viasna on patreon

Алена Лапцёнак пра Алеся Бяляцкага: "Чалавек, які стаіць на нацыянальных каштоўнасцях і гэтым кіруецца ў сваім жыцці"

2021 2021-10-07T10:34:40+0300 2021-10-07T11:37:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_alena_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі і Алена Лапцёнак. Фота: spring96.org

Алесь Бяляцкі і Алена Лапцёнак. Фота: spring96.org

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна", палітвязень Алесь Бяляцкі ўсё сваё жыццё прысвяціў адраджэнню беларускай Беларусі і змаганню за правы чалавека, піша Радыё Рацыя.

У праграме "Госць Рацыі"  сябра праваабарончага цэнтра "Вясна" Алена Лапцёнак распавяла пра Алеся Бяляцкага.

– З Алесем я знаёмая больш за 30 гадоў, калі ўпершыню прыйшла на працу на пятым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту навуковым супрацоўнікам у Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Пра Алеся, як пра кіраўніка магу сказаць, што гэта самы найлепшы кіраўнік, якога я ведаю. Нягледзячы на тое, што іншых не ведаю, не працавала, але мы ж усе бачым, што навокал робіцца. Ёсць сябры, знаёмыя, якія распавядаюць, як у іх на працы, якая атмасфера. Алесь менеджар вельмі высокага ўзроўню. 

РР: Што вы можаце сказаць пра яго, як пра чалавека?

– Не хацелася б, каб Алесь выглядаў святым, але зноў-такі толькі самае станоўчае. У кожнага з нас ёсць маленькія недахопы, мы ўсе людзі. Але калі гэтыя недахопы настолькі мізэрныя ў параўнанні з тымі найлепшымі якасцямі, то ты іх сапраўды не заўважаеш. Ведаючы чалавека столькі гадоў, магу сказаць, што ён, па-першае, заўсёды вытрыманы, вельмі арганізаваны, вельмі самаадданы, мэтанакіраваны. Чалавек, які стаіць на нацыянальных каштоўнасцях у першую чаргу і гэтым кіруецца ў сваім жыцці, таму нічога кепскага сказаць не магу. 

РР: Якія рысы яго характару прывабныя і маглі быць прыкладам?

– Фактычна я іх пералічыла. Найперш гэта мэтанакіраванасць, спакойны, ураўнаважаны характар, вытрымка. Чалавек, які заўсёды ўзважвае, што сказаць, як сказаць. Мне здаецца, што ў першую адседку турма яго толькі загартавала, хоць гэта вялікае выпрабаванне, але той вопыт, які ён атрымаў, для праваабаронцы сапраўды, як ён казаў, гэта камандзіроўка і пашырыла ягоны досвед. Безумоўна тое, што атрымалася цяпер, вось гэтая беларуская сітуацыя, калі пад пераслед трапілі тысячы, а не як тады, сядзеў адзін, калі фактычна ўся „Вясна” знаходзіцца пад вялікім ударам. Вельмі сумна пра гэта думаць, пра тых сяброў, якія зараз у турме. Хоць я ведаю, што Алесь ішоў на гэта, узважыўшы гэты крок.

РР: Што было лепш, з’ехаць, каб захаваць арганізацыю ці вось такі выбар?

– Мне цяжка сказаць таму, што я думаю, што гэта было даволі ўзважанае рашэнне для яго. Безумоўна мне б хацелася, каб арганізацыя захавалася менавіта ў тым фармаце, у якім яна была. Мне хочацца верыць, што "Вясна" не прападзе. Магчыма Алесю было б лепей застацца на волі таму, што адзін тэрмін ён ужо адседзеў. Гэта быў выбар у іншай сітуацыі, мне падаецца, што калі б ён вырашыў з’ехаць, яго б зараз ніхто не асуджаў.

Алена Лапцёнак распавяла, што найбольш шчыльна працавала і даведалася пра Алеся з той перапіскі, якую яны вялі падчас яго першай адседкі:

– Я проста здзіўлялася гэтай яго магчымасці і працаздольнасці: ён шмат зрабіў за тыя тры гады, калі знаходзіўся за кратамі, пры гэтым таксама працуючы і адказваючы на лісты іншым людзям. Ён стараўся нікога не абмінуць.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і з той пары знаходзіцца за кратамі. 6 кастрычніка стала вядома, што яму прад’явілі абвінавачванне толькі па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса – ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Гэтая інфармацыя раней была дакладна невядомая, бо адвакат праваабаронцы знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, а лісты вясноўца з СІЗА жорстка цэнзуруюцца. 

Паводле абвінавачання, Алесь Бяляцкі сумесна з Уладзімірам Лабковічам, Валянцінам Стэфановічам, Дзмітрыем Салаўёвым "і іншымі неўстаноўленымі асобамі" кіравалі працай "Вясны" пасля яе ліквідацыі Вярхоўным судом у 2003 годзе. Яны "ў парушэнне нормаў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў не зарэгістравалі "Вясну" ў якасці юрыдычнай асобы і падаткаплацельшчыка і не падавалі дакументы ў падатковую". Тым самым яны "схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццёўленых выплатах <...> і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам". Такім чынам праваабаронцы "здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку <...> шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш 113 тысяч 428 рублёў, што складае 3 911 базавых велічыняў".

Падтрымаць Алеся лістом ці паштоўкай можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства