“Жыве Беларусь і будзе жыць вольнай”. У Брэсце вынеслі прысуды пятай частцы абвінавачаных у “масавых беспарадках”
8 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Брэста агучылі прысуд пятай частцы абвінавачаных па справе аб “масавых беспарадках” у горадзе падчас падзей 9-10 жніўня мінулага года. Пра гэта піша "Брэсцкая Вясна".
Суддзя Аляксандр Семянчук пастанавіў прызнаць усіх 19 палітзняволеных, што праходзілі па справе, вінаватымі і прызначыць наступныя пакаранні:
паводле двух артыкулаў — ч. 2 арт. 293 і ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса ("крадзеж") — шляхам складання:
- Шафарэнка Якаў — 5 гадоў 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму + штраф 100 базавых;
- Філімонаў Станіслаў — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму + штраф 100 базавых.
паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса:
- Пекач Яўген — 4 гады і 11 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму (шляхам складання з неадбытай "хіміяй" у 1,5 года);
- Целяшман Аляксандр — 4 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
- Антонаў Марк, Верамей Ілля, Волкаў Руслан, Гарчанюк Ігар, Канцэвіч Філіп, Соўпель Іван, Трацюк Сяргей — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
- Клімчук Арцём, Казлоўскі Віктар, Раманаў Глеб, Сідзюк Раман, Цяліпка Леў, Цімафееў Аляксандр, Хабавец Данііл — па 3 гады 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
- Мазько Павел — 3 гады 6 месяцаў агульнага рэжыму.
Менавіта такія тэрміны для абвінавачаных запрошвалі пракуроры Фёдар Ляшок і Андрэй Манько (за выключэннем Яўгена Пекача, яму прасілі прызначыць 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму).
Што казалі палітвязні ў апошнім слове?
20 кастрычніка на судовым працэсе хлопцы выступалі з апошнім словам. Хтосьці быў кароткі, дзякаваў сям'і і адвакатам, неабыякавым грамадзянам за падтрымку. Хтосьці падрыхтаваў кранальную прамову, а хтосьці і зусім адмовіўся выказвацца.
Пекач Яўген, 24 гады:
“Хачу звярнуцца да сваіх родных і блізкіх, падзякаваць за падтрымку. У чарговы раз задаю сабе пытанне: за што нас судзяць? Судзяць нас не за камяні, якія мы кідалі, спрабуючы абараніцца. Судзяць нас за тое, што гэтая ўлада баіцца, калі народ становіцца адным цэлым. Я лічу, што судзіць павінны не нас, а людзей, якія збівалі мірны народ Беларусі. Яны павінны панесці больш суровае пакаранне, чым мы, і я спадзяюся, што яны да гэтага прыйдуць. Я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў, якія яшчэ вераць, якія не страцілі надзею і змагаюцца: ідзіце да канца, не здавайцеся. Жыве Беларусь і будзе жыць вольнай”.
Антонаў Марк, 26 гадоў:
“Яшчэ ў школе мяне вучылі, што Канстытуцыя ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца Асноўным Законам, з якога ідуць ужо наступныя крымінальныя кодэксы, адміністрацыйныя, выбарчыя і іншыя законы, патрэбныя для падтрымання цэласнасці краіны. Адзіным гарантам Канстытуцыі з'яўляецца народ. Закон для ўсіх Адзіны і кожны мае права на прэзумпцыю невінаватасці. [...] Прашу адзначыць, што ў маіх дзеяннях, якія я здзейсніў 10 жніўня, няма і 97% усяго таго, што ставіцца ў абвінавачванні артыкула 293 КК, а таксама намеру, гвалту з асобы. Чаго нельга адзначыць з адваротнага боку: “пацярпелых”, супрацоўнікаў УУС і спецслужбаў, якія сваімі дзеяннямі “па спыненні масавых беспарадкаў” здзяйснялі затрыманні, стральбу светлашумавымі гранатамі і стрэльбамі, што з боку мірных грамадзян адчуваецца як ваенныя дзеянні і гвалт над безабаронным насельніцтвам.
[...] Я беларус. Я ганаруся, што нарадзіўся ў гэтай краіне і пражыў тут 26 гадоў, з якіх год правёў у турме. Мы ўсе, удзельнікі гэтай справы, нашы сем'і і блізкія, беларускі народ стаміліся ад бясконцых судоў, бясконцых рэпрэсій, пастаянных абраз адзін аднаго. Не важна, хто ты - просты грамадзянін або супрацоўнік у пагонах. Да чаго вядзе гэтая барацьба - асабіста я не ведаю, аднак жаданне дзейнічаць на росквіт гэтай краіны мяне не пакідала і не пакідае. Мне, як і кожнаму ў гэтай зале, хто жыве ў гэтым горадзе, гэтай краіне, хочацца, каб усё гэта хутчэй завяршылася. Я выказваю сваю падтрымку і падзяку сваім блізкім. Мы зможам выстаяць усё гэта, разам мы мацней. Пішыце лісты, чытайце кнігі, любіце краіну і навакольных”.
Раманаў Глеб, 27 гадоў:
“У першую чаргу хачу папрасіць прабачэння ў сям'і за адсутнасць мяне на дадзены момант у яе складзе, бо я з'яўляюся адзінай абаронай і апорай сваёй сям'і. Я даўно не бачыў сваіх дзяцей і вельмі шкадую, што не магу браць удзелу ў іх выхаванні. Бачыць, як яны растуць, тым самым дапамагаць сваёй жонцы выконваць бацькоўскі абавязак. Я хачу падзякаваць сям'і і блізкім за іх дапамогу, неацэнную падтрымку. Хачу таксама пажадаць усім у першую чаргу заставацца сумленнымі з самімі сабой і, вядома ж, цярпення.
Я не зрабіў нічога, што парушае закон, каб у дачыненні да мяне ўжывалі спецсродкі. Высокі суд, прашу вас аб'ектыўна разгледзець артыкул 293 частку 2, што ставіцца мне ў віну. Хачу выказаць сваю нязгоду з абвінавачваннем, бо яно не падлягае характару майго дзеяння. Лічу патрабаванне дзяржабвінаваўцы неабгрунтаваным і вельмі суровым. Папрашу заўважыць, што раней, 14 жніўня 2020, я ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за 10 жніўня і атрымаў штраф. Закон кажа пра тое, што асоба не можа быць пакарана і адміністрацыйнай, і да крымінальнай адказнасцю ў адносінах да аднаго дзеяння”.
Гарчанюк Ігар, 31 год:
“Хачу ад усяго сэрца папрасіць прабачэння ў сваёй жонкі за тое, што узваліў ўвесь цяжар сямейнага быту і дзяцей на яе кволыя плечы. І таксама прашу прабачэння ў сваіх бацькоў”.
Казлоўскі Віктар, 20 гадоў:
“Вядомы пісьменнік Фіцджэральд пісаў: “Жыццё бачыш лепш за ўсё, калі назіраеш яго з адзінага акна”. Лёс мой склаўся так, што, мабыць, мне давядзецца глядзець на гэтае жыццё праз адно акно, і за гэта хачу папрасіць прабачэння ў сваіх блізкіх. За тое, што вось так падставіў іх, вымусіў спраўляцца з цяжкасцямі без мяне. Хачу падзякаваць усім абаронцам, якія ўдзельнічалі не толькі ў нашых працэсах, за тое, што яны спрабавалі адстаяць нашыя правы і рабілі ўсё магчымае. Дзякуй”.
Сідзюк Раман:
“Хачу сказаць дзякуй маёй сям'і за падтрымку, маёй жонцы за нараджэнне дачкі, якую я да гэтага часу не ўбачыў і ўжо 7,5 месяцаў бачу толькі па фатаграфіях. Мне страшна жыць цяпер, дзе за дапамогу чалавеку, за кідок пустой пластыкавай бутэлькі людзі атрымаюць рэальныя тэрміны. Яны прапусцяць, як будуць расці іх дзеці. Я прашу, Высокі суд, даць мне мінімальны тэрмін, каб убачыць яшчэ жывых бацькоў і як расце мая любімая дачка”.
Целяшман Аляксандр, 19 гадоў:
“Высокі суд, я хачу папрасіць прабачэння перад сваімі сваякамі, перад сваёй сястрой, якая нядаўна нарадзіла плямяшку і з якой я мусіў быць побач”.
Цяліпка Леў, 19 гадоў:
“Мяне завуць Леў, 19 гадоў мне споўнілася ў СІЗА, і за час знаходжання тут я ўжо паспеў цалкам расчаравацца ў метадах судовай вытворчасці, таму не асабліва хачу нешта казаць ці неяк апраўдваць сябе. Хацеў проста выказаць падзяку бацькам за падтрымку і многім іншым людзям, якія пішуць лісты”.
Трацюк Сяргей, 36 гадоў:
“[...] Паважліва ставячыся да боку абвінавачвання, але выкарыстоўваючы законнае права даказваць сваю невінаватасць, дадзенае мне Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, лічу, што довады боку абвінавачвання цалкам заснаваныя толькі на здагадках, не маюць доказнай базы і цалкам супярэчаць ч. 2 арт. 293 КК. Можна меркаваць што заўгодна і колькі заўгодна, але толькі здагадкі, не падмацаваныя нічым, не могуць служыць доказнай базай у абвінавачванні мяне. Спасылаюся на падставе ч. 3 арт. 16 КПК, дзе гаворыцца наступнае: “Усе сумневы тлумачацца ў карысць абвінавачанага”. [...]
Мой абаронца правільна сказаў, што я не быў аб'яднаны намерам. Пасля моманту ранення светлашумавой гранатай (10 жніўня), калі з мяне лілося, прабачце, як са свойскай жывёліны, калі яе колюць, і мяне перабінтоўвалі людзі, дапамагалі мне ісці, я іх разагнаў ад сябе, таму што для іх уяўляў патэнцыйную пагрозу. Нават у такой сітуацыі я дзейнічаў індывідуальна. Ніякіх даручэнняў я не выконваў і сам нікому іх не даваў. [...] Атрымаць 4 гады за пластыкавую бутэльку, якая не даляцела, — я лічу, шмат. Больш за ўсё шкадую, што не магу быць побач са сваёй сям'ёй. Асабліва цяжка мне даецца расстанне са сваёй непаўналетняй дачкой".
Нагадаем, дадзены судовы працэс пачаўся 28 ліпеня. Усе асуджаныя па гэтай справе пастаўленыя ў СІЗА на прафілактычны ўлік як “схільныя да экстрэмізму”. Па справе пра так званыя "беспарадкі" 10 жніўня 2020 года ў Брэсце раней было асуджана 46 чалавек.
Да 5,5 гадоў калоніі: пракуроры запрасілі тэрміны для пятай часткі абвінавачаных па справе аб "масавых беспарадках" у Брэсце