Тры гады "хіміі" прызначылі палітвязню за ўдзел у пратэстах
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 1 лістапада да трох гадоў "хіміі" паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі 33-гадовага палітвязня Алега Буйкевіча. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 10 жніўня мінулага года на праспекце Пераможцаў: выкрыкваў лозунгі, блакаваў дарогу "счэпкай" з іншымі пратэстоўцамі. Пасля двух з паловай месяцаў знаходжання пад вартай Алега адпусцілі на волю да накіравання на "хімію".
Паводле версіі абвінавачвання, Алег Буйкевіч "дзеля выканання публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, з'яўляючыся дакладна інфармаваным з розных крыніцаў пра планаванае правядзенне на тэрыторыі г.Мінска 10 жніўня 2020 года масавых мерапрыемстваў, узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў АУС, а менавіта, знаходзячыся на праезнай частцы дарогі, публічна выкрыкваў лозунгі, наўмысна ажыццявіў блакаванне праезнай часткі шляхам сумеснага выхаду з іншымі грамадзянамі ў "счэпцы локцямі" на палосы руху праезнай часткі дарогі на пр. Пераможцаў у г.Мінску. Вышэйпаказаныя дзеянні абмежавалі правы грамадзян на вольнае перасоўванне, а таксама блакавалі рух транспарту і перашкаджалі звычайнай працы КТУП "Мінсктранс".
На судзе Алег Буйкевіч прызнаў віну цалкам.
У выніку, суддзя Андрэй Млечка прызнаў палітвязня вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін тры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.