Стань на абарону праваабаронцаў! Падпішы петыцыю за вызваленне “вясноўцаў”

2021 2021-12-06T13:01:04+0300 2021-12-06T13:33:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/banner_freeviasna_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў гэтым годзе адсвяткаваў 25-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. І за сваю мірную праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем “вясноўцаў”. Падпішы петыцыю за іх вызваленне!

Першай была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова. Гэта адбылося 17 верасня 2020 года, калі дзяўчына вярталася дадому пасля ўручэння прэстыжнай прэміі імя Яна Карскага. З той пары яна знаходзіцца з кратамі, і за гэты час у яе моцна пагоршылася здароўе, памерлі бацька і бабуля, на пахаванне якіх Марфу не адпусцілі. На мінулым тыдні стала вядома, што Марфу абвінавачваюць па 11 артыкулах крымінальнага кодэкса.

Андрэй Чапюк – валанцёр “Вясны” быў затрыманы 2 кастрычніка 2020 года, праходзіць па той жа справе, што і Марфа Рабкова.

18 студзеня па дарозе на офіс быў затрыманы кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка, а таксама яго памочніца Марыя Тарасенка, якая была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе праз 72 гадзіны. А 21 студзеня ў аэрапорце была затрыманая яшчэ адна памочніца і валанцёрка “Вясны” з Рэчыцы Таццяна Ласіца. Іх абвінавачвалі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). У выніку 3 лістапада Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі, а Таццяну Ласіцу – на два з паловай гады калоніі.

Дзве масіўныя атакі на незалежныя медыі і праваабарончыя арганізацыя былі праведзеныя уладамі 16 лютага і 14 ліпеня бягучага года. У выніку іх адбылося больш за 50 ператрусаў у сябраў арганізацыі па ўсёй краіне, больш за 20 праваабаронцаў былі затрыманыя на розныя тэрміны для высвятлення абставінаў, а трое да гэтага часу знаходзяцца за кратамі па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў. Гэта старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч.

З усіх адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму атрымаць інфармацыю па справе амаль немагчыма. Лісты ад нашых калегаў прыходзяць нерэгулярна, як відавочна і яны не атрымоўваюць усе пасланні з розных куткоў свету.

17 верасня мы запусцілі міжнародную кампанію ў падтрымку зняволеных “вясноўцаў” – #FreeViasna, у межах якой заклікаем далучацца да акцыяў салідарнасці, пісаць лісты падтрымкі зняволеным праваабаронцам. А сёння прапануем падпісаць петыцыю за іх неадкладнае і безумоўнае вызваленне!

Мы разумеем, што зараз ў Беларусі пануе беззаконне, а ўлады паўсюль парушаюць правы чалавека, але мы ўпэўнены, што гэта скончыцца. Колькасць сабраных подпісаў пад петыцыяй адлюструе нашу нязгоду з дзеяннямі рэжыма, згуртаванасць і салідарнасць у барацьбе за справядлівасць.

Вясна прыйдзе!

Падпісаць петыцыю за вызваленне праваабаронцаў "Вясны"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства