viasna on patreon

На адзін год "хіміі" асудзілі жыхара Быхава за абразу супрацоўніка ДАІ

2021 2021-11-18T13:03:22+0300 2021-11-18T13:19:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_byhov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Быхаўскага раёна. Фота spring96.org

Суд Быхаўскага раёна. Фота spring96.org

У судзе Быхаўскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да 22-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Круглені, які абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады. 17 лістапада мужчыну асудзілі да аднаго года "хіміі".

Справу вяла суддзя Наталля Станкевіч, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў намеснік пракурора раёна Яўген Пагодзін. Пацярпелым быў прызнаны інспектар ДПС ДАІ Быхаўскага РАУС Іван Зарэцкі, які заявіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

У першы дзень разгляду ў невялікай зале суда на чатырох лавах прысутнічала 10 супрацоўнікаў мясцовага РАУС.

На пачатку судовага разгляду адвакат Андрэя Круглені заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў крымінальнай справы трох характарыстак з месцаў вучобы: Навучальна-вытворчага комплексу, сярэдняй школы і Магілёўскага абласнога ліцэя, якія станоўча ацэньваюць асобу і якасці абвінавачванага. Суд задаволіў хадайніцтва.

Паводле абвінавачвання, Андрэй Кругленя 18 ліпеня 2021 года, знаходзячыся каля будынку Быхаўскага РАУС, з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт і мабільнага тэлефона iPhone 6, дзейнічаючы наўмысна, разлічваючы на ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальны характар свайго выказвання з мэтай публічнай абразы прадстаўніка ўлады размясціў на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram у агульным доступе відэазапіс абразлівага зместу з негатыўнай ацэнкай інспектара ДПС Івана Зарэцкага ў сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў. Такім чынам абвінавачаны здзейсніў злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Пра існаванне гэтага відэа пацярпелы даведаўся ад іншага інспектара, са зместам роліка азнаёміўся падчас праверкі, якую праводзіла Упраўленне ўласнай бяспекі.

Абвінавачаны знаходзіўся пад вартай з 17 верасня, у судзе ён прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме, выказаў гатовасць кампенсаваць пазоўныя патрабаванні пацярпелага. Па сутнасці выстаўленага абвінавачвання Андрэй Кругленя растлумачыў, што напярэдадні адпачываў на пляжы з сябрамі, дзе замінаў іншым людзям і быў затрыманы супрацоўнікамі РАУС, дастаўлены ў аддзяленне і аштрафаваны на 2 базавыя велічыні.

Калі ён выйшаў з РАУС, у машыне яго чакалі сябры, з якімі ён адпачываў. Да гэтага аўтамабіля падышоў інспектар Зарэцкі, каб зафіксаваць парушэнне ПДР. У адказ на гэта Андрэй Кругленя запісаў дзевяцісекунднае відэа і выклаў яго ў сторыз у Instagram, якое аўтаматычна выдаляецца праз 24 гадзіны пасля апублікавання. Сваім учынкам ён выказаў негатыўную ацэнку таму, што супрацоўнік аштрафаваў ягонага сябра за парушэнне ПДР. Андрэй Кругленя прынёс пацярпеламу свае выбачэнні і аплаціў заяўлены пазоў у перапынку паміж судовымі пасяджэннямі.

Падчас спрэчак дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што змякчальнымі акалічнасцямі па справе з'яўляюцца чыстасардэчнае раскаянне і прызнанне віны, прыняцце мер па кампенсацыі пазоўных патрабаванняў. Пракурор запатрабаваў для Андрэя Круглені пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і штраф у памеры 50 базавых велічыняў.

Адвакат папрасіў прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе двух месяцаў арышту, паколькі ўтрымання пад вартай на працягу гэтага перыяду было дастаткова, каб Кругленя ўсвядоміў сваю памылку.

У выніку суд прызнаў Андрэя Кругленю вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе аднаго года "хіміі" і штрафу ў 30 базавых велічыняў (870 рублёў), а тэлефон абвінавачанага канфіскаваў у прыбытак дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства