"У краіне ідзе вайна з народам". За якія каментары жыхара Асіповічаў асудзілі да пяці гадоў калоніі
Магілёўскі абласны суд 7 кастрычніка прызначыў пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму 24-гадоваму асіпаўчаніну Іллю Дубскаму. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 130 (распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да сілавікоў) і 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) за 16 каментароў у тэлеграм-каналах "Осиповичи для жизни" і "Минск 97%", а таксама за галасавое паведамленне з пагрозамі ў Viber маёру спецназу. Сярод пакінутых каментары: "позор МВД и военным", "мусорье поганое", "все уже на пределе", "кидать в него камень" і іншыя. Першае апытанне Дубскага па факце пакінутых ім каментароў у тэлеграм-каналах адбылося ў ІЧУ Асіповічаў, дзе ён адбываў 13-сутачны арышт па артыкуле 24.23 КаАП. Паводле слоў сваякоў, адтуль ён выйшаў "з апёкамі ад цыгарэт на целе, на руках". На судзе агучылі вынікі экспертызы, якая пацвердзіла, што напісанне каментароў абумоўлена наяўнасцю ў Іллі псіхічнага захворвання. Крымінальную справу разглядала суддзя Магілёўскага абласнога суду Ірына Ланчава. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома пра крымінальную справу і суд над асіпаўчанінам.
Што вядома пра Іллю Дубскага?
Іллю Дубскаму з Асіповічаў — 24 гады. З іх два гады ён ужо паспеў адбыць у калоніі па наркатычным артыкуле 328 КК за “закладкі”. Пасля гэтага ён яшчэ раз трапіў у сістэму ДВП МУС — адбываў тры з паловай гады "хіміі" за злоснае хуліганства, выйшаў па амністыі.
Да восені 2020 года жыў і працаваў у Расіі, а потым вырашыў вярнуцца.
У лістападзе 2020 года ён пайшоў у краму па цыгарэты і знік. Пазней высветлілася, што яго арыштавалі ў судзе Асіповіцкага раёна на 13 сутак паводле 23.34 КаАП за тое, што ён, нібыта, пакінуў каментар у адным з лакальных тэлеграм-каналаў, заклікаючы асіпаўчан выходзіць на акцыі пратэсту.
"Выявілі прыкметы экстрэмізму". Як распачалі крымінальную справу супраць асіпаўчаніна?
На працэсе ў Магілёўскім абласным судзе ў якасці сведкі дапыталі оперупаўнаважанага, старшага інспектара ГУСБ Магілёўскай вобласці Валерыя Іванавіча Міньякова, у службовыя абавязкі якога ўваходзіць, у тым ліку, абарона гонару і годнасці супрацоўнікаў АУС. З яго сведчанняў на судзе стала вядома, як завялі крымінальную справу супраць асіпаўчаніна.
Як высветлілася, на адміністрацыйным працэсе ў Асіповічах у лістападзе Дубскі прызнаў, што акаўнт "BADMAN" у тэлеграме належыць яму. Міньякоў падчас маніторынгу сацсетак на прадмет пагрозаў і абразаў супрацоўнікаў міліцыі выявіў каментары ў тэлеграм-канале "Осиповичи для жизни" і "Минск 97%", якія пакінуў акаўнт "BADMAN". Але назваць змест гэтых каментароў на судзе інспектар не змог. Міньякоў паехаў да Дубскага ў ІЧУ Асіповічаў, каб правесці праверку. З яго слоў на судзе, там ён паказваў яму скрыншоты з тэлеграма з каментарамі і браў тлумачэнні з нагоды таго, ці пакідаў ён гэтыя каментары. Дубскі прызнаў віну.
"Ён распавядаў мне, што ў выбарах не браў удзелу, таму што быў у Расіі. Вярнуўся ў верасні. Але ўвесь гэты час ён сачыў за падзеямі ў Беларусі з сацсетак. З яго слоў, ён быў абураны той інфармацыяй, якая ў інтэрнэце размяшчалася пра тое, што супрацоўнікі міліцыі ўжывалі гвалт. З яго слоў, ён быў гэтым абураны. Пакідаў каментары, знаходзячыся ў эмацыйным стане нейкім", — распавядаў на судзе Міньякоў.
Інспектар сказаў на працэсе, што пасля гэтага каментары былі адпраўлены на экспертызу, якая "выявіла прыкметы экстрэмізму, якія распальваюць сацыяльную варажнечу". Калі Ілля адбываў 13-сутачны арышт, дома ў яго быў праведзены ператрус. Як адзначыў на судзе Міньякоў, падчас апытання ў ІЧУ Асіповічаў Дубскі сказаў, з якога тэлефона пакінуў каментары, таму “асаблівая ўвага падчас ператрусу надавалася менавіта гэтаму тэлефону”. У выніку ператрусу былі канфіскаваныя два тэлефоны. Інспектар накіраваў матэрыялы праверкі ў Следчы камітэт, дзе была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулаў 359 і 130 КК.
Сваякі Дубскага: Выйшаў з ІЧУ Асіповічаў з апёкамі ад цыгарэт на целе, на твары, на руках
Раней сваякі Іллі Дубскага распавядалі “Нашай Ніве”, што 13 сутак адміністрацыйнага арышту зрабілі са звычайнага хлопца панурага і замкнёнага ў сабе чалавека. З асіповіцкага ІЧУ ён выйшаў з апёкамі ад загашаных "бычкоў" на целе, руках і твары. Ён так і не распавёў, што адбывалася з ім у ізалятары.
"Пасля гэтых сутак ён выйшаў іншым чалавекам. Стаў вельмі замкнёным у сабе. Яго там катавалі ці што, невядома. Але ён выйшаў з апёкамі ад цыгарэт, — кажа адзін са сваякоў. — Бачылі на свае вочы: апёкі былі на целе, на руках. Былі апёкі нават на твары. Ён спачатку хаваў гэта, адрасціў бараду, але калі пачалі пытацца, чаму ён не голіцца, Ілля паказаў апёкі на твары і папрасіў не казаць пра іх бацькам.
Ілля казаў, што гэта зрабілі праваахоўнікі, што яго прымусілі ў нечым прызнацца. У чым — не казаў.
Той чалавек, які выйшаў пасля 13 сутак, — гэта не Ілля. Гэта забіты і зацюканы чалавек.
Пасля тых сутак ён дзіка баяўся сілавікоў. Амаль перастаў выходзіць з хаты, нават не ішоў на працу, хоць меў прапановы".
Пасля 13-сутачнага арышту Ілля Дубскі выйшаў на волю. За чатыры месяцы ў кватэру, дзе ён жыў з бацькам і маці, некалькі разоў прыходзілі сілавікі. 16 сакавіка 2021 года яго затрымалі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да сілавікоў), аднак працэсуальна яго аформілі толькі 17 сакавіка, як гэта зрабілася вядома з матэрыялаў справы, агучаных на судзе. Іллю ўзялі пад варту ў магілёўскую турму.
На судзе высветлілася, што, акрамя арт. 130 КК, Дубскаму прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 366 КК — гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі.
У чым абвінавацілі 24-гадовага асіпаўчаніна?
Згодна з версіяй абвінавачання, піша mspring.media, Ілля Дубскі "з 11 жніўня па 15 лістапада ў тэлеграм-каналах "Осиповичи для жизни" і "Минск 97%" размясціў каментары, у якіх утрымліваліся выказванні заахвочвальнага характару, якія заклікалі да гвалтоўных дзеянняў адной групы асобаў у адносінах да іншых груп асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прыналежнасці да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іншых прадстаўнікоў улады, вайскоўцаў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь". Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Таксама Дубскі 11 ці 12 верасня ў адправіў у Viber галасавое паведамленне Ігару Ланчуку — камандзіру разведвальнай групы спецыяльнага прызначэння 1 асаблівага атрада спецыяльнага прызначэння 5 асобнай брыгады сіл спецыяльных аперацый (Мар'іна Горка). У гэтым паведамленні абвінавачваны “выказаў на адрас Ланчука пагрозы ўжывання фізічнага гвалту, якія суправаджаюцца ненарматыўнай лексікай, якія пацярпелы, праслухаўшы паведамленне, успрыняў рэальна і асцерагаўся іх ажыццяўлення”. Тым самым Дубскі здзейсніў пагрозу гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, з помсты за выкананне службовых абавязкаў, то бок злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 366 КК.
На судзе зачыталі матэрыялы экспертызы, якую праводзілі супрацоўнікі МДУ імя Куляшова, на прадмет наяўнасці заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і прыкметаў распальвання сацыяльнай варожасці. З іх стала вядома, якія каментары Дубскага кваліфікавалі паводле арт. 130 і 366 КК. Сярод іх тэкставыя паведамленні: "позор МВД и военным", "мусорье поганое", "мусора <нецэнзурная лаянка>, скоро вас буду вешать на каждом суку, чуток осталось вам, придет время. Присягу прочитайте, додики, фашисты", "все уже на пределе", "всех ждет расстрел <нрзбрлв> 90% нужно казнить", "в стране идет война с народом, мусора — ОПГ", "когда мы уже начнем <нецэнзурная лаянка> коктейлями Молотова, чтобы они уже ушли отсюда", "кидать в него камень", "объясните своим детям, женам, что завтра их могут <нецэнзурная лаянка> по голове дубинкой возле подъезда <нецэнзурная лаянка>".
На судзе заслухалі аўдыёзапіс галасавога паведамлення Дубскага, якое ён пакінуў у тэлеграм-канале:
"Осиповичи, мне за вас стыдно, вы с*ыкуны, <нецэнзурная лаянка> с*ците, <нрзбрлв> в Минске <нецэнзурная лаянка>, с мусорами, а вы с*цытесь, сидите по домам, шакалы <нецэнзурная лаянка>".
Таксама на працэсе заслухалі аўдыяпаведамленне, якое абвінавачваны адправіў ў Viber пацярпеламу маёру спецназа Ланчуку:
"Ты чмо <нецэнзурная лаянка>. Надеюсь, вас скоро начнут вырезать, <нецэнзурная лаянка>, по-одному, <нецэнзурная лаянка> в подъезде, перед квартирой <нецэнзурная лаянка> перед детьми, перед женами, <нецэнзурная лаянка>. Резать шеи, как грязной свинье <нецэнзурная лаянка>".
Але на судзе высветлілася, што пацярпелы не рабіў паўгода ніякіх дзеянняў па прыцягненні адпраўніка паведамлення да адказнасці.
Дубскі на судзе прызнаў сваю віну часткова.
Што казаў на судзе абвінавачваны?
Ілля Дубскі распавёў, што сам даў паролі ад усіх патрэбных месэнджараў, калі ім зацікавіліся следчыя. Свае каментары Дубскі апраўдваў тым, што яго ўзбурылі рэпрэсіі, катаванні і збіванні беларусаў. На судзе ён пацвердзіў, што пакідаў каментары, але такім чынам ён выказваў сваё абурэнне, магчыма, даваў негатыўную ацэнку тым падзеям і меў на мэце толькі абразіць супрацоўнікаў АУС, якія, на ягоную думку, дзейнічалі няправільна.
Як на судзе звярнуў увагу адвакат абвінавачванага, паводле версіі абвінавачвання, Дубскі "з мэтай публічнага ўздзеяння на грамадскую свядомасць і ўзбуджэння варожага стаўлення пакідаў каментары". Але, паводле меркавання абаронцы, Дубскі не мог мець такія мэты, у яго не было такога намеру, ягоныя каментары не могуць быць кваліфікаваныя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза пацвердзіла, што Ілля не зусім умее кантраляваць свае эмоцыі.
Ілля Дубскі у апошнім слове быў эмацыйны:
“Высокі суд, у сваіх паведамленнях я меў на ўвазе дзеянні, якія адбываліся ў нас даўно ў гісторыі, калі я не памыляюся, у 1917 годзе, калі давялі народ да такога стану, што яны рабілі падобныя рэчы. У паведамленнях я казаў пра гэта ж — толькі сваімі словамі. Я клянуся сваім жыццём, што дзеянняў, якія трактуюцца тут як артыкулы 130 і 366 КК, я не хацеў. І тое, што я на эмоцыях напісаў… У мяне тры сястры і чатыры маленькія брацікі [плача], а ў нас у краіне незразумела што. Адзінае, чаго я хацеў, — каб гэта спынілася. Я не вінаваты, што я па псіхіцы такі чалавек. Я такім вырас. Так, я зрабіў гэта. Але большасць я не памятаю нават, што пісаў. Я не хацеў прычыніць людзям ніякай шкоды. Тое, што абражаў нецэнзурнай лексікай кагосьці, я не хацеў гэтага. Клянуся сваім жыццём. Сваю віну, адпаведна, прызнаю і раскайваюся. Я так сапраўды больш не буду. Я раней наогул не ведаў, што такое можа быць [плача]”.
Чым усё скончылася?
7 кастрычніка суддзя Магілёўскага абласнога суда Ірына Ланчава асудзіла Дубскага да пяці гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.