Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 12 палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
30 верасня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў узяцця пад варту, асуджэння і зняволення грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са здзекам з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзянаў за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем:
намі атрымана інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек з дзяржаўных сімвалаў, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:
- Ігар Адаменкаў, асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу службовай асобы да аднаго года шасці месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
- Вадзім Ермаловіч, асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу службовай асобы да аднаго года шасці месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
- Андрэй Ізотаў, асуджаны паводле арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
- Яўген Кіслейка, асуджаны паводле арт.364 КК да аднаго года шасці месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
-
Вадзім Ермашук, узяты пад варту па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў і абразе прэзідэнта (арт. 370, 368 КК);
- Ігар Пятран, асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за пагрозы супрацоўнікам міліцыі і абразу службовай асобы ў каментарах у сацыяльнай сетцы паводле арт. 369 і 364 КК;
-
Мікалай Слёз, узяты пад варту па абвінавачванні ў нанясенні графіці (арт. 341 КК);
- Мікіта Прысталенка, асуджаны паводле арт. 370 КК да аднаго года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
- Віталь Жук, асуджаны паводле арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Банькоў, асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу службовай асобы да трох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне;
- Вячаслаў Савічаў, асуджаны паводле арт. 370 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзяніс Сяргееў, асуджаны паводле арт.369 КК за абразу службовай асобы да 1 года 11 месяцаў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне.
У сувязі з гэтым мы лічым іх пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Ігара Адаменкава, Вадзіма Ермаловіча, Андрэя Ізотава, Яўгена Кіслейку, Вадзіма Ермашука, Ігара Пятрана, Мікалая Слёза, Мікіту Прысталенку, Віталя Жука, Сяргея Банькова, Вячаслава Савічава, Дзяніса Сяргеева і спыніць крымінальны пераслед у адносінах да іх.
- Прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта — артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усё раней заведзеныя паводле гэтых артыкулаў крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.