viasna on patreon

Да трох гадоў "хіміі" за ўдзел у пратэстах асудзілі палітзняволенага праграміста

2021 2021-11-05T14:56:49+0300 2021-11-05T14:56:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zimin_902.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 5 лістапада паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў "хіміі" асудзілі 23-гадовага палітзняволенага праграміста Мікіту Зіміна. Яго абвінавацілі ў блакаванні праезду транспарту ў Мінску 10 жніўня. Пасля двух з паловай месяцаў пад вартай ён выйшаў на волю. Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.

zimin_902.jpg
Мікіта Зімін у першыя хвіліны на волі

Паводле версіі абвінавачвання, Мікіта Зімін "з мэтай выказвання палітычных поглядаў і распальвання варожасці ў грамадстве ўзяў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, неаднаразова не падпарадкоўваўся супрацоўнікам. 10 жніўня 2020 не слухаў патрабаванні супрацоўнікаў вызваліць зялёную зону для свабоднага праходу грамадзян, блакаваў каля "Рыгі" праезд транспарту"

Віну Мікіта на судзе прызнаў цалкам.

Паводле Зіміна, 10 жніўня на акцыі пратэсту ён быў са сваім сябрам Несцяровічам (ён таксама цяпер пад арыштам). Сказаў, што абмяркоўваў з ім выбары, сімволікі ў іх пры сабе не было, мелі толькі тэлефон. Галоўным чынам, былі на ходніках, на невялікі прамежак часу выходзілі на праезную частку. Паводле адчуванняў, было некалькі тысяч людзей на акцыі: у некаторых былі БЧБ-сцягі, плакаты, удзельнікі выкрыквалі лозунгі. Сам таксама некалькі разоў крычаў лозунгі. На момант, калі прыйшлі, дарога ўжо была перакрытая. Згодна з ягонымі словамі, сам барыкады не будаваў.

Суддзя Шабуня запытала ў абвінавачванага: як ён мяркуе, ці заміналі ягоныя дзеянні жыць людзям у Мінску. На гэта Зімін сказаў, што стараецца не парушаць ПДР і думаў, што калі дарога ўжо перакрыта, то ягоны выхад на праезную частку ніяк не нашкодзіць.

Як стала вядома на судзе, сілавікі прыехалі затрымліваць Максіма Несцяровіча, але ягоны сябар Зімін, які быў з ім, сказаў, што ён таксама ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, таму яго таксама затрымалі. З 17 жніўня Мікіта быў пад вартай.

На судзе ў якасці доказаў віны абвінавачанага паказвалі "пакаяльныя" відэа Зіміна і яго сябра Несцяровіча, запісаныя з імі адразу пасля затрымання ў ГУБАЗіКу. 

"Мінсктранс" заявіў пазоў на суму 21 667 рублёў 87 капеек за блакаванне транспарту.

У спрэчках пракурор адзначыў, што абвінавачваны бачыў, як Несцяровіч ссоўваў бак для смецця, але не прадухіліў гэта. З перапіскі вынікае, што Несцяровіч і Зімін загадзя спланавалі паход да "Рыгі". Мяркуе, што віна абвінавачанага даказаная, і просіць прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

У судовых спрэчках адвакат Зіміна заявіў, што лічыць тэрмін, запатрабаваны пракурорам, завялікім; таксама ў пазове паказаныя і трамваі, да якіх падабаронны не мае дачынення. Таксама ён адзначыў, што на працягу больш як года юрысты спрачаюцца ў судах па падзеях 2020 года. Зімін — хлопец, які ўпершыню браў удзел у выбарах прэзідэнта. Маладымі людзьмі рухала пачуццё цікаўнасці, інтарэсу — гэта нармальна. І не даказаны злы намер: калі б людзі ішлі з мэтай здзяйсняць злачынствы, не надзявалі б белае адзенне, па якім іх можна было лёгка ідэнтыфікаваць.

У выніку суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла менавіта такое пакаранне, якое патрабаваў пракурор: тры гады "хіміі". Зіміна вызвалілі ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства