Слесара Андрэя Юніка пакаралі трыма гадамі "хатняй хіміі" за падзеі 2020 года
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 3 лістапада вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхара Вялікага Сціклева слесара Андрэя Юніка. Мужчыну абвінавацілі у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (арт. 342 КК РБ).
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца – пракурор Генеральнай пракуратуры Ганчар.
Андрэй Юнік - 1988 года нараджэння, працуе слесарам, халасты, дзяцей не мае.
Па матэрыялах абвінавачвання, 6 верасня 2020 года, у перыяд з 13 до 20 гадзін, знаходзячыся на праспектах Незалежнасці і Машэрава, а таксама вуліцы Леніна, у тым ліку на праезнай частцы, дзейнічаючы ў групе асоб, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, Публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на працяглае парушэнне спакою грамадзян.
Неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Наўмысна перашкаджаў руху транспартных сродкаў, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемства.
"Крычаў пару разоў “Жыве Беларусь”. У далоні не пляскаў": пракуратура запрасіла тры гады "хатняй хіміі"
Пракурор заявіў, што віна Юніка даказаная паказаннямі абвінавачанага і матэрыяламі справы.
Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла прысуд: прызнаць вінаватым і пакараць абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады. Менавіта столькі і запрасіў для Юніка пракурор.
Таксама суд вынес прыватнае вызначэнне аб апавяшчэнні прадпрыемства, дзе працуе Юнік, аб прысудзе.