viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні васьмі новых палітвязняў

2021 2021-12-03T13:12:37+0300 2021-12-03T13:40:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telegram_9034.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

3 снежня 2021 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Андрэй Юркоў асуджаны судом Маладзечна і Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  2. Сяргей Бекман асуджаны судом Дзятлаўскага раёна па арт. 369 КК і 364 КК за абразлівыя каментары ў дачыненні да службовай асобы да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  3. Юрый Прахарэнка асуджаны судом Савецкага раёна горада Гомеля па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), 368 КК (Абраза прэзідэнта) і 391 (Абраза суддзі) да прымусовага псіхіятрычнага лекавання;
  4. Андрэй Званароў асуджаны судом Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы па арт. 369 КК за абразу былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Віталь Маркушэўскі асуджаны па арт. 367 КК за паклёп на Аляксандра Лукашэнку да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Мікалай Гаварко асуджаны судом Бярозаўскага раёна на 3 месяцы арышту па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, пачаў адбываць пакаранне;
  7. Яўген Кагоцька асуджаны судом Бабруйскага раёна і горада Бабруйска на 6 месяцаў “хатняй хіміі” па арт. 370 КК (Знявага дзяржаўных сімвалаў), у апеляцыйным парадку прысуд зменены на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  8. Данііл Касенка ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 369 Крымінальнага кодэксу за абразу прадстаўніка ўлады.  

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Андрэя Юркова, Сяргея Бекмана, Юрыя Прахарэнку, Андрэя Званарова, Віталя Маркушэўскага, Мікалая Гаварко, Яўгена Кагоцьку, Данііла Касенку і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Lawtrend;

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Human Constanta.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства