viasna on patreon

"Паехаў з футбольнымі фанатамі паглядзець, што робіцца ў горадзе": судзяць мінчука, параненага ў жніўні

2021 2021-10-07T16:20:00+0300 2021-10-08T10:01:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stela-9-08-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Выбухі каля Стэлы 9 жніўня. Фота Уладзя Грыдзіна.

Выбухі каля Стэлы 9 жніўня. Фота Уладзя Грыдзіна.

Суд Савецкага раёна Мінска 7 кастрычніка разглядае справу Яўгена Кузьмянкова. Яго вінавацяць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Справу разглядае суддзя Сяргей Шаціла. Дзяржабвінаваўца – пракурор Чабатароў.

Пацярпелых па справе не заяўлена.

Кузьмянкова затрымалі 13 ліпеня, затым, да суда, 22 ліпеня перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Па матэрыялах следства, вечарам 9 жніўня 2020 года знаходзіўся на праспектах Машэрава і Пераможцаў у Мінску, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, дзейнічаючы ў групе асоб, прыняў удзел у дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак: публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі. Знаходзіўся ў натоўпе людзей на праспекце Машэрава і Пераможцаў, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемства. Быў блакаваны рух грамадскага транспарту.

Таксама 6 верасня мінулага года з 13 да 18 гадзін на праспектах Незалежнасці і Машэрава, а таксама вуліцы Леніна Кузьмянкоў прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Адмовіўся вызваліць праезную частку на праспекце Незалежнасці і Машэрава, а таксама вуліцы Леніна.

Далей у судзе былі пералічаны маршруты аўтобусаў і тралейбусаў, якім была прычыненая шкода.

Сваю віну прызнае, раскайваецца, кажа, што не разумеў сваіх учынкаў.

“Атрымаў раненне гумовай куляй, забраў сваю знаёмую і ўцяклі адтуль”

Абвінавачаны ў судзе патлумачыў, што 9 жніўня сустрэўся са знаёмымі футбольнымі фанатамі і паехалі ў горад. Выпілі слабаалкагольны напой. Камусьці са знаёмых прыйшла думка пайсці пагуляць у горад.  Вырашылі збоку проста паглядзець што робіцца.

“Я да апазіцыі ніяк не стаўлюся і як футбольны фанат не вельмі стаўлюся да іх. Сцягоў не было ў нас у пачатку. Потым у знаёмай з'явіўся. Бачыў супрацоўнікаў міліцыі каля Стэлы. Што яны казалі - чуваць не было. Чуў толькі, што яны казалі "Разыходзьцеся". На дарозе апынуўся разам з натоўпам. Усе рынулі на дарогу і я апынуўся на дарозе”, - распавёў Кузьмянкоў.

Далей кажа, што калі пачалі кідаць у натоўп светлашумавымі гранатамі і ён атрымаў раненне - пачаў сцякаць крывёю, сабраў знаёмых, каго знайшоў і сышлі адтуль.

Сыходзілі праз двары. Сядзелі і баяліся выйсці, каб не схапілі. Сядзелі прыкладна да пачатку шостага. Адкрылася метро і яны з'ехалі.

Пра эпізод з 6 верасня патлумачыў, што раніцай патэлефанаваў знаёмы, прапанаваў паўдзельнічаць у мірным шэсці, сказаў, што баявых дзеянняў не будзе. Сустрэўся са знаёмымі, потым прыйшоў вялікі натоўп і ўсе пайшлі на Кастрычніцкую плошчу.

Сімволіка была ва ўсіх, лозунгі потым пачалі выкрыкваць. Дайшлі да гасцініцы “Вікторыя”, прабылі там хвілін 10 і пайшлі на метро праз двары. Сам не выкрыкваў лозунгі, не памятае пляскаў ці не.

6 верасня спіртныя напоі не ўжываў.

Сведкі распавядаюць у судзе, што бачылі рану ад кулі

Сведка Аляксей Піятух - знаёмы з абвінавачаным па працы. Начальнік абвінавачанага.

Сказаў, што добры работнік, прэтэнзій да яго не было.

Калі заўважыў рану, спытаў, што гэта? Кузьмянкоў сказаў, што атрымаў у цэнтры горада раненне. Больш ён нічога не тлумачыў.

Цётка абвінавачанага Алена Коласава таксама бачыла ў яго рану ад гумовай кулі. Ён ёй распавёў, што гэта адбылося ўвечары на вуліцы. Не памятае, дзе менавіта гэта было.

У паказаннях дадзеных раней, і абвешчаных у судзе, паказана, што ў яго была рана ў ніжняй частцы шыі. Была там гематома.

Маці абвінавачанага Юлія Кузьмянкова на судзе адмовілася адказваць на пытанне пра стаўленне сына да палітыкі, гэта яго асабістая справа. Бачыла ў сына вялікую гематому. Сказаў, што трапіла гумовая куля. Пратэсты з сынам не абмяркоўвалі, а тое што абмяркоўвалі - ужо не памятае.

Сведка Вольга Атрошчык – сужыцелька.

Ахарактарызавала абвінавачанага як добрага чалавека, збіраліся з ім стварыць сям'ю.

У пісьмовых матэрыялах справы маюцца:

пратакол агляду месца здарэння на пр. Пераможцаў, Машэрава. Былі канфіскаваныя гільзы, фрагменты пліткі…

ліст Мінсктранса аб шкодзе грамадскаму транспарту, прыкладная сума шкоды 75 тысяч рублёў;

відэазапісы з ютуб з фрагментацыяй запісаў з месца падзей;

пратакол агляду тэлефона. Там выяўленыя фатаграфіі Кузьмянкова, дзе ён знаходзіцца сярод удзельнікаў дадзеных вулічных акцый;

дадзеныя аб перамяшчэнні карыстальніка сотавай сеткі.

Раней Кузьмянкоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Пра гэта сведчаць копіі прысуду суда Заводскага раёна ад 2019, і прысуд за 2013 год.

Пракурор просіць разгледзець хадайніцтва аб далучэнні да справы пазову Мінсктранса аб кампенсацыі шкоды на суму 26 122,6 рублёў і прызнанні яго грамадзянскім істцом па справе.

Суд пасля перапынку пагадзіўся з прапановай пракуратуры.

Прадстаўніца Мінсктранса Наталля Рыбак на пытанне, як разлічваецца сума матэрыяльнага ўрону адказала, што ў канцы кожнага разліку ёсць формула і зацверджаная методыка.

Яна не ведае, чаму матэрыяльны пазоў не падаваўся раней.

Судовае пасяджэнне працягнецца 8 кастрычніка, пачатак у 10-00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства