viasna on patreon

Мінчука асудзілі да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў

2021 2021-09-30T15:04:52+0300 2021-09-30T16:55:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/navicki_screen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Навіцкі. Скрын з ютуб-канала мужчыны "Шляхам ісціны"

Андрэй Навіцкі. Скрын з ютуб-канала мужчыны "Шляхам ісціны"

30 верасня ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынеслі прысуд 40-гадоваму Андрэю Навіцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле адразу трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — арт.368, арт.295 і арт.342 і прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: шляхам частковага складання пакаранняў два гады калоніі — паводле арт.342 КК, два гады калоніі — паводле арт.368 КК, тры гады калоніі —  паводле арт.295 КК без штрафа. Сума судовых выдаткаў на экспертызы склала 392 рублі 79 капеек. Пазоў Мінсктранса можа быць разгледжаны ў асобнай грамадзянскай вытворчасці. 

Справу разгледзела суддзя Таццяна Шоцік. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Вялікі.

Навіцкі знаходзіцца пад вартай з 1 чэрвеня 2021 года. Ён адмовіўся ад адваката, паколькі ўпэўнены, што зможа сам паспяхова абараняць сябе. У пачатку паседжання ён падаў тры хадайніцтвы. Мужчына папрасіў правесці новую экспертызу, каб даведацца, ці з'яўляецца рэчыва, якое вынулі з ягонай кватэры, паляўнічым порахам (у гэтым хадайніцтве яму адмовілі). Таксама ён просіць зняць з яго абвінавачанні паводле ч.2 арт.295, паколькі лічыць гэта састаўным кампанентам. Таксама Навіцкі хадайнічаў аб вяртанні ягоных назапашвальнікаў памяці, якія вынулі ў яго пры вобшуку: там захоўваецца ягоная інтэлектуальная маёмасць — вершы, малюнкі, аўдыё. 

Пракурор упэўнены, што хадайніцтва пра вынутую маёмасць не падлягае разгляду ў дадзеным працэсе, а таксама папрасіў адхіліць хадайніцтва наконт экспертызы, палічыўшы яе несвоечасовай. Пракурор таксама настаяў на забеспячэнні абвінавачанага абаронай: суддзя задаволіла хадайніцтва.

У чым прызналі вінаватым?

Андрэя Навіцкага прызналі вінаватым у тым, што 27 верасня 2020 года ён прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: на праспекце Пераможцаў далучыўся да групы грамадзян, трымаў на выцягнутых руках БЧБ-сцяг, публічна выкрыкваў лозунгі, накіраваныя на парушэнне грамадскага спакою. Навіцкі знаходзіўся на праезнай частцы, што пацягнула за сабой парушэнне работы транспарту. Ягоныя дзеянні былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. 

Ён жа прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, 11 кастрычніка на вул.Кальварыйская і праспекце Пераможцаў, дзе ў тым ліку "надзеў на плечы БЧБ-сцяг і прадэманстраваў сціснуты кулак з выцягнутай уверх рукой". У падобных дзеяннях яго абвінавачваюць паводле падзей 25 кастрычніка. Тры эпізоды кваліфікаваныя паводле арт.342 КК.

Таксама яго прызналі вінаватым у тым, што не пазней за 7 снежня 2020 года ён абразіў Лукашэнку ў YouTube. Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле арт.368 КК.

Таксама Андрэя Навіцкага асудзілі за тое, што не пазней за 27 студзеня 2021 года ён набыў сыпкае рэчыва і незаконна захоўваў і перавозіў яго, не паведаміўшы ўпаўнаважаным органам — гэтым здзейсніў злачынства паводле ч.2 арт.295 КК

Юрысконсульт Мінсктранса Наталля Рыбак распавяла, што па запыце пракуратуры службовыя асобы зрабілі разлікі, згодна з якімі грамадзянскі пазоў Навіцкаму складае 124 тысячы рублёў.

Што распавёў абвінавачаны?

Андрэй Навіцкі прызнаў віну часткова: паводле арт.342 КК — часткова, паводле арт.368 КК — цалкам, паводле ч.2 арт.295 КК — не прызнаў увогуле.

Ён распавёў, што 27 верасня прыязджаў на шэсці, каб сфатаграфавацца і паехаць далей. Ён меў з сабой сцяг і лічыць, што сімволіка БЧБ павінна быць у краіне. Таксама ён ўзгадаў, што грамадзяне ўжо рушылі па праезнай частцы, бо рух быў перакрыты. Навіцкі адмаўляў, што далучаўся да шэсця, і запэўніваў, што хацеў "проста сфатаграфавацца". 11 кастрычніка ён прыйшоў на Гарадскі вал і разам з людзьмі рушыў па праезнай частцы ў бок Пушкінскай: рух ужо быў перакрыты службай ДПС. Ён павязаў сцяг на плячах, каб выказаць сваю пазіцыю і пляскаў у далоні — але больш не дэманстраваў ніякіх жэстаў. Калі натоўп сталі заціскаць на Пушкінскай, Навіцкі пайшоў дварамі і імкліва пакінуў гэтае месца. Ён упэўнены, што ягонае знаходжанне на праезнай частцы не пацягнула за сабой прыпынку руху транспарту, бо ён ужо быў спынены. 

Калі Навіцкага запыталі, чаму, нягледзячы на тое, што яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, ён не спыніў хадзіць на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, ён адказаў: "Праз тое, што свядома адмаўляюць у правядзенні шэсцяў, права на якія ў грамадзян ёсць па Канстытуцыі!"

Андрэй Навіцкі таксама вёў свой канал на ютуб — "Шляхам ісціны", дзе распавядаў пра свае погляды на падзеі. У відэа, якое ставіцца яму ў віну (зараз мае 16 праглядаў на відэахостынгу), ён распавядаў, што людзей выстаўляюць нацыстамі, якія выкарыстоўваюць БЧБ. Навіцкі заўважыў, што чуў, як Азаронак і іншыя называюць людзей з БЧБ-пазіцыяй, таму лічыў, што ягоны выраз не з'яўляецца абразай. Таксама ён чуў, як Аляксандр Лукашэнка называе людзей з БЧБ "мярзотнікамі", таму "не думаў, што не можа ўжываць гэтае слова".  

"Мая пазіцыя — змяніць сімволіку і далей будаваць дзяржаву для людзей, а не каб людзі былі для дзяржавы", — адзначыў ён. 

Наконт пораха ён распавёў, што порах яму гадоў 20 таму даў знаёмы паляўнічы, каб ён змог вырабіць петарды да святаў. Ён быў упэўнены, што гэта не з'яўляецца супрацьзаконным: сам па сабе ён не выбухае. Сярод іншых рэчаў, якія ў яго вынулі, марганцоўка — але яна "наогул медыцынскі сродак", як заўважыў Навіцкі.

Ён таксама распавёў, што меў судзімасці праз псаванне маёмасці ў стане наркатычнага ап'янення і рабаванне, пасля гэтага знаходзіўся на прымусовым лячэнні. 

Што ў матэрыялах справы?

У пісьмовых матэрыялах справы пратаколы агляду розных інфармацыйных рэсурсаў наконт падзей, паводле якіх абвінавачваюць Навіцкага, акты аб прыпынку грамадскага транспарту. Таксама — звесткі з ютуб-канала абвінавачанага і пералік канфіскаванай маёмасці, у тым ліку — слоік з рэчывам шэрага колеру. Згодна з экспертызай, 33 грамы парашка — порах. 

Судмедэкспертыза аб стане здароўя пацвердзіла, што Навіцкі мог усведамляць дзеянні і кіраваць імі і не мае патрэбы ў лячэнні.  

Яшчэ адна экспертыза пацвердзіла, што ролік, размешчаны на асабістым канале мужчыны ў ютуб, утрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання і негатыўную ацэнку Лукашэнкі. 

Да матэрыялаў справы далучаныя таксама здымкі Навіцкага на праезнай частцы, адзін з іх —  на фоне супрацоўнікаў у ланцугу са спецсродкамі.

Што казалі ў спрэчках?

Дзяржабвінаваўца быў упэўнены, што віна Навіцкага даказаная ў поўным аб'ёме. Ён палічыў, што нягледзячы на тое, што мінулыя судзімасці пагашаныя і наступствы анулююцца, дадзеныя "характарызуюць ягоную асобу і не павінны застацца без увагі суда". Ён папрасіў прызначыць Навіцкаму пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: два гады калоніі — паводле арт.342 КК, два гады калоніі — паводле арт.368 КК, тры гады калоніі —  паводле арт.295 КК (шляхам частковага складання пакаранняў). 

Абаронца адзначыў, што гэта першы раз на ягонай практыцы, калі на паседжаннях адсутнічаюць сведкі, нават нягледзячы на тое, што адна з інкрымінаваных частак — цяжкая. "Калі дэкрыміналізаваныя дзеянні ў дачыненні да гладкаствольнай зброі, і гэта з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, то за адзін порах ужо прадугледжаная крымінальная адказнасць? Я з гэтым не пагаджуся", — заявіў абаронца. Таксама ён падкрэсліў, што за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах ягоны падабаронны ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Ён упэўнены, што пакаранне за дадзеныя дзеянні празмернае.  

У апошнім слове Андрэй Навіцкі ўзгадаў Канстытуцыю і маці:

"Па артыкулу 342 прызнаю віну толькі ў тым, што прымаў удзел у несанкцыянаваным шэсці, але лічу, што кіраваўся артыкулам 35 Канстытуцыі, згодна з якой кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода мірных сходаў, а таксама артыкулам 33 Канстытуцыі, згодна з якім кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на свабоду меркаванняў. І калі адміністрацыя свядома стала адхіляць заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў, я лічыў, што грамадзянскае права людзі мелі. Пазоў я не прызнаю, бо калі я туды прыязджаў, рух ужо быў спынены. Паводле арт.368 КК я прызнаю, што насамрэч пагарачыўся і перагнуў з выразамі, трэба было трымаць сябе ў руках і выказаць сваё меркаванне больш цэнзурна і адэкватна. Але я выказваў сваё меркаванне! І мяне панесла. Паводле арт.295 КК я настойваю на непрызнанні віны, бо порах  — гэта кампанент паляўнічай зброі, які набываўся паляўнічым праз раздробны гандаль. Я быў упэўнены, што калі такі ж самы порах знаходзіцца ў складзе петардаў, то захоўванне такога пораха не супрацьзаконна. Да таго ж, сам артыкул кажа пра тое, што караюцца пэўныя дзеянні, акрамя паляўнічай зброі і яго кампанентамі.

Прашу ўлічыць вышэйсказанае, а таксама стан здароўя маёй маці, якой патрэбная дапамога ў гаспадарцы, якую я і аказваў. Прашу абраць мне меру пакарання, не звязаную з пазбаўленнем ці абмежаваннем волі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства