«Крычаў «Жыве Беларусь» і стаяў у «счэпцы». За ўдзел у акцыі пратэсту чарговага мінчука асудзілі да трох гадоў «хіміі»
25 лістапада ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» суд Заводскага раёна Мінска прызнаў вінаватым 26-гадовага Васіля Камкара.
Судовае пасяджэнне вяла суддзя Асіпчук. Бок «Мінсктранса», які пацярпеў праз дзеянни падсуднага прадстаўляла юрысконсульт Анастасія Кузняцова.
Вядома, што з 24 жніўня да суда Камкар знаходзіўся пад вартай. Паводле версіі абвінавачвання, 10 жніўня мінулага года прыкладна з 8 гадзін вечара да дзвюх гадзін ночы на скрыжаванні Прытыцкага і Пушкіна ён быў удзельнікам акцыі пратэсту, недазволенай афіцыйнымі ўладамі: стаяў на праезнай частцы, заклікаў навакольных да дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак; выкрыкваў лозунгі, стаяў у «счэпцы» з іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту, парушаў спакой грамадзян і адмаўляўся выконваць патрабаванні прадстаўнікоў улады, якія папярэджвалі, што дзеянні тых, хто сабраўся, супрацьпраўныя. Таксама, па версіі абвінавачвання, Васіль Камкар наўмысна перашкаджаў руху транспарту, што прывяло да яго прыпынку.
Шкоду, якую, па версіі абвінавачвання, падсудны і яшчэ 17 чалавек нанеслі «Минсктрансу» сваімі дзеяннямі, упаўнаважаная прадстаўнік дзяржпрадпрыемства ацаніла ў 21 667 рублёў і 17 капеек. Таксама Кузняцова вылучыла хадайніцтва аб выдзяленні іскавай заявы ў асобную грамадзянскую вытворчасць і далучэнні яго да 18 устаноўленых асобаў, бо «4 кастрычніка 2021 года судом Савецкага раёна ўжо вынесена рашэнне па дадзеным эпізодзе адным рашэннем».
Падсудны назваў пазоўныя патрабаванні занадта завышанымі і не прызнаў іх. У якасці сумы якую ён гатовы прызнаць, падсудны назваў 1000 рублёў.
«Думаў, што гэта нейкі сход»
Падчас допыту, Васіль Камкар паведаміў, што ўвечары 10 жніўня мінулага года ён сапраўды быў на акцыі пратэсту, але знаходзіўся там крыху больш за гадзіну - прыкладна з 20.00 да 21.30. Як распавёў малады чалавек, ён гуляў у цэнтры горада, убачыў натоўп і паддаўся яму.
«Людзі ішлі ў страі, выкрыквалі лозунгі. Я думаў, што гэта нейкі сход. Супрацоўнікаў міліцыі я не бачыў. Бачыў бел-чырвона-белыя сцягі. Людзі крычалі «Жыве Беларусь». Яны ішлі па праезнай частцы, я там нікога не ведаў».
Тое, чаму Васіль апынуўся ў «счэпцы» , ён растлумачыў так:
«З-за вялікага скаплення людзей. Я далучыўся да калёны і стаў у «счэпку». Рухаліся ў бок метро «Спартыўная». Лозунг «Жыве Беларусь» крычаў адзін раз».
Па словах Васіля, пра тое, што акцыя пратэсту незаконная, ён здагадаўся, калі на месца падзей прыехалі супрацоўнікі АМАПу і пачалі казаць, што дзеянні прысутных незаконныя.
«Пасля гэтага я сышоў з акцыі пратэсту і накіраваўся дадому», - падкрэсліў падсудны.
На судзе стала вядома, што ў той вечар маладога чалавека сфатаграфавалі, а пазней гэты здымак трапіў у інтэрнэт. Падсудны апазнаў сябе на гэтым фота і пацвердзіў, што ў той дзень ён, як і на прад'яўленым фотаздымку, сапраўды быў у чорнай футболцы з белым надпісам і ў шэрых спартыўных штанах.
Суддзя пацікавіўся, на якія телеграм-каналы падпісаны падсудны. Але той адказаў, што не памятае.
Пракурор настаяў, што віна падсуднага даказаная пісьмовымі і рэчавымі матэрыяламі справы, пратаколам агляду ад 30 жніўня 2021 года і фатаграфіяй з інтэрнэту, на якой ёсць Камкар.
У якасці пакарання дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для падсуднага «тры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Меру стрымання пры належных паводзінах змяніць на падпіску аб нявыездзе. Пазоў «Мінсктрансу» задаволіць у поўным аб'ёме. Арышт на маёмасць не здымаць».
Адвакат падсуднага папрасіў улічыць станоўчую характарыстыку падсуднага, яго поўнае прызнанне віны і папрасіў прызначыць для Камкара пакаранне ў выглядзе абмежавання волі «на тэрмін, які суд палічыць справядлівым».
Падчас апошняга слова Васіль раскаяўся ў зробленым, абавязаўся больш не паўтараць падобнае і заявіў пра сваю гатоўнасць выправіцца.
Суд Завадскога раёна Мінска прызнаў Васіля Камкара вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 1ст. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і прыгаварыў падсуднага да трох гадоў «хіміі». Таксама суд пастанавіў залічыць у тэрмін адбыцця пакарання ўтрыманне Камкара ў ІЧУ «Мінгарвыканкама» з 24 жніўня па 1 верасня і з 1 верасня па 24 лістапада 2021 года з разліку «1 дзень утрымання пад вартай роўны двум дням абмежавання волі». Грамадзянскі пазоў «Мінсктранса» аб кампенсацыі шкоды суд пастанавіў прызнаць і перадаць пытанне на разгляд у парадку грамадзянскага вытворчасці. Маёмасць і грашовыя сродкі асуджанага суд пакінуў пад арыштам. Меру ўтрымання змяніў на падпіску аб нявыездзе. Васіля Камкара вызвалілі з-пад варты ў зале суда.