viasna on patreon

Ператрусы па Беларусі, ліквідацыя БХК: хроніка пераследу 1 кастрычніка Дапоўнена

2021 2021-10-01T10:36:38+0300 2021-10-02T21:09:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smirnova_galina-svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за пятніцу, 30 верасня. Рэпрэсіі не спыняюцца: беларусаў па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Масавыя затрыманні за каментары ў сацсетках: хроніка палітычнага пераследу 30 верасня

Спіс затрыманых 29-30 верасня

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне ў Маскве журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Генадзя Мажэйкі. Імя Генадзя было ўказана пад артыкулам, у якой знаёмая забітага Андрэя Зельцэра станоўча пра яго адгукнулася. Праўладныя СМІ раскрытыкавалі «Камсамолку» за гэтую публікацыю, пазней сайт выдання заблакавалі беларускія ўлады.

Дапоўнена: як паведамляе "Комсомольская правда", днём 1 кастрычніка ў кватэры па месцы яго жыхарства прайшоў ператрус. Па словах маці Генадзя Ірыны, ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ, ён доўжыўся каля двух з паловай гадзін.

"У пастанове на ператрус пазначаны два артыкулы Крымінальнага кодэкса — арт. 130 ч. 3 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Ператрус праводзілі каля 7 чалавек. Таксама разам з імі былі двое панятых (супрацоўнікі сказалі, што гэта людзі, якіх сустрэлі на вуліцы), — распавядае Ірына. — Канфіскавалі флэш-назапашвальнікі, налепкі і значкі 2001-га года. Усё было ветліва".

Генадзя падчас ператрусу дома не было. Як мяркуецца, у гэты час ён знаходзіўся на тэрыторыі Расіі.

"Апошні раз мы размаўлялі з сынам па відэасувязі днём 30 верасня. Тады ён быў у гасцініцы ў Маскве", — распавяла маці журналіста.

Уначы з 1 на 2 кастрычніка маці Генадзя патэлефанавалі і сказалі, што сын затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна ў Мінску. Больш ніякай інфармацыі ў блізкіх журналіста няма.


У Гродне затрыманы Дзяніс Зубрыцкі. Дома ў яго адбыўся вобшук, 

У Мінску стала вядома пра затрыманне 27-гадовага Дзяніса Максімава. Таксама ў Мінску затрыманы Сяргей Сакавец.

У Ваўкавыску быў затрыманы Ігар Вераціла

У Гомелі быў затрыманы Канстанцін Прусаў

У Віцебску быў затрыманы Яўген Гуцалаў. На яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. 


Паводле інфармацыі "Спісы затрыманых" 1 кастрычніка ў Мінску таксама былі затрыманыя: 

  • Беладзед Аляксандр
  • Бухаўцаў Вадзім
  • Бушык Сяргей
  • Быкоўская Святлана
  • Качагараў Андрэй
  • Кракасевіч Дзмітрый
  • Станкевіч Аляксандр
  • Старацітароў Васіль
  • Юдэнка Яўген

Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Падставай для ліквідацыі стала «грубае парушэнне заканадаўства» з боку БХК. Паводле заявы, Міністэрствам юстыцыі ў выніку следчых дзеянняў у неназванай крымінальнай справе былі атрыманыя дакументы на двух чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі ў доўгатэрміновым назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2020 году».

У пацверджанне гэтаму Міністэрства юстыцыі прыклала да заявы копіі щэсць дакумэнтаў: дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і актаў прыёму і перадачы.

У БХК заявілі, што ім невядома, аб якой крымінальнай справе і ў дачыненні да каго ідзе гаворка:

«Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору ў крымінальнай справе, неправамерна. Гаворачы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны суд прызнае, што гэтыя дакумэнты, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасці, то гэтае рашэнне будзе мець прэюдыцыяльнае значэнне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакумэнты і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Прэюдыцыя — абавязковасьць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя судовым рашэннем у іншай справе, якое набыло законную моц. Г. зн. гэта рашэнне будзе абавязковым для іншага суду ў крымінальнай справе. Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага Суду ў справе аб ліквідацыі Беларускага Хельсінскага камітэту можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць у крымінальнай справе»,— заявілі ў БХК перад пачаткам працэсу аб лікідацыі арганізацыі.


У Бабруйску зноў ператрусы

Раніцай 1 кастрычніка ў Бабруйску сілавікі прыйшлі з ператрусам да мясцовай актывісткі і кіраўніцы бабруйскай філіі прафсаюзу РЭП Галіны Смірновай. Пасля ператрусу яе затрымалі, але ў межах якой справы і ў якім статусе — пакуль невядома.

Галіна Смірнова. Фота: svaboda.org
Галіна Смірнова. Фота: svaboda.org

Верагодна, ператрусы праходзяць і ў яшчэ некалькіх бабруйчанінаў — яны не выходзяць на сувязь.

Стала вядома, што затрыманыя пасля ператрусу актывістка Галіна Смірнова знаходзіцца на допыце КДБ. Там жа дапытваюць 38-гадовага бабруйчаніна Сяргей Бяляева і Вольгу Новікаву.

Сяргея, які мае трэцюю групу інваліднасці (у яго хвароба Паркінсона) затрымлівалі на Дзень Волі і арыштавалі на 20 сутак. Каля тыдня ён галадаў, адмаўляючыся ня толькі есці, але і прымаць прапісаныя лекі. На галадоўку Сяргей наважыўся пасля таго, як супрацоўнікі бабруйскага ІЧУ забралі ў яго матчыну перадачу. Створаныя для асуджаных за Дзень Волі ўмовы ў ізалятары мужчына называў катаваннем.


На "хімію" адпраўляюць дубровенскага актывіста Міхаіла Чамураку

Міхаіл Чамурака. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Міхаіл Чамурака. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Дубровенскага актывіста АГП Міхаіла Чамураку, якога асудзілі да трох гадоў "хіміі" па арт. 188 КК за паклёп у адносінах да супрацоўніка аршанскага ДАІ Казакова, адпраўляюць адбываць пакаранне ва ўстанову адкрытага тыпу №29 у Ваўкавыску. Ён мусіць туды прыбыць да 3 кастрычніка.


Тэлеграм-канал і YouTube-канал "Усы Лукашенко" прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Такое рашэнне прыняў суд Маскоўскага раёна Мінску 20 верасня 2021 года.

Таксама тэлеграм-чат «Глубокое для жизни» прызнаны экстрэмісцкім.


Ператрусы ў непаўналетніх на Брэстчыне з-за надпісу на прыпынку

Як паведамляюць берасцейскія праваабаронцы, днямі прайшлі ператрусы ў васьмі дамах у вёсцы Кавердзякі з-за надпісу "Жыве Беларусь" на прыпынку, пакінутай у ноч з 22 на 23 верасня. Шэраг грамадзян, пераважна непаўналетніх, падвергліся допытам — падзея надзвычайная для маленькай вёскі. Супрацоўнікі органаў прасілі згоду бацькоў на допыт без іх удзелу, даючы на роздум літаральна дзесяць хвілін.


У відэааператара ў Мінску, які супрацоўнічаў з DW, прайшоў ператрус па справе аб тэрарызме

kamarouski_dw.jpg
Ягор Камароўскі. Фота: DW

У відэааператара Ягора Камароўскага, які супрацоўнічаў з DW, прайшоў ператрус па справе аб "акце тэрарызму". За два дні да гэтага Камароўскага прысудзілі да адміністрацыйнага арышту за "хуліганства".

Пра гэта паведаміў DW бацька журналіста Сяргей Камароўскі. Паводле яго слоў, у пастанове аб ператрусе пазначаны артыкула крымінальнага кодэкса - "Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці", а таксама - "Акт тэрарызму".

У працэсе ператрусу на кватэры ў відэааператара ў Мінску канфіскавалі ўсю тэхніку, уключаючы ноўтбук, відэакамеры, якія запісваюць прылады і карты памяці, а таксама пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка Deutsche Welle. Разам з тым, як адзначыў бацька Камароўскага, афіцыйна ні падазрэнне, ні абвінавачванне па крымінальнай справе Ягору Камароўскаму пакуль не прад'яўленыя.

У цяперашні час Ягор Камароўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Мінску. Ён быў затрыманы ўвечары 28 верасня ў Мінску, пра што паспеў паведаміць сваякам. На наступны дзень яго асудзілі на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за "хуліганства"

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства