viasna on patreon

"Тата паехаў працаваць з салдацікамі". Распавядаем пра палітзняволенага чыгуначніка, асуджанага за замыканне рэек Фота

2021 2021-10-25T13:02:00+0300 2021-10-25T13:02:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lankevich_vladimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволенага жыхара Баранавіч Уладзіміра Ланкевіча асудзілі сёлета ў красавіку да трох гадоў зняволення, якія ён ужо адбывае ў "Віцьбе". 33-гадовага машыніста цеплавоза прызналі вінаватым у спробе блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам замыкання рэек. Дома Уладзіміра чакаюць жонка, двухгадовы сын і пяцігадовая дачка, якім маці кажа, што тата "паехаў працаваць з салдацікамі". Нядаўна палітвязню далі вымову ў калоніі за тое, што на абедзе еў згушчонку. Сваякі палітвязня распавялі "Вясне" гісторыю Уладзіміра. 

Владимир Ланкевич с детьми
Уладзімір Ланкевіч з дзецьмі

Паклалі на падлогу пры дзецях. Як затрымалі і за што асудзілі Уладзіміра?

Паводле сваякоў, Уладзіміра Ланкевіча затрымалі 7 снежня мінулага года ў яго дома ў Баранавічах. Падчас затрымання ў кватэры знаходзіліся жонка і двое дзяцей.

"Проста ў дзверы прагучаў званок, Уладзімір пайшоў адчыняць. Не паглядзеў у вочка, адчыніў і адразу ж уварваліся [сілавікі]. Паклалі на падлогу проста пры дзецях. Пачалі крычаць, каб жонка прыбрала дзяцей. З таго моманту больш ён не на волі", — узгадваюць сваякі.

Да суда Уладзімір утрымліваўся пад вартай. 27 красавіка суддзя суда Баранавіцкага раёна Іна Паўлоўская асудзіла 33-гадовага Уладзіміра Ланкевіча паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 309 Крымінальнага кодэкса (замах на наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносін) і прызначыла тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Яшчэ дваіх фігурантаў гэтай справы — 29-гадовага Сяргея Богдана і 31-гадовага Віктара Іванцова — асудзілі да трох і двух гадоў калоніі адпаведна.

Згодна з версіяй абвінавачвання, абвінавачаныя праводзілі па дзве спробы заблакаваць рух чыгуначнага транспарту. Некаторыя скончыліся няўдачай, а ў двух выпадках блакаванне спрацавала: у выніку быў парушаны рух цягнікоў. Замыканне рэйкавага ланцуга, змяшчэнне камянёў паміж рэйкамі і механізмамі стрэлкавых пераводаў, уздзеянне з выкарыстаннем металічных гаечных ключоў на сістэму мікрапрацэсарнага паўаўтаматычнага блакавання руху цягнікоў было кваліфікавана як прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносін і замах на яго.

Владимира ведут на суд
Уладзіміра вядуць на суд

На судзе Уладзімір прызнаў віну часткова. Абвінавачаныя прызналі самі дзеянні, але адмаўлялі якія-небудзь пашкоджанні: усе ўчасткі чыгункі, да якіх датыкаліся, не страцілі працаздольнасці, што не можа быць кваліфікавана як злачынства. Яны запэўнівалі, што ведалі: нічога небяспечнага ад іх дзеянняў не будзе. І таму лічаць, што не здзяйснялі злачынстваў, а проста "задаволілі цікаўнасць". Адвакаты на судзе казалі, што ў іх дзеяннях толькі склад адміністрацыйнага правапарушэння.

Адбываць пакаранне Уладзіміра адправілі ў калонію №3 "Віцьба".

Здымак Уладзіміра вісеў ў Беларускай чыгунцы на дошцы гонару як найлепшага супрацоўніка

Владимир Ланкевич на доске почета
Здымак Уладзіміра Ланкевіча на дошцы гонару

Працы на Беларускай чыгунцы Уладзімір прысвяціў каля дзесяці гадоў жыцця. Як распавядаюць ягоныя сваякі, на памочніка машыніста ён пайшоў вучыцца адразу пасля службы ў арміі ва ўнутраных войсках МУС у 2010 годзе. За гэты час ён павялічыў кваліфікацыю да машыніста. Уладзімір паспяхова працаваў на гэтай пасадзе, пра што кажуць яго пахвалы ў арганізацыі і адзнака на дошцы гонару.

"На гэты момант ён ужо не лічыцца супрацоўнікам Беларускай чыгункі, яго звольнілі. Ну гэта лагічна, усіх каго "бяруць" — адразу ж звальняюць. Ён быў добрасумленным супрацоўнікам чыгункі. Мы заўсёды ім ганарыліся", — распавядаюць сваякі палітвязня. 

Жонка адварочвала дзяцей, каб яны не бачылі, што тату вядуць у кайданках

Владимир Ланкевич с семьей
Уладзімір Ланкевіч з сям'ёй

Вольны ад працы час Уладзімір прысвячаў дзецям — двухгадоваму сыну Давіду і пяцігадовай дачушцы Эміліі. Цяпер іх маці кажа, што тата "паехаў працаваць з салдацікамі". Уладзімір дасылае дзецям лісты з малюнкамі.

У баранавіцкім СІЗА Уладзіміру дазволілі спатканне з сям'ёй. Калі яго вялі на сустрэчу, то жонка адварочвала дзяцей, каб яны не бачылі, што тату вядуць у кайданках. 

"Натуральна, дзеткі сумуюць без яго, асабліва дачка Эмілія. Кажа: "Я да таты хачу..."

"Нават знаходзячыся там, ён намагаецца быць у гуморы"

"Ён выдатны сем'янін. Спакойны, разважлівы, неагрэсіўны. Заўсёды намагаецца быць на пазітыве. Нават знаходзячыся там, ён намагаецца быць у гуморы — у лістах гэта адчуваецца. Заўсёды дапаможа ўсім, чым можа, нават у шкоду сабе", — характарызуюць Уладзіміра сваякі.

Што піша ў лістах палітвязень? 

Паводле слоў сваякоў, яны імкнуцца падтрымліваць пастаянную сувязь з ім праз лісты. У іх Уладзімір піша пра свой побыт: што есць, што атачае яго, чым займаецца. У нядаўнім сваім лісце ён намаляваў партрэты сваіх дзяцей.

"Мне хочацца быць побач хаця б праз інфармацыю пра вас", — піша Уладзімір сям'і.  

У СІЗА ў Баранавічах ён імкнуўся займацца фізкультурай, таму Уладзімір прасіў дасылаць трэніроўкі. Сваякі адправілі яму практыкаванняў на шэсць аркушаў.

"Я ўжо не магу чытаць ягоныя лісты, эмацыйна цяжка. Я дагэтуль не змірыўся з гэтым", — кажа адзін са сваякоў Уладзіміра.

На цяперашні момант палітвязень знаходзіцца ў трэцяй калоніі "Віцьбе". Нядаўна яму прызначылі дысцыплінарнае спагнанне за тое, што на абедзе еў згушчонку.

Пра што можна пісаць у лістах Уладзіміру? 

Сваякі распавядаюць, што Уладзімір захапляецца рыбалкай — раней любіў ездзіць на яе са стрыечным братам. Палітвязень малюе дзецям у лістах карцінкі, таму можна дасылаць яму натхняльныя паштоўкі з цікавымі сюжэтамі. Як чалавеку, які аддана адпрацаваў каля дзесяці гадоў на чыгунцы, Уладзіміру цікава будзе пагутарыць пра гэта ў лістах. Да зняволення ён слухаў "Касту", падабаўся адзін з апошніх кліпаў гурта. Таксама сваякі просяць дасылаць Уладзіміру практыкаванні па фізкультуры: 

"Мы дасылалі, што ведалі, але ж мы не прафесіяналы, баімся штосьці няправільна падказаць. А то гэтак і здароўе падарваць можна…"

Падтрымаць Уладзіміра лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:

ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба,

Уладзімір Аляксандравіч Ланкевіч

"Я так радуюся канвертам пад падушкай, проста як дзіцё — цукерцы смачнай", — піша сам Уладзімір.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства