацярпелыя, каб хтосьці выказваў сумнеў, ці варта працягваць аўтапрабег, пацярпелыя адказвалі адмоўна.

Абарона абвінавачанага ўдакладняла ў пацярпелых, якія кіравалі транспартнымі сродкамі, ці можна было заўважыць раскіданыя "вожыкі" і шыпы на праезнай частцы. Кіроўцы тлумачылі, што зрабіць гэта было складана, бо гэтаму перашкаджалі пахмурнае надвор'е і колер металічных прадметаў, падобны да асфальтавага пакрыцця.

Судовы разгляд працягнецца 15 снежня, у судовае пасяджэнне выклікаюцца пацярпелыя.

Плануецца, што разгляд справы зойме не менш за два тыдні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства