У палітзняволенай Наталлі Хершэ пачалі выпадаць валасы

2021 2021-10-20T17:49:38+0300 2021-10-20T18:15:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hershe_2020-12-07.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У палітзняволенай Наталлі Хершэ з'явілася праблема, звязаная са здароўем. У яе пачалі выпадаць валасы: хутка і ў вялікай колькасці, але патрэбныя лекі перадаць пакуль немагчыма. Пра гэта распавёў брат Наталлі Генадзь Касьян.

Наталья Хершэ на судзе 7 снежня
Наталля Хершэ на судзе 7 снежня

У Наталлі Хершэ адбыўся гарманальны збой. Яшчэ ў Швейцарыі ўрач Наталлі прызначыў ёй дзеля гэтага спецыяльны прэпарат. Але лекарка магілёўскай турмы (дзе зараз адбывае пакаранне Наталля) не палічыла патрэбным прызначыць ёй гэты ж прэпарат. Хаця Наталля Хершэ яе вельмі пра гэта прасіла, адзначае Генадзь. Таму гэты прэпарат перадаць для Наталлі ў турму пакуль немагчыма.

Раней Наталля Хершэ прымала гэты гарманальны прэпарат падчас свайго жыцця ў Швейцарыі. Зараз яна звязвае прычыну выпадзення валасоў з адсутнасцю прыёму гэтых гармонаў. Як адзначае яе брат, працэс выпадзення валасоў паскорыўся цягам апошніх двух месяцаў.

Таксама сёння, 20 кастрычніка, у Наталлі Хершэ дзень народзінаў — ёй спаўняецца 52 гады. Генадзь Касьян заклікае ўсіх дасылаць Наталлі віншаванні. Зручна гэта зрабіць праз службу гібрыднай пошты: паведамленні даходзяць прыкладна за гадзіну, а каштуе прыкладна адзін рубель. Для гэтага трэба зайсці ў аддзяленне пошты, папрасіць і запоўніць бланк замовы для адпраўлення NETЛІСТ. Адрас: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

7 снежня 2020 года Наталлю Хершэ асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак). 27 верасня яе з гомельскай калоніі перавялі ў магілёўскую турму №4. Хершэ мае падвойнае грамадзянства — Беларусі і Швейцарыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства