viasna on patreon

За адмову ад дачы паказанняў на судзе па справе брэсцкіх блогераў актывіста пакаралі трыма месяцамі арышту

2021 2021-09-21T10:08:16+0300 2021-09-21T10:08:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/andrasyk_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Ленінскім судзе Брэста 21 верасня да трох месяцаў арышту па арт. 402 Крымінальнага кодэкса (адмова альбо ўхіленне ад дачы паказанняў) асудзілі мясцовага актывіста Дзмітрыя Андрасюка. Ён праходзіў сведкам па справе брэсцкіх палітвязняў, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якіх у красавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Як распавёў актывіст брэсцкім праваабаронцам, крымінальную справу на яго распачалі за адмову адказваць на пытанні суддзі, які разглядаў справу Пятрухіна і Кабанава, бо ён не паказаў службовае пасведчанне суддзі. Прысуд актывісту вынес суддзя Аляксандр Семянчук.

Дзмітрый гатовы да арышту, таму прыйшоў з пакетам неабходных рэчаў. Фота:
Дзмітрый гатовы да арышту, таму прыйшоў з пакетам неабходных рэчаў. Фота: "Брэсцкая Вясна"

"На папярэднім следстве я быў у лістападзе на допыце ў ГУБАЗіК (па заданні СК), даваў паказанні. Ездзіў у Магілёў да першага пасяджэння на 11.02.

У мяне няма абавязку верыць каму-небудзь на слова, зрэшты як і ў іншых людзей, і я як неад'емная частка народа — адзінай крыніцы ўлады — нікому не дэлегаваў паўнамоцтвы на адпраўленне правасуддзя. Таму, карыстаючыся нормай артыкула 72 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, я папярэдне, каб не зацягваць працэс, адправіў запыт з нагоды службовага пасведчання суддзі, які павінен быў разглядаць справу, а таксама інфармацыі аб стварэнні суда Кастрычніцкага раёна Магілёва. Мне не далі гэтую інфармацыю, пасля чаго з гэтай нагоды я пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапановаў гэтай арганізацыі і з'ехаў дадому, не чакаючы пасяджэння.

19.02 я быў дастаўлены прывадам ў Брэсцкі абласны суд, дзе праходзіла паседжанне па відэаканферэнцыі. Тады я зноў запатрабаваў службовае пасведчанне ў невядомай мне асобы, якая назвала сябе суддзёй і пачала задаваць мне пытанні. Я неаднаразова паўтараў, што нікому не веру на слова, так як заканадаўча такі абавязкі не прадугледжана, і буду ўдзельнічаць у разглядзе справы, адказваць на пытанні і даваць паказанні толькі пасля дакументальнага пацверджання паўнамоцтваў суддзі, гэта значыць пасля азнаямлення са службовым пасведчаннем.

Яшчэ раз паўтаруся — такое права мне дадзена вышэй згаданым артыкулам 72 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

Маё патрабаванне было праігнаравана, таму я стаў ігнараваць словы гэтай невядомай мне асобы. У выніку гэта было расцэнена як адмова ад дачы паказанняў. Расцэнена няправільна, што пацвярджаецца маім удзелам у следчых дзеяннях (допыт у ГУБАЗіК) і паездкай у Магілёў.

Я не меў намеру адмаўляцца і не адмаўляўся ад дачы паказанняў. Саша [Кабанаў] і Сяргей [Пятрухін] тут ні пры чым — так здарылася, што мой першы ўдзел у крымінальным працэсе супаў з іх крымінальнай справай.

Для мяне гэта прынцыповае пытанне. Я не абавязаны ні верыць, ні здагадвацца, ні разумець, ні фантазіяваць, хто перада мной стаіць — я хачу ведаць дакладна, хто да мяне звяртаецца. У любой сітуацыі.

Фактычна, мяне падвергнулі крымінальнаму пераследу за рэалізацыю сваіх правоў".

Пракурор папрасіў суд пакараць Андрасюка трыма месяцамі арышту. Менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Аляксандр Семянчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства