Затрыманні і прызнанне экстрэмісцкай "Гарадзенскай Вясны". Хроніка пераследу 6-10 лістапада Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 6-10 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі чэмпіёнку свету па фрыстайле Аляксандру Раманоўскую
Пра гэта паведамляе Фонд спартовай салідарнасці. Яе затрымалі ўчора пасля трэніроўкі прыкладна ў 16:30. Раманоўскую даставілі ў Партызанскі РУУС. БФСС удакладняе, што машыну Раманоўскай спынілі, калі яна вярталася з трэніроўкі, дзяўчыну затрымалі за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню міліцыянта (артыкул 24.3 КаАП).
"Яна была дастаўленая ў Партызанскі РУУС, пазней яе перавезлі ў ІЧУ" — перадае фонд.
Пасля выбараў фрыстайлістка асудзіла гвалт у краіне, за пазіцыю яе звольнілі з РЦАП па фрыстайле.
У Наваполацку на працоўным месцы 10 лістапада супрацоўнікі КДБ затрымлівалі жонку палітзняволенага па "справе Рабочага руху" Аляксандра Капшуля Аксану. Яе адвезлі ў Віцебск і пасля допыту адпусцілі дадому.
У вёсцы Семкава Мінскага раёна затрыманы Дзмітрый Герасімовіч. Меркавана, за БЧБ-ліст на дзвярах прыватнага дома. Мужчыну даставілі ў Заслаўскае РУУС.
У Бабруйску ў сябе дома затрыманы Сяргей Бяляеў. У першай палове дня ў Бяляева правялі ператрус, пасля чаго завезлі ў РАУС. Сваякам Сяргея не паведамілі пра яго затрыманне. І толькі пад вечар яны даведаліся, што яго змясцілі ІЧУ. У чым абвінавачваюць Бяляева - невядома.
Таксама вядома, што затрыманыя Станіслаў Кавалёў і Яўген Балыка. Яны ўтрымліваюцца ў ІЧУ Бабруйску.
У Мінску затрыманы 24-гадовы Дзмітрый Казелька. Ён пайшоў у РУУС адзначацца з нагоды "хатняй хіміі", але адтуль яго адвезлі ў ІЧУ.
Таксама затрыманы студэнт 4-га курса гістфака Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Мацвея Грынкевіча. Хлопец быў затрыманы ў дэканаце. Яму прад'яўляюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Мацвея ідэнтыфікавалі па фота.
Як паведамляе "Гомельская Вясна", супраць пенсіянеркі Людмілы Хлусевіч, якая ўжо асуджана на два гады хатняй хіміі за абразу міліцыянта ў "Аднакласніках", узбуджана новая крымінальная справа. Зноў за абразлівыя каментар. Жанчыне пакуль не выставілі абвінавачанне, яна ў статусе падазраванай. Падчас папярэдняга следства па першай справе Людміла з-за моцнага стрэсу пакідала перадсмяротную запіску.
Палітзняволеных мужа і жонку Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча адпусцілі на волю. Яны пакінулі Беларусь
У пятніцу 5 лістапада іх пакаралі ў дзевяты раз на 15 сутак кожнага па арт. 19.11 КаАП за перасылы адзін адному ў прыватных паведамленнях навінаў з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Такое рашэнне прыняла суддзя Ленінскага раёна Анастасія Ачалава. Агулам у мужа і жонкі налічвалася 126 і 127 сутак арышту па дзевяці пастановах суда.
Негледзячы на пастановы аб арышце, увечары 5 лістапада пасля суду Сяргея і Анастасію адпусцілі на волю з ІЧУ на Акрэсціна без тлумачэння прычынаў. Яны ў хуткім часе пакінулі Беларусь, у чым ім дапамаглі актывісты з BYSOL. Цяпер яны ў бяспецы.
Прызнанне экстрэмісцкай "Гарадзенскай Вясны"
5 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі сайт і сацсеткі "Гарадзенскай вясны" ("Haradzenskaja Viasna"). Гэта вынікае з рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прызнаны экстрэмісцкімі:
- harodniaspring.org;
- https://vk.com/haradzenskajaviasna;
- https://www.facebook.com/ViasnaHaradzenskaja;
- https://twitter.com/harodniaspring.
"Гарадзенская вясна" — рэгіянальны сайт праваабарончага цэнтра "Вясна", які распавядае аб правах чалавека ў гарадзенскім рэгіёне.
Па заявах пракуратуры Партызанскага раёна г. Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-суполак «Партызанскі 97%» і «МДЛУ За Свабоду» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
10 лістапада ў Бабруйску быў ператрус у Аляксандра Шкрадзюка. Справа тычылася зняважальнага каментара ў тэлеграм-канале "Бобруйск Online".
У Мінску паведамляецца пра затрыманне Аксаны Зыбінай. Меркавана, яе затрымалі за "Пагоню" на аўтамабіле.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», затрыманая вядомая актывістка ў сферы жаночых правоў і экс-кіраўніца "Радзіславы" Вольга Гарбунова. Цяпер яна ў ІЧУ на Акрэсціна. Прычына затрымання высвятляецца.
Як паведаміла МУС, Вольгу Гарбунову падазраюць у кіраванні леташнімі жаночымі маршамі. Яе прызналі падазраванай паводле арт. 342 КК.
"Фігурантка правяраецца на дачыненне да іншых злачынстваў пратэстнай накіраванасці, у тым ліку з выкарыстаннем службовага становішча", — паведамляе ведамства.
У Салігорску 9 лістапада затрыманы 53-гадовы Уладзімір Далматовіч.
8 лістапада ў Мінску дома была затрыманая Таццяна Альшэўская. У панядзелак паведамляецца пра затрыманне Кірыла Гайдая. Таксама 8 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Дзмітрыя Кайданова.
Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай затрымалі за маску «Честные люди»
8 лістапада з будынка суда ў ІЧУ забралі Аляксея Канеўскага, сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай. У суд ён быў выкліканы ў якасці сведкі, паведамляюць гомельскія праваабаронцы. Прычынай змяшчэння ў ІЧУ аказалася маска, на якой быў надпіс «Честные люди».
У вёсцы Шэпелі Мінскага раёна 7 лістапада сілавікі затрымалі Аляксандра Карытку. Яго змясцілі ў ІЧУ Мінскага раёна.
Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф Скарыны».
У СІЗА вязняў абмежавалі ў падпісках на друкаваныя выданні
Гэта вынікае з адказу кіраўніка СІЗА-1 Андрэя Цэндрыка на зварот родных палітзняволенага. Аказваецца адпаведныя змены былі ўнесеныя ў Правілы ўнутраннага распарадку следчых ізалятараў яшчэ 30 чэрвеня гэтага года адпаведнай пастановай МУС, а ўступілі ў сілу — 29 верасня.
З ПУР быў выключаны пункт 169: "Падпіска можа быць аформленая на імя асобы, што ўтрымліваецца пад вартай, яго роднымі ці іншымі асобамі".
"У сувязі з чым, афармленне падпіскі ў аддзяленні сувязі вырабляе супрацоўнік СІЗА за кошт сродкаў асобы, што ўтрымліваецца пад вартай, знаходзячыхся на асабовым рахунку. <...>
Раней аформленны перыядычны друк на лістапад і снежань 2021 года, будзе ўручаны адрасату", — падкрэсліваецца ў адказе начальніка СІЗА-1.
Інтэрнэт-рэсурс BYPOL і мабілізацыйны план «Перамога» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»
На палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Войніча аказваецца ціск у калоніі
Паведамляецца, што Андрэй Войніч у магілёўскай калоніі атрымаў два спагнанні і быў змешчаны ў ШІЗА. У сваякоў няма з ім сувязі: яны не атрыліваюць ад яго лістоў, няма званкоў. Таксама сваякі не могуць адправіць Андрэю пасылку з рэчамі і лекі.
Нагадаем, 25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд па справе супраць сямі палітвязняў: Андрэя Войніча асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Палітзняволенаму расейцу Ягору Дуднікаву выставілі новае абвінавачванне
У лістападзе 21-гадоваму грамадзяніну Расіі Ягору Дуднікаву выставілі новае абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці групай асобаў). Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення.
Інфармацыя дапаўняецца.