"Прымаў удзел у Маршы Свабоды, слухаў Ляпіса Трубяцкога": судзяць валанцёра штаба Ціханоўскай Дапоўнена
Суд Савецкага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы палітвязня Аляксандра Дабрыяніка па ч.1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Справу разглядае суддзя Сяргей Шаціла, пракурор – Уладзімір Рабаў.
Аляксандр Дабрыянік - ураджэнец горада Слоніма, актывіст і валанцёр у выбарчым штабе Святланы Ціханоўскай. Быў затрыманы 24 траўня. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
Беларускай праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычным зняволеным.
У ходзе судовага следства стала вядома, што 16 жніўня 2020 года, знаходзячыся ў Мінску, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадскіх поглядаў, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак.
А менавіта: з 14-00 да 21-00 гадзіны, знаходзячыся на праспекце Незалежнасці, вуліцах Раманаўская слабада і Няміга, далей на праспекце Пераможцаў, разам з іншымі парушаў грамадскі парадак, выкрыкваў лозунгі, пляскаў у ладкі, выходзіў на праезную частку і перакрываў рух грамадскага транспарту. Пры гэтым, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням прадстаўнікоў улады - супрацоўнікаў міліцыі.
Сваю віну ў ходзе судовага следства абвінавачаны прызнаў часткова. Сказаў, што не выкарыстоўваў сімволіку і актыўна не ўдзельнічаў, а таксама не перашкаджаў руху грамадскага транспарту.
Абвінавачванне назвала каля двух дзесяткаў тралейбусных і аўтобусных маршрутаў, працы якіх нібыта перашкаджаў Дабрыянік.
У судзе была дапытаная сведка – Вольга Агеева, добрая знаёмая Дабрыяніка. Жанчына на пытанні абвінавачвання адказала, што не памятае цяпер, ці Андрэй паведамляў ёй, што хадзіў на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, ці не. Пра 16 жніўня чула, што ў той дзень масавыя мерапрыемствы былі.
Слухаў Ляпіса Трубяцкога “Грай”, распаўсюджваў "Народную Волю"
Пры вывучэнні пісьмовых матэрыялаў справы было адзначана, што пры даследаванні змесціва тэлефона абвінавачанага і ягонага кампутара, выяўлены файлы, якія маюць дачыненне да справы. Так, была знойдзена папка з фотаздымкамі ўлётак палітычнага зместу, газеты “Народная Воля” і выявай супрацоўніка міліцыі. Але ўсе фота былі зробленыя пасля 16 жніўня.
Таксама знойдзенае “даручэнне” Дабрыяніку ад рэдакцыі “Народнай Волі” аб бясплатным распаўсюдзе экзэмпляраў газеты, падпісанае галоўным рэдактарам Сярэдзічам.
Знойдзена некалькі відэаролікаў пра падзеі, якія адбываліся вечарам 16 жніўня і ў іншыя дні, агучаныя каментары Дабрыяніка ў розных сетках. Названы таксама відэаролік Ляпіса Трубяцкога “Грай”, знойдзены ў Аляксандра.
Фігуруюць у справе і звесткі з інтэрнэт-крыніцы ПЦ “Вясна” пра спіскі затрыманых 16 жніўня 2020 года.
У справе маецца паведамленне аб тым што Аляксандр 15 верасня 2020 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП.
Прадпрыемства “Мінсктранс” хадайнічала аб далучэнні да справы матэрыяльнага пазову з-за перашкоды ў працы грамадскага транспарту ў памеры 5 988 рублёў.
“Мне было цікава, такога я яшчэ не бачыў”
Пад час допыту Дабрыянік паведаміў, што даведаўся пра Марш з улётак, з інтэрнэту, у прыватнасці з сайта TUT.BY. Яму было цікава паглядзець, што адбываецца ў горадзе.
Пасля працы сыйшоў на Кальварыйскай, убачыў людзей і прайшоў побач з імі ў бок Стэлы. Па дарозе набыў ежы і перакусіў. Зрабіў некалькі фотаздымкаў на тэлефон.
Бачыў людзей на праезнай частцы. Потым накіраваўся ў бок Раманаўскай слабады праз Нямігу, затым на праспект Незалежнасці. Вярнуўся тралейбусам дадому каля 20 гадзін вечара.
На пытанне, каму належаць трафарэты, плакаты, улёткі і значкі, канфіскаваныя ў Дабрыяніка пад час ператрусу, ён адказаў, што знаёмыя папрасілі забраць, паколькі самі памянялі погляды.
Судовае пасяджэнне працягнецца 12 кастрычніка ў 10 гадзін.