viasna on patreon

Палітвязню Аляксею Салдаткіну прысудзілі тры гады "хіміі"

2021 2021-11-08T17:02:49+0300 2021-11-08T17:28:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saldatkin_aliaxey.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 лістапада суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд 25-гадоваму палітвязню Аляксею Салдаткіну. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў яго вінаватым паводле арт.342 КК і прысудзіў яму тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор Арцём Цвяткоў. Палітвязня вызвалілі ў зале суда.

Адвакат папрасіў далучыць да справы стос грамат: Аляксей — выпускнік БДУ, закончыў школу з залатым медалём. Мусіў удзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі ў Токіа, але прапусціў яе праз хваробу. Таксама ён знаходзіўся ў фондзе адораных дзяцей Беларусі.

Аляксея затрымалі 26 жніўня 2021 года праз фотаздымак, зроблены падчас пратэстаў 10 жніўня 2020 года на праспекце Пераможцаў. Гэтыя матэрыялы справы разглядаліся ў закрытым рэжыме. Згодна з абвінавачаннем, палітвязень далучыўся да групы грамадзян, якія ўдзельнічалі ў супрацьпраўных групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак і былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Згодна з абвінавачаннем, ён выкрыкваў лозунгі, наўмысна здзейсніў блакіроўку руху транспарта, а таксама ўзяў удзел у счэпцы.

Хлопец прызнаў, што знаходзіўся ў пазначаным месцы з мэтай выказаць свае палітычныя погляды, а таксама папрасіў прабачэння ў кожнага, каму прычыніў шкоду. Ад дачы наступных паказанняў ён адмовіўся.

Сведкамі падчас судовага паседжання выступілі С.Булко і А. Пажаранка — маці і сябра Салдаткіна. Адвакат і абвінавачаны былі супраць выступу маці Салдаткіна, але яна выступіла перад судом, пачаўшы прамову з фразы: "У мяне найлепшы сын на свеце!" Яна патлумачыла, што не ведала, дзе Аляксей быў у тую ноч, але пазнала яго на фотаздымку.

Падчас спрэчак адвакат заўважыў, што нельга раскідвацца чалавечымі лёсамі. Калі пракурор ахарактарызаваў ягоную асобу "задавальняюча", абаронца запытаў, што калі чалавек, які скончыў школу з залатым медалём, задавальняюча характарызуецца, то хто тады станоўча? "Казаць аб тым, што ён да 10 жніўня пераўтварыўся ў злачынцу, якога трэба ізаляваць ад грамадства, накіраваць яго кудысьці адбываць пакаранне толькі за тое, што ён знаходзіўся на праезнай частцы... Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэкс, акрамя таго, што пакаранне мусіць быць жорсткім, кажуць пра тое, што яно павінна быць і справядлівым у першую чаргу... Мы не можам пераўтварацца ў сярэднявечную дзяржаву, дзе за тое, што скраў, адсякаюць руку". Мы цывілізаваная прававая дзяржава", — адзначыў ён. Таксама ён зрабіў акцэнт на тым, што ў справе няма доказаў яўнага непадпарадкавання: "Мы бачым толькі карцінку, якая пацвярджае, што ён там знаходзіцца і стаіць — усё", — сказаў адвакат. Ён папрасіў спыніць крымінальную справу, але ў выпадку вынясення пакарання, папрасіў суддзю вынесці справядлівае рашэнне.

Сам палітвязень у апошнім слове папрасіў прабачэння ў родных, падзякаваў усім за падтрымку, а таксама сказаў, што больш за ўсё на свеце хоча зараз быць са сваёй жонкай. "Я думаю, што магу прынесці больш карысці грамадству і дзяржаве, знаходзячыся на волі", — сказаў ён.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства