viasna on patreon

Два гады "хатняй хіміі" за "счэпку". Гродзенцаў працягваюць судзіць за ўдзел у леташнім "Маршы адзінства"

2021 2021-11-19T23:14:00+0300 2021-11-30T10:01:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodno_6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтым разам суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў крымінальную справу 28-гадовай бухгалтаркі Дар'і Давідовіч. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў "Маршы адзінства" 6 верасня мінулага года паводле ч. 1 арт. 342 КК — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".

Суды над гродзенцамі за ўдзел у леташнім "Маршы адзінства" працягваюцца. Большасць гэтых працэсаў падобныя: прыкладна адны і тыя ж абвінавачванні зачытвае пракурор, прыкладна адны і тыя ж пытанні задаюць абвінавачаным, прыкладна адны і тыя ж прысуды ім выносяць. Змяняюцца толькі прозвішчы, дэталі справы і лёсы падсудных. Амаль кожнага з іх прысуджаюць да некалькіх гадоў "хатняй хіміі". Так было і гэтым разам.

Цалкам прызнала сваю віну

На лаве падсудных была 28-гадовая бухгалтарка з Гродна Дар'я Давідовіч. Для разгляду ейнай справы суду спатрэбілася шэсць пасяджэнняў. Працэс вёў суддзя Віталь Лабоцкі, бок абвінавачвання падтрымліваў пракурор Станіслаў Пранько.

Паводле версіі абвінавачвання, 6 верасня мінулага года Дар'я Давідовіч "узяла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак".

Таксама абвінавачванне сцвярджае, што ўдзел у "Маршы адзінства" Дар'я Давідовіч узяла наўмысна, разумеючы, што парушае Закон "Аб масавых мерапрыемствах". Больш за тое, са слоў пракурора, падсудная аказала непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, "натхняючы сваімі паводзінамі навакольных удзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, парушыўшы ўмовы адпачынку і побыту грамадзян і замахнуўшыся на парушэнне грамадскага спакою".

Пракурор настаяў, што падчас мітынгу дзяўчына ўзялася ў "счэпку" з іншымі ўдзельнікамі маршу, і праз гэта рух грамадскага транспарту аказаўся заблакаваным. Абвінавачванне абвясціла і шкоду, якую сваімі дзеяннямі Дар'я нібыта нанесла мясцоваму аўтобуснаму парку і тралейбуснаму ўпраўленню — 20 рублёў 10 капеек і 51 рубель 59 адпаведна. Усяго — 71 рубель 69 капеек.

"Сваімі наўмыснымі дзеяннямі Давідовіч здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК РБ — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх", — настаяў пракурор.

Калі слова далі падсуднай, тая цалкам прызнала сваю віну. Таксама стала вядома, што 7 верасня яе ўжо затрымлівалі па падазрэнні ў крымінальным злачынстве. І тады дзяўчына правяла пад вартай 9 сутак.

Пракурор задаваў шмат пытанняў пра падпіску падсуднай на тэлеграм-каналы, выкарыстанне месэнджараў і высвятляў акалічнасці, пры якіх 6 верасня мінулага года дзяўчына апынулася на "Маршы адзінства".

Дар'я растлумачыла, што ў той дзень яна была выхадная і вырашыла выйсці прагуляцца ў цэнтр горада. А калі прыйшла, пабачыла там шмат людзей. Некаторыя, як кажа дзяўчына, былі з плакатамі.

"Калі я падышла, супрацоўнікі міліцыі, АМАП пачалі затрымліваць грамадзян", — сказала дзяўчына. Таксама падабаронная пацвердзіла, што падчас затрымання людзей яна знаходзілася ў натоўпе, але потым выйшла з яго і пайшла ў бок вул. Савецкай.

"Навошта вы выходзілі на праезную частку?" — задаў пытанне пракурор.

"Не ведаю, цікава было", — адказала абвінавачваная.

"Што яшчэ?! Вам колькі гадоў?!" — перайшоў на эмоцыі прадстаўнік абвінавачвання.

"Выйшлі людзі, я выйшла", — сказала Дар'я.

"Людзі з моста скокнуць — я скокну?" — працягнуў пракурор.

"Былі эмоцыі", — адказала падсудная.

Гродненцев продолжают судить за участие в «Марше единства» в сентябре прошлого года. Фото: grodnonew.com
Гродзенцаў працягваюць судзіць за ўдзел у "Маршы адзінства", які адбыўся летась у верасні. Фота: grodnonew.com

Хацела выказаць пратэст супраць гвалту

Пытанні задаваў і суддзя:

"Дар'я Васільеўна, вы абвінавачванне чулі? Вы паказалі, што віну прызнаяце. Зыходзячы з вашых тлумачэнняў… Я не тое што вас папракаю… Калі вы віну прызнаяце, то ў чым?"

Дар'я адказала, што прызнае актыўны ўдзел у мітынгу і растлумачыла, што гэта азначае тое, што "не прыняла для сябе рашэнне сысці, калі апынулася ў натоўпе людзей, і працягвала ўдзельнічаць у мітынгу. Ішла па дарозе". Таксама дзяўчына патлумачыла, што ў "счэпцы" з астатнімі людзьмі яна апынулася, калі побач з прыпынкам "Савецкая" пачаліся затрыманні, і што заклікаў разыйсціся з боку міліцыі яна не чула, бо было шумна і людзі крычалі лозунгі.

"Ці разумелі, з якой мэтай яны крычалі?" — запытаў пракурор.

"Так, мітынг супраць гвалту", — адказала Дар'я.

"Гвалту якога?" — удакладніла абвінавачванне.

"Гвалт быў раней", — працягвала трымаць адказ Дар'я.

"Хто ўжыў гвалт?" — працягнуў задаваць пытанне пракурор.

"Падзеі 9 жніўня", — сказала дзяўчына.

"А што было?" — спытаў абвінаваўца.

"Падзеі, калі супрацоўнікі перавышалі свае паўнамоцтвы", — адказала Дар'я Давідовіч.

"А вы адкуль ведаеце?" — задаў чарговае пытанне пракурор.

"У інтэрнэце пабачыла", — трымала адказ падсудная.

Далей пракурор доўга і ўедліва ўдакладняў, ці бачыла дзяўчына заклікі ў інтэрнэце прыйсці на гэты марш, ці былі яны ў тых СМІ, на якія яна падпісаная ў месэнджарах, ці дзейнічала яна з кімсьці паводле папярэдняй змовы. На апошняе пытанне дзяўчына адказала адмоўна.

"З вашых слоў вы прызнаяце, што ўдзельнічалі ў групавых дзеяннях, так? Тым самым груба парушаючы грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту, звязанае з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады", — спытаў ужо суддзя.

"Так", — адказала дзяўчына.

Пасля яшчэ некалькіх пытанняў пракурора суддзя зноў звярнуўся да падсуднай:

"Мэта вашых дзеянняў — выказаць пратэст супраць гвалту, які ўжывалі супрацоўнікі міліцыі, як вам стала вядома з навінавых каналаў?"

"Так", — сказала Дар'я.

Суддзя паставіў на дазвол пытанне аб магчымасці далейшага працягу судовага следства ў адсутнасць сведак, якія не з'явіліся. Адвакат не настойвала на выкліку сведак, аднак дзяржабвінаваўца заявіў, што настойвае.

На наступных судовых пасяджэннях па справе Дар'і Давідовіч, якія адбыліся 17 і 18 лістапада, былі выслуханыя і зачытаныя паказанні сведак і вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы. Сведак, якія з'явіліся на судовыя пасяджэнні, апытвалі за шырмай "у мэтах забеспячэння асабістай бяспекі". Гэта былі супрацоўнікі міліцыі.

19 лістапада 2021 суд вынес свой вердыкт. Дар'ю Давідовіч прызналі вінаватай у здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" і асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства