Гамельчанку з сіндромам клаўстрафобіі суд адправіў у калонію на 2 гады Дапоўнена
У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля сёння абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць 49-гадовай Ларысы Кузьменка, якую ўтрымліваюць з сіндромам клаўстрафобіі ў СІЗА амаль чатыры месяцы. Жанчыну абвінавацілі ў гвалце ў адносінах да супрацоўніка АМАПу (арт. 364 КК) на нядзельным Маршы 27 верасня мінулага года ў Гомелі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Згодна версіі абвінавачвання, Кузьменка схапіла за руку амапаўца, чым перашкаджала яму працаваць. Жанчына віну не прызнае і адмовілася ад дачы паказанняў, як на судзе, так і падчас следства. Сёння пракурор Сідоранка запрасіў у суда пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Праз некалькі гадзінаў суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Ларысе Кузьменка менавіта такое пакаранне, якое прасіла дзяржабвінавачванне.
У чым абвінавачваюць жанчыну?
Згодна версіі абвінавачвання, Ларыса Кузьменка 27 верасня ў 15.30 знаходзілася на вуліцы Савецкая, з’яўлялася ўдзельніцай масавага мерапрыемства, якое праводзілася ў парушэнне існуючага парадку яго правядзення. Яна дзейнічала «па матывах палітычнай варожасці, з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка атрада міліцыі асобага прызначэння АУС Гомельскага аблвыканкаму, які дзейнічаў у адпаведнасці са службовымі інструкцыямі і нёс ахову грамадскага парадку». Кузьменка разумела, што перад ёй знаходзіцца супрацоўнік унутраных спраў у форме і мела намер прычыніць шкоду камандзіру ўзвода баявога прызначэння АМАПу Пятрову П.П. Таму, выкарыстала гвалт у дачыненні да Пятрова: «выкарыстоўваючы грубую фізічную сілу, схапіла за руку Пятрова і ўтрымлівала яе каб калона пратэстоўцаў магла бесперашкодна прайсці. Потым яна апусцілі яго руку долу, тым самым змясціла пацярпелага з месца. Такім чынам пазбавіла яго фізічнай магчымасці выконваць яго службовыя абавязкі. Прычыніла Пятрову пабоі і фізічны боль. Такім чынам, Кузьменка здзейсніла гвалт над супрацоўнікам міліцыі, каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці».
Віну Ларыса не прызнала.
У СІЗА з сіндромам клаўстрафобіі: дачка гамяльчанкі распавяла гісторыю затрыманай за нядзельны Марш
Што адбылося 27 верасня ў Гомелі?
Нагадаем, 27 верасня мінулага года ў некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, прайшоў традыцыйны нядзельны Марш. На 50-ы дзень пратэстаў беларусы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з сакрэтнай інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні, але больш за ўсіх у той дзень сваёй жорсткасцю вылучыліся гомельскія сілавікі.
Пасля абеду ў цэнтры Гомеля, ля будынка цырку, сабраліся больш за сотню пратэстоўцаў. Яны атачылі фантан, вадзілі карагод і спявалі песні. Потым перайшлі на іншы бок вуліцы Савецкая. У раёне гарадской лазні на іх шляху сталі супрацоўнікі АМАП. Там і адбылося сутыкненне, падчас якога міліцыя ў Гомелі ўжыла ў дачыненні да пратэстоўцаў слезацечны газ і светлашумавыя боепрыпасы.
У той дзень была затрыманая Ларыса Кузьменка. За ўдзел у Маршы "Народная інаўгурацыя" суддзя суда Навабеліцкага раёна Гомеля Казлоў асудзіў Ларысу на сем сутак арышту. Пасля абвяшчэння рашэння Ларысе зрабілася дрэнна. Жанчыну адвезлі ў РАУС Навабеліцкага раёна і там выклікалі "хуткую". Паводле словаў дачкі, у яе здарыўся нервовы зрыў, яна ўжо больш за дзесяць гадоў назіраецца ў лякарні. З РАУС яе адвезлі ў псіхіятрычную лякарню, дзе яна прабыла два месяцы. Як кажа дачка Ларысы, яна мае псіхіятрычны дыягназ — дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.
Калі Ларыса Кузьменка ляжала ў лякарні, то тры разы абскарджвала пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку ёй скарацілі арышт на трое сутак. Але ў ІЧУ адбываць рэшту адміністрацыйнага арышту — трое сутак — жанчыну так і не забралі. Яна працягвала працаваць на "Гомельшпалеры" і весці звычайны лад жыцця.
Другі раз Ларысу затрымалі сёлета ў жніўні — ужо паводле крымінальнага артыкулу. 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дадому і спыталі, дзе Ларыса Кузьменка. У той момант яна была на працы. Дачка мяркуе, што на "Гомельшпалеры" яе і затрымалі. Пасля гэтага Ларысу павезлі дадому на ператрус.
За падзеі 27 верасня мінулага года на Маршы 9 жніўня ёй прад'явілі абвінавачванне за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК).
Што кажа абвінавачваная на судзе?
Ларыса Кузьменка віну не прызнала. Калі давала паказанні плакала і казала вельмі ціха:
«У абвінавачанні сказана тое, што я ніколі не рабіла. Я не ішла ў калоне ўдзельнікаў масавага мерапрыемства па вуліцы Савецкай. Я знаходзілася на Савецкай з боку цырка».
Ад дачы далейшых паказанняў Ларыса адмовілася. Падчас следства яна таксама паказанняў не давала.
Як пацярпеў міліцыянт?
Пацярпелы супрацоўнік АМАП Пятроў (прозвішча несапраўднае – «супрацоўнік легендызаваны») на суд не прыйшоў, бо знаходзіцца на бальнічным. У судзе была зачытана заява пацярпелага з просьбай разглядзець крымінальную справу ў яго адсутнасць.
Абаронца Кузьменкі Фаменка выказалася супраць разгляду справы ў адсутнасць пацярпелага, бо для ўсебаковага разгляду акалічнасцяў справы ёй неабходна задаць яму пытанні.
“У справе ёсць тры допыты пацярпелага і яны супярэчлівыя. Каб ухіліць супярэчнасці трэба дапытаць у судзе пацярпелага. У заяве пацярпелага не ўказана, што хвароба сур’ёзная, працяглая”, – заявіла адвакатка.
Таксама адвакатка выказалася, што яна не разумее на якой падставе пацярпелага залегендавалі. Няма аніякіх фактаў, што Кузьменка яму пагражала і з-за гэтага ўзнікла патрэба яго легендаваць.
У сваіх паказаннях на першым допыце міліцыянт расказвае, як 27 верасня, у той момант, калі ён перакрываў шлях калоне, нейкая «жанчына ў бэжавым паліто» нанесла яму ўдар локцем. Ён «адчуў боль у плячы», ад гэтага апусціў руку, і натоўп прарваў ачапленне. На другім допыце супрацоўнік АМАП казаў, што «мужчына ў чорнай масцы» «тузаў мяне ззаду за бронекамізэльку, дзе замацаваныя спецсродкі і зброя». Той мужчына ўцёк. На трэцім допыце міліцыянт казаў, што быў яшчэ «мужчына пажылога веку», які «хапаў за руку», і была жанчына «з БЧБ-сцягам на плячах», якая «ці адцягвала таго мужчыну, ці дапамагала гэтаму мужчыну». На трэцім допыце з'явілася і «незнаёмая мне цёмнавалосая жанчына ў акулярах і ў масцы», якая «схапіла мяне за руку і павісла на ёй», чым прычыніла фізічны боль.
У гэтай жанчыне ён апазнаў па пашпартнай базе Ларысу Кузьменка.
Чым усё скончылася?
2 снежня ў судзе адбыліся судовыя спрэчкі па справе. Пракурор Сідоранка запрасіў для Ларысы Кузьменка пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Вось, што сказала Ларыса ў апошнім слове:
"Высокі суд,
у апошнім слове я хачу сказаць, што я выхоўвалася ў сціплай рабочай сям'і. Мае бацькі вучылі мяне быць добрай і дапамагаць іншым. Ніколі мае бацькі не прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Таму пражыўшы 48 гадоў я нікому не зрабіла нічога дрэннага.
Мае бацькі людзі сталага ўзросту. У мамы анказахворванне 4 ступені і я магу яе не ўбачыць, бо яе жыццё ідзе на хвіліны. Тата таксама мае масу захворванняў. Узрост бярэ сваё. А я не магу іх бачыць і не магу ім дапамагчы фізічна.
Абвінавачванне, якое мне прад'яўленае да мяне не можа ставіцца, паколькі я не агрэсіўны чалавек і не асмелілася б абмяжоўваць дзеянні супрацоўнікаў АМАПу. Я не вісла ні ў каго на руках. Калі я ў перыяд з 15 гадзін да 15 гадзін 27 хвілін знаходзілася каля д. 27 па вул. Савецкай, то са мной у непасрэднай блізкасці не было супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу.
Калі ж мяне ў перыяд 15 гадзін 27 хвілін затрымалі за тое, што я спявала гімн і ў пратаколе паказалі, што я ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу, то я патлумачыла, чаму я там апынулася. Я таксама зрабіла для сябе выснову, што больш не буду стаяць побач з людзьмі, калі яны будуць збірацца на вуліцах Гомеля.
Ужо некалькі месяцаў я знаходжуся ў СІЗА. Мне складана знаходзіцца ў дадзенай установе з-за майго захворвання. Я разумею, што нялёгка і тым, хто знаходзіцца са мной у адной камеры. Спачатку я спадзявалася, што следчы разбярэцца, а цяпер спадзяюся, што на Высокі суд.
Я не здзяйсняла злачынства, у якім мяне абвінавачваюць. Мае паказанні ніхто не абверг.
Няма ніводнага відэа, дзе было б відаць, што я 27 верасня ў раёне з 15 да 15: 30 знаходзілася на цотным баку вуліцы Савецкай у Гомелі. Няма ніводнага сведкі, які б пацвердзіў абвінавачванне.
У маім абвінавачванні пазначана, што я 27 верасня ў перыяд часу з 15 гадзін да 15:30 (дакладны час не ўстаноўлены), знаходзячыся паблізу дома №42 па вул.Савецкай.
27 верасня я не ішла ў калоне ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, якое праходзіла па ўсёй вуліцы Савецкай у Гомелі. Я пастаянна знаходзілася на баку па Савецкай, на якой размешчаны «Цырк». Таму я не магла фізічна зрабіць тое, што паказана ў абвінавачванні.
З відэа і фота, якія я бачыла ў крымінальнай справе, відаць, што супрацоўнікі АМАПу спрабуюць схапіць людзей, якія ідуць калонай па цотным баку па вуліцы Савецкай. Але я не ўбачыла, што гэтыя людзі хапалі і ўтрымлівалі хоць аднаго супрацоўніка міліцыі".
Праз некалькі гадзінаў суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Ларысе Кузьменка менавіта такое пакаранне, якое прасіла дзяржабвінавачванне – 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымаць Ларысу лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:
СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
Кузьменка Ларыса Міхайлаўна