viasna on patreon

Кіраўніку гарадзенскай студыі "Іквадарт" прысудзілі два гады "хіміі"

2021 2021-12-11T18:28:38+0300 2021-12-11T18:31:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/koipish-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Глеб Койпіш

Глеб Койпіш

У Ленінскім судзе Гародні 9 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на кіраўніка студыі “Іквадарт” палітвязня Глеба Койпіша. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Наталля Козел, дзяржабвінаваўца – намеснік пракурора горада Віктар Гарошка.

Палітвязень  Глеб Койпіш быў затрыманы 25 жніўня. У той дзень ў офіс фірмы "Іквадарт" прыйшлі сілавікі ў экіпіроўцы і правялі ператрус. Са студыі сілавікі канфіскавалі тэхніку і дакументы.

Да суда з 3 верасня Койпіш утрымліваўся пад вартай у гарадзенскай турме №1.

Разам з многімі жыхарамі Гародні, якія выйшлі вечарам на мірнае шэсце ў знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 11 жніўня 2020 года Койпіш быў затрыманы і моцна збіты.

gleb-kojpish-2.jpg
Глеб Койпіш. Фота: hrodna.life

Глебу Койпішу  - 35 гадоў, ён разам з жонкай выхоўвае двух дзяцей. Займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, беларускамоўны. Ягоная студыя "Іквадарт" працуе з 2004 года, ажыццяўляла шмат дабрачынных праектаў. У прыватнасці, студыя дапамагла стварэнню сайта Фонду Паўла Шарамета.

Судовы працэс пачаўся 24 лістапада. Койпішу ставяць у віну ўдзел у счэпцы у 20:50 па адрасе Ціміразева 8 у Гродне каля другога ўваходу ў магазін «Еўраопт» (з боку крамы «Спартыўныя тавары). Паводле версіі абвінавачвання, гэтыя дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем грамадскага парадку ў сувязі з тым, што счэпка з некалькіх грамадзян нібыта перашкаджала грамадзянам уваходзіць у краму, чым быў парушаны парадак функцыянавання аб'екта гандлю.

Мужчына прызнаў віну часткова, патлумачыўшы, што прызнае абвінавачванне ў частцы таго, што ён сапраўды знаходзіўся ў гэтым месцы. Глеб Койпіш даваў паказанні ў судзе на беларускай мове.

Ішоў на працу – патрапіў у бальніцу хуткай дапамогі

Абвінавачаны растлумачыў, што ў той дзень у дзённы час знаходзіўся на адпачынку са сваёй сям'ёй, пасля чаго адправіўся пешшу на працу, паколькі рух транспарту ў цэнтры горада быў перакрыты супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Прагуляўшыся па горадзе, мужчына пайшоў у бок крамы, каб набыць прадукты перад тым, як зайсці ў офіс.

Што тычыцца ўдзелу ў счэпцы, Глеб Койпіш растлумачыў, што ўсе, хто знаходзіўся ў гэтым месцы, усталі ў счэпку пасля таго, як да Еўраопту пад'ехалі два мікрааўтобусы без рэгістрацыйных знакаў, пасля чаго з іх выбеглі супрацоўнікі праваахоўных органаў або вайскоўцы без апазнавальных знакаў. Са слоў мужчыны, счэпка была інтуітыўнай рэакцыяй на з'яўленне сілавікоў.

Абвінавачаны распавёў, што супрацоўнікі не паведамлялі прысутным грамадзянам аб супрацьпраўным характары іх дзеянняў, адразу пачалі наносіць удары гумовай дубінкай. Так, у прыватнасці, Глебу Койпішу нанеслі ўдар па галаве, затым ён паспрабаваў левай рукой прыкрыць галаву, у сувязі з чым другі ўдар прыйшоўся на палец, які зламаўся. Трэці ўдар прыйшоўся ў левую лопаточную частку пляча. Пасля ўдараў у затрыманага была рассечаная галава, мужчына ўвайшоў у памяшканне крамы, дзе прадавец дала яму вільготную паперу, каб выцерці кроў, хтосьці з мінакоў дапамог зрабіць перавязку. Пасля гэтага Койпіша забрала хуткая дапамога, якая даставіла яго ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. У бальніцы мужчыну апытаў следчы па абставінах нанясення цялесных пашкоджанняў.

Вінаватых ў збіціі следчыя не знайшлі, а ці шукалі?

Дзяржаўны абвінаваўца удакладніў, ці атрымліваў абвінавачаны адказ з Следчага камітэта па факце нанясення удараў па галаве і спіне. Койпіш адказаў, што атрымаў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

На ўдакладняючае пытанне дзяржабвінаваўцы ці абскардзіў абвінавачаны адказ з СК Глеб Койпіш адказаў адмоўна, пасля чаго пракурор паспрабаваў высветліць, ці пагадзіўся такім чынам Глеб Койпіш з адказам. Абвінавачаны растлумачыў, што з СМІ яму было вядома, што ні адна заява ў СК аб гвалце не была разгледжана станоўча для заяўнікоў па ўсёй краіне.

9 снежня быў вынесены прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. З суда яго адпусцілі з-пад варты да часу накіравання на адбыццё пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства