Чарговы прысуд паводле жнівеньскіх падзей: мужчыну асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі"
9 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 28-гадоваму Яўгену Н. Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Мужчыну вызвалілі ў зале суда.
Справу разгледзела суддзя Юлія Густыр. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Нічыпарук.
Яўгена затрымалі 5 жніўня 2021 года: з таго часу ён знаходзіўся пад вартай.
Згодна з абвінавачаннем, з 21.15 9 жніўня 2020 года па 02:00 10 жніўня 2020, знаходзячыся на праспекце Машэрава, дзейнічаючы ў групе асоб, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А менавіта – публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на доўгае парушэнне спакою грамадзян, спалучанае з відавочным непадпарадкаваннем супрацоўнікам. Таксама яму ў віну ставіўся ўдзел у счэпцы і перашкода руху транспартных сродкаў.
Што расказаў абвінавачаны?
Мужчына прызнаў віну. Ён патлумачыў, што ў 21.15 быў у гандлёвым цэнтры “Галерэя” і планаваў накіравацца да Стэлы: там быў арганізаваны сход людзей, якія не згодныя з вынікамі выбараў. Паколькі ён таксама быў нязгодны, вырашыў далучыцца: меркавалася, што гэта будзе мірнае мерапрыемства.
Ён распавёў, што каля Стэлы было шмат людзей, транспарт не хадзіў. Удзельнікаў пратэстаў і супрацоўнікаў міліцыі большала, натоўп накіроўваўся з праспекта Пераможцаў да вуліцы Машэрава. Яўген адзначыў, што заўсёды ішоў па тратуарнай частцы, але калі супрацоўнікі АУС перакрылі рух, ён апынуўся на праезнай частцы разам з натоўпам. Адказваючы на пытанне адваката, ён удакладніў, што гэта атрымалася спантанна. Людзі скандавалі лозунгі, а потым невядомыя пачалі выносіць смеццевыя бакі на праезную частку.
Мужчына ўзгадаў, што калі людзі выйшлі на праезную частку, то сталі браць адзін аднаго за локці і станавіцца ў счэпку – стаў і ён. Каля 0.15 ён вырашыў сыходзіць. Калі яго затрымалі, то адвялі ў будынак ГУБАЗіК, а потым у ЦІП на Акрэсціна. Там ён знаходзіўся з 10 да 14 жніўня. Да адміністрацыйнай адказнасці ў той раз яго не прыцягвалі.
Што распавялі сведкі?
Сведкамі па справе выступілі бацькі абвінавачанага. Ягоны бацька распавёў, што не ведаў пра ўдзел сына ў масавых мерапрыемствах – ведае толькі, што 10 жніўня яго затрымаў АМАП для высвятлення асобы. Ён распавёў, што сын ніколі не цікавіўся палітыкай, ягонымі інтарэсамі былі камп’ютары і спорт.
Маці Яўгена распавяла, што не ведае, чаму сына затрымалі, калі ён вяртаўся дадому са Стэлы. Сын не казаў ёй, што будзе дзесьці ўдзельнічаць, а сказаў, што пойдзе гуляць па горадзе. Паколькі ў краіне раней такога не адбывалася, выказаць здагадку наконт таго, што адбудзецца, ніхто не мог. Жанчына ахарактарызавала яго як добрага і спагадлівага сына, які заўсёды альбо працаваў, альбо гуляў у футбол.
Што ў матэрыялах справы?
Яўген пазнаў сябе на выяве сярод групы асобаў перад смеццевымі кантэйнерамі. Таксама да матэрыялаў справы далучаныя звесткі аб ягоным перамяшчэнні 9 і 10 жніўня, згодна з білінгам тэлефона: ён быў адключаны 10 жніўня ў раёне плошчы Свабоды, 17.
Што казалі падчас спрэчак?
Пракурор быў упэўнены, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна, і папрасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Абаронца пагадзіўся, што віна даказаная, і папрасіў улічыць чыстасардэчнае раскаянне, пастаянную працу і станоўчую характарыстыку. Суддзя пагадзілася з тэрмінам, які запрасіў пракурор.
Падчас апошняга слова мужчына распавёў пра дні ў ЦІП і СІЗА ў жніўні 2020 года.
“У момант затрымання да мяне была прымененая грубая фізічная сіла. Былі пагрозы жыццю. На Акрэсціна ў мяне не было спальных рэчаў, прадметаў асабістай гігіены, у мяне не было прагулак. Калі я знаходзіўся ў СІЗА, мяне паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізма. Я не лічу, што мае дзеянні 9 жніўня апраўдваюць меры, якія былі прымененыя да мяне падчас майго ўтрымання пад вартай. З моманта 9 жніўня я не бачыў справядлівых і гуманных адносін да сябе, тым не менш сёння ў будынку суда я разлічваю на справядлівасць. Таксама хачу падзякаваць за падтрымку сваім бацькам і сказаць, што я іх вельмі люблю”.