Хроніка палітычнага пераследу 26 кастрычніка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за аўторак, 26 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрыманы Яўген Юрэвіч. Падрабязнасці і прычыны пакуль невядомыя.
Суды над затрыманымі гамельчукамі
Учора ў Гомелі затрымалі каля 30 чалавек: у іх праводзілі ператрусы, з многімі здымалі "пакаяльнае відэа". Вядома, што на некаторых склалі адміністрацыйныя пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Над некаторымі затрыманымі суды прайшлі ячшэ ўчора, у дзень затрымання. Сёння таксама чакаюцца суды, але на стэнд не вывешваецца расклад.
Сёння працягваюцца затрыманні ў Гомелі. Супрацоўнікамі ГУБАЗіКа былі затрыманыя муж і жонка Аляксандр і Алена Кравец. На праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся кадры затрымання гамельчука і фотаздымак кватэры сям'і. Таксама затрыманыя Сяргей Сцепанец, Юлія Раманько, Наталля Сопат, Міхаіл Уласенка, Алег Дзерабін.
Спіс затрыманых 25 кастрычніка ў Гомелі
Новы адміністрацыйны пратакол на палітзняволенага
На палітзняволенага Вадзіма Ермашука, які ўтрымліваецца ў гродненскай турме, склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП).
Вадзіма затрымалі 16 жніўня падчас паездкі ў Шчучын, дзе ён зьбіраўся паглядзець пляцоўку для ролераў і скейтэраў. Яго асудзілі за «арганізацыю масавага мерапрыемства» і «хуліганскія дзеянні».
Пасля затрыманьня на яго завялі дзве крымінальныя справы — за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «абразу прэзідэнта».
Трымаюць Ермашука ў Горадні, у камеры з ім яшчэ 15 чалавек. Пра гэта паведаміла сяброўка блогера.
Супраць асуджанай фігуранткі "справы карагодаў" завялі новыя крымінальныя справы
На маці траіх дзяцей, асуджаную фігурантку "справы карагодаў", Юлію Лаптановіч завялі дзве новыя крымінальная справы: ч. 2 арт. 361 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) і ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Цяпер яе ўтрымліваюць у СІЗА-7.
Юлія затрымалі 14 кастрычніка пасля ператрусу дома ў сямʼі Лаптановічаў.
Па "справе карагодаў" на 2,5 года калоніі быў асуджаны муж Юліі Ігар Лаптановіч, а сама яна – на тры гады «хатняй хіміі». Трое дзяцей засталіся з бабуляй.
Мікалая Уласевіча зноў выклікаюць на допыт у Следчы камітэт
Грамадскага актывіста Мікалая Уласевіча з мястэчка Варняны, што на Астравеччыне, зноў выклікаюць у Следчы камітэт.
Як паведаміў Уласевіч, яго выклікаюць як сведку на 26 кастрычніка на 12.30 у Астравецкі раённы аддзел СК. Прычым зноў незразумела па якой крымінальнай справе для правядзення следчых ці працэсуальных дзеянняў.
Напомнім, што ў жніўня Уласевіча ўжо выклікалі ў следчы камітэт сведкам па двух фактах, па якіх Уласевіч нічога не ведаў і нават не здагадваўся пра іх. У адным выпадку гутарка ішла пра зрыванне, пашкоджанне і выкіданне ў гной банера з чырвона-зялёным сцягам у вёсцы Трокенікі Астравецкага раёну.
Палітвязня Дзяніса Івашына не выпусцілі з карцару. Яму дадалі яшчэ 7 сутак
Жонка палітзняволенага журналіста Вольга паведамляе, што ў нядзелю пасля 6-сутачнага пакарання Дзяніса Івашына не выпусцілі з карцару. Замест гэтага палітвязня будуць там утрымліваць яшчэ 7 сутак. Вольга піша, што Дзянісу ў карцары не аддаюць выданні, на якія ён падпісаны, а таксама не перадаюць лісты.
Інфармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.