Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні сямі новых палітзняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
16 лістапада 2021 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным. Таксама падаецца неабгрунтаваным селектыўнае ўжыванне крымінальных нормаў, якія ахоўваюць персанальныя звесткі, выключна ў мэтах недапушчэння распаўсюду звестак прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, падазраваных у датычнасці да грубых парушэнняў правоў і свабодаў.
Таксама ў адносінах да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай пры адсутнасці дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачанні, то бок пасля прад'яўлення абвінавачання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, пра тое, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".
У прыватнасці, нам вядома пра змяшчэнне пад варту:
- Арцёма Пархамовіча па абвінавачанні паводле арт. арт. 130, 198, 203-1, 352, 364, 365, 366, 389 КК (дапамаганне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асобаў і інш.) за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу, пад вартай у СІЗА знаходзіцца з 22 кастрычніка 2020 года;
- Юліі Лаптановіч па абвінавачанні паводле арт. 203-1 КК за перадачу ў тэлеграм-канал ЧКБ дадзеных старшыні выбарчай камісіі і арт. 361 КК РБ (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- Дзмітрыя Каханоўскага па абвінавачанні паводле ч. 3 арт. 130 КК, за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і суддзяў тэлеграм-каналам.
Таксама нам вядома пра асуджэнне:
- Віталя Бандарука паводле ч.1 арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта). ч. 1 арт. 368 (Публічная абраза прэзідэнта), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) КК за каментары ў сетцы Інтэрнэт, арт. 370 (Здзек з дзяржсімвалаў) КК да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Іллі Дубскага паводле ч. 1 арт. 130, арт. 366 КК (Пагроза гвалтам у дачыненні да прадстаўніка ўлады) за каментары ў сетцы Інтэрнэт і галасавое паведамленне адпаведна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Ірыны Гарашынай паводле ч. 1 арт. 342 (Групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірным сходзе і ч. 2 арт. 203 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных дадзеных) у закрытым судовым пасяджэнні за разгалашэнне звестак супрацоўнікаў АУС да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргея Вінакурава паводле арт. 352 (Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй) за размяшчэнне на інтэрнет-пляцоўцы "Карнікі Беларусі" дадзеных мясцовых супрацоўнікаў АУС да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне.
Згаданыя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў. Іх дзеянні не пацягнулі цяжкіх наступстваў для пацярпелых.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця бы адзін з наступных фактараў: :
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам ці Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед і зняволенне Арцёма Пархамовіча, Юліі Лаптановіч, Дзмітрыя Каханоўскага, Віталя Бандарука, Іллі Дубскага, Ірыны Гарашынай, Сяргея Вінакурава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў меры, працэсуальныя рашэнні і прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнні аб меры стрымання і прысуды;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Ідэнтычнасць і права;
Human Constanta;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.