viasna on patreon

Доўгі суд палітвязня Алега Хічова: працэс над ім пачаўся яшчэ ў ліпені

2021 2021-10-19T08:35:12+0300 2021-10-19T11:01:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hichou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Хічоў. Фота з сацыяльных сетак.

Алег Хічоў. Фота з сацыяльных сетак.

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 18 кастрычніка вынесены прысуд па  крымінальнай справе палітвязня Алега Хічова, якога абвінавачваюць у арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт.342 КК РБ).

Працэс вёў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржабвінаваўца – пракурор Цімафіевіч.

Палітвязень Алег Хічоў быў затрыманы 31 мая і да суда змешчаны ў ІЧУ.

Пракурор агалошвае матэрыялы судовага следства.

Алег Хічоў 10 жніўня 2020 года прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, выходзіў на праезную частку, ствараў перашкоды для руху грамадскага транспарту.

Сведка, супрацоўнік ДАІ, пад час допыту патлумачыў, што зараз шмат чаго не памятае, таму суд зачытаў ягоныя папярэднія паказанні. Па загадзе кіраўніцтва і напарніка, перакрылі вечарам 10 жніўня 2020 года дарогу перад аўтамабільнай развязкай каля філармоніі. Людзі шлі праз мост, раку Нёман да філармоніі. Група людзей была незадаволеная вынікамі выбараў, ішла і крычала “Верым, Можам, Пераможам”.

На пытанне адваката на судовым пасяджэнні 9 верасня адказвае, што людзі ішлі ў калоне, ад старога моста па праезнай частцы. ДАІ перакрыла рух з двух бакоў з пл. Савецкая і на кальцы каля філармоніі. Транспарт не хадзіў, паколькі дарога была перакрытая з двух бакоў, людзі прайшлі, нікому не замінаючы, нехта з натоўпу кідаў фаеры на праезную частку.

Адвакат просіць агучыць паўторна паказанні кіроўцаў аўтобусаў і тралейбусаў. Пракурор пярэчыць.

Суддзя апавяшчае: Даведка з аўтапарка і тралейбуснага ўпраўлення за ўвесь жнівень на 52 рублі з 09.08 па 13.08.2020 года.

Пракурор: "Пададзены грамадзянскі пазоў ААТ "Аўтобусны парк Гродна" - шкода на 8 рублёў 7 капеек.”

Дзяржабвінаваўца ў інтарэсах аўтапарка просіць спагнаць з Хічова на карысць аўтапарка 8 рублёў 7 капеек. Хічоў пазоў прызнаў, аднак кажа, што яго раней не прад’яўлялі, а з копіяй заявы ён азнаёміўся толькі цяпер.

Пракурор працягвае: "Маецца таксама грамадзянскі пазоў з тралейбуснага ўпраўлення на суму 621 рубель 43 капейкі.

На пытанне адваката, чаму так позна прад’явілі пазоў,  прадстаўнік упраўлення адказала, што дырэктару нехта ўчора патэлефанаваў і сказаў прыйсці ў суд з нагоды 10.08.20. Юрконсульт нічога не ведае. Проста прыйшла цяпер даць разлікі.

Адвакат пытаецца, ці прыклалі разлік да пазову.

- З сабой няма, а даверанасць ў суд далі мне ўчора.

Далей суд вырашыў прыступіць да прагляду відэа, аднак узніклі тэхнічныя праблемы.

Суддзя вырашыў працягнуць судовае пасяджэнне ў 15 гадзін 15 верасня, аднак з-за хваробы суддзі і пракурора суд некалькі разоў пераносіўся.

Толькі 18 кастрычніка быў вынесены прысуд – адзін год і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства