viasna on patreon

Вясельнага фатографа асудзілі да трох гадоў калоніі за некалькі каментароў

2021 2021-10-12T15:02:26+0300 2021-10-13T12:14:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-centralny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Цэнтральнага раёна Мінска. Фота: ПЦ "Вясна".

Суд Цэнтральнага раёна Мінска. Фота: ПЦ "Вясна".

12 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд 46-гадоваму вясельнаму фатографу Дзмітрыю Сончыку. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў яго вінаватым паводле арт. 364 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага тэрміна больш строгім: два гады "хатняй хіміі" — паводле арт.369 КК і тры гады пазбаўлення волі ў калоніі — паводле арт.364 КК. Таксама Сончык мусіць выплаціць двум пацярпелым па тры тысячы рублёў маральнай шкоды, 174 рублі дзяржпошліны.

Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Арцём Цвяткоў. Сончык адмовіўся ад абароны.

Сончык быў затрыманы 28 чэрвеня 2021 года, з таго моманту знаходзіўся пад вартай.

Злачынства — каментары

Паводле абвінавачання, Дзмітрый Сончык абразіў і выказаў пагрозу жыццю чатырох чалавек у каментарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гадоў. Пацярпелыя — А.Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясвіжскага РАУС А.Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясвіжскага РАУС Р.Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКа А.Алёкса, яны не з'явіліся на пасяджэнне.

Пагрозы выказалі ў пацярпелых страх за жыццё і здароўе і ўплывалі на псіхічны стан пацярпелых: яны ўспрымалі пагрозы як рэальныя.   

Пераходзька і Праневіч падалі пазоў на задавальненне маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў кожнаму.

Адмовіўся ад дачы паказанняў

Сончык поўнасцю прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў на паседжанні. На судзе зачыталі ягоныя паказанні падчас папярэдняга следства. Тады ён тлумачыў, што пісаў каментары праз эмоцыі, пасля прагляду відэа збіцця і затрыманняў, абураны неправамернымі дзеяннямі супрацоўнікаў. Але падкрэсліў, што не збіраўся ажыццяўляць пагрозы.

Агучванне матэрыялаў справы праходзіла ў закрытым рэжыме праз тое, што суполкі, дзе яны распаўсюджваліся, прызнаныя экстрэмісцкімі. 

"З Днём маці!"

Падчас спрэчак Арцём Цвяткоў запрасіў для Сончыка тры гады гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага тэрміна больш строгім: два гады "хатняй хіміі" — паводле арт.369 КК і тры гады пазбаўлення волі ў калоніі — паводле арт.364 КК. Таксама ён папрасіў кампенсаваць шкоду ў "разумных памерах".

У апошнім слове адзінае, што сказаў Сончык, — павіншаваў сястру і маці, якія знаходзіліся ў судовай залі, з надыходзячым Днём маці. Увесь час ён знаходзіўся за кратамі ў наручніках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства