У Гомелі экс-міліцыянта асудзілі да трох месяцаў арышту за зліў дадзеных сваіх калегаў
У судзе Савецкага раёна Гомеля 22 лістапада да трох месяцаў арышту паводле артыкула 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных) асудзілі 30-гадовага былога міліцыянта Уладзіміра Кашко. Яго абвінавацілі ў зліве адміністратару Telegram-канала, які сёлета ўлады прызналі экстрэмісцкім, персанальных дадзеных 27 супрацоўнікаў міліцыі Гомельшчыны. Суддзя Андрэй Лагуновіч таксама пастанавіў спагнаць з гамельчука кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым 13 600 рублёў.
Уладзіміра Кашко абвінавацілі паводле часткі 1 і 2 артыкула 203-1 Крымінальнага кодэкса — наўмысныя незаконныя збор, прадастаўленне і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і (ці) персанальных дадзеных іншай асобы без яе згоды, якія пацягнулі нанясенне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна. Гэта новы артыкул у Крымінальным кодэксе — ён з'явіўся ў крымінальным заканадаўстве толькі 26 траўня 2021 года. Адразу пасля ўнясенняў дадаткаў у Крымінальны кодэкс паводле гэтага артыкулу і распачалі крымінальную справу супраць гамельчука.
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына "са жніўня па студзень 2020 года сабраў з розных крыніц звесткі пра прыватнае жыццё 27 праваахоўнікаў Гомельскай вобласці і пераслаў іх нявызначанаму колу асобаў, што адмініструюць дэструктыўны Telegram-канал". Вялікая частка перададзенай ім інфармацыі была размешчаная ў стужцы Telegram-канала, які сёлета прызнаны экстрэмісцкім.
Паведамляецца, што абвінавачваны адпраўляў здымак супрацоўніка, пазначаў ягонае прозвішча, імя, імя па бацьку, месца працы, нумары тэлефонаў і спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках. Часам паведамляў дату нараджэння, дадзеныя пра асабісты транспарт і блізкіх сваякоў.
Пасля публікацый праваахоўнікам паступіла мноства тэлефанаванняў і паведамленняў, у тым ліку з абразамі і пагрозамі.
Паводле паказанняў абвінавачванага падчас следства, "у перыяд перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі ён зацікавіўся палітычнымі навінамі і падпісаўся на некалькі Telegram-каналаў, якія на цяперашні момант прызнаныя экстрэмісцкімі. Пад уздзеяннем размешчанага там кантэнту ў яго сфармавалася нянавісць да супрацоўнікаў міліцыі, якая вылілася ў супрацьпраўную дзейнасць".
Уладзімір Кашко раней працаваў тры месяцы міліцыятам у Дэпартаменце аховы. Праз некалькі гадоў ізноў вярнуўся на пасаду супрацоўніка патрульна-паставой службы, але праз чатыры гады яго звольнілі. З канца 2019 года ён не працаваў.
Як паведамілі ва УУС Гомельскага аблвыканкама, мужчына перапісваўся з адміністратарамі канала — абмяркоўваў з імі публікацыю звестак і магчымасць уцёкаў з краіны. Агулам ён зліў асабістыя дадзеныя больш як 20 калегаў, перапіску выдаляў, аднак у следства атрымалася яе аднавіць.
У выніку суддзя Андрэй Лагуновіч прызнаў Кашко вінаватым паводле ч.1 і 2 арт. 203-1 КК і прысудзіў яго да трох месяцаў арышту. Таксама суд пастанавіў спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым у памеры 13 600 рублёў.