viasna on patreon

За нанясенне трох надпісаў на прыпынках мужчыну асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі"

2021 2021-11-10T17:58:47+0300 2021-11-10T19:11:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_drogichin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Драгічынскага раёна. Фота spring96.org

Суд Драгічынскага раёна. Фота spring96.org

У судзе Драгічынскага раёна 10 лістапада вынеслі прысуд Яўгену Кожуху, якога вінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК).

Справу разглядала суддзя Юлія Кукса, бок дзаржабвінавачвання прадстаўляў Уладзіслаў Мешчанчук.  

Паводле абвінавачвання, увечары 16 жніўня 2021 года Яўген Кожух, маючы адзіны намер на апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці, знаходзячыся ў грамадскіх месцах, а менавіта на прыпынках грамадскага транспарту "Вулька", размешчаных насупраць дома 22 і 58 па вуліцы Савецкай у аграгарадку Вулька Драгічынскага раёна, і на прыпынку грамадскага транспарту "Сіманавічы", размешчаным каля дома 3 па вуліцы Савецкай у вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна, наўмысна нанёс на сцены згаданых прыпынкаў фарбавальнікам чырвонага колеру з аэразольнага балона цынічныя надпісы і малюнкі: "Жыве Беларусь", "Не забудем. Не простим", "3% уходи", чым апаганіў паказаныя збудаванні і здзейсніў іх псаванне. У выніку чаго абвінавачаны прычыніў шкоду КУП "Брэстаблбуд" на агульную суму 82 рублі 98 капеек.

Яўген Кожух віну прызнаў і добраахвотна ў дасудовым парадку пакрыў шкоду. Паводле яго слоў, ён, нагледзеўшыся відэа ў інтэрнэце і паддаўшыся ўплыву экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, узяў балончык з фарбай, які набыў даўно, і пайшоў па вёсцы расфарбоўваць прыпынкі. На тое, каб абыйсці тры прыпынкі, у мужчыны сышло каля 1,5 гадзін. Пасля ён вярнуўся пешшу дадому, паставіў балончык у гаражы і пайшоў спаць.

"У летні перыяд працаваў у Оршы — пасвілі кароў, і мясцовы доктар даў балончык пазначаць хворых жывёлін. Малінавага колеру фарба ўнутры. Я трошкі дальтонік, блытаюся ў колерах. З тых часоў балончык і ляжаў. Думак схаваць яго не было", — распавёў Яўген Кожух.

Мужчына нікому не казаў, куды ідзе, перасоўваўся пешшу, без мэты. Адзначыў у судзе, што ўсведамляў, напэўна, што псуе вонкавы выгляд, а калі б не ўсведамляў — нанёс бы надпісы ўдзень.

На пытанне, што Кожух хацеў выказаць гэтымі надпісамі, ён адказаў: "Нічога. Глупства сваё".

На калодзежы ў двары дома абвінавачванага напісаная фраза "Жыве Белая Русь", якую з вуліцы не бачна. На пытанне, навошта нанесеная гэта фраза, адказаў, што хацеў паспрабаваць, як піша балончык.

Паколькі ў судзе Яўген Кожух не мог узгадаць, якія надпісы наносіў, былі агучаныя ягоныя паказанні: спачатку на адным прыпынку ён напісаў "Жыве Беларусь", на другім — "Не забудем. Не простим", а ў Сіманавічах — "3% уходи". Абвінавачванага затрымалі на працы супрацоўнікі ГУБАЗіК.

У працэсе быў дапытаны сведка — супрацоўнік Драгічынскага РУУС Мікалай Пухір. Раней ён працаваў участковым, ведаў абвінавачванага. У той дзень раніцай ехаў на машыне і ўбачыў надпіс "Жыве Беларусь" на прыпынку "Вулька", пра гэта ён паведаміў у РУУС. Пра нанесеныя на іншых прыпынках надпісы ён даведаўся ад супрацоўнікаў міліцыі.

З надпісаў былі ўзятыя ўзоры саскобаў фарбы, праведзена экспертыза, паводле вынікаў якой "выявіць, ці з'яўляюцца дадзеныя рэчывы лакафарбавымі матэрыяламі, не ўяўляецца магчымым", а "рэчывы баграна-чырвонага колеру не прыдатныя для правядзення даследавання".

Падчас спрэчак бакоў пракурор паказаў на тое, што з абвінавачвання варта выключыць кваліфікуючую прыкмету "апаганьванне збудаванняў цынічнымі надпісамі", прасіў суд прызнаць Яўгена Кожуха вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.

Абвінавачваны паўтарыў, што прызнае віну, адзначыў, што "без пакарання нічога не праходзіць", але ён усвядоміў сваю памылку. У апошнім слове Яўген Кожух сказаў:

"Здзейсніў — значыць павінен адказаць. Назад дарогі няма. Ужо ўсё зроблена. Навука на ўсё астатняе жыццё будзе".

У выніку суддзя Юлія Кукса пагадзілася з пазіцыяй дзяржабвінавачвання і асудзіла Яўгена Кожуха на 1,5 года "хатняй хіміі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства