viasna on patreon

Палітзняволенага экс-намесніка кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Дударава асудзілі да 7,5 гадоў калоніі

2021 2021-09-20T12:28:52+0300 2021-09-20T13:06:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dudarau_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Чавускім раённым судзе 20 верасня вынеслі прысуд па справе палітзняволенага экс-намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Дударава. Старшыня суда Чавускага раёна Алена Каралько прызнала яго вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 426 КК) і махлярстве (ч. 4 арт. 209 КК) і асудзіла да сямі з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дудараў сваю віну не прызнаў. Судовы працэс пачаўся 20 красавіка. У 2020 годзе Дудараў каардынаваў працу рэгіянальнай ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка, з 11 чэрвеня мінулага года знаходзіцца пад вартай. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор пракуратуры Чавускага раёна Сяргей Снытчанка.

Уладзімір Дудараў. Фота:
Уладзімір Дудараў. Фота: "Белта"

Паводле матэрыялаў справы, былы чыноўнік незаконна пераабсталяваў у жылое памяшканне частку тэхнічнага паверха ў шматпавярховым доме па вуліцы Лепяшынскага ў Магілёве, дзе пражывае з сям'ёй. Кошт пераабсталяванага памяшкання, якое стала часткай двухузроўневай кватэры, ацэньваецца ў 41 381 рублёў. Таксама Уладзімір Дудараў, будучы старшынёй ПЖСК з 2006 па 2009 год, ад імя членаў жыллёвага кааператыва і без іх ведама ініцыяваў унясенне змяненняў у праектную дакументацыю па павелічэнні вышыні столяў на тэхнічным паверсе з 1, 9 да 2, 5 м. У выніку выдаткі на будаўніцтва жылога дома павялічыліся на 2288 рублёў у цэнах пасля дэнамінацыі, іх нібыта кампенсавалі забудоўшчыкі за кошт атрыманых ільготных крэдытаў. Акрамя таго, Дудараву інкрымінуюць несанкцыянаванае падключэнне да крыніц газу, цяпла — і электраэнергіі — рэсурсы ён нібыта выкарыстаў для асвятлення і ацяплення тэхнічнага паверха, які стаў часткай кватэры.

У справе фігуруе дом бацькі абвінавачанага — ён нібыта без адпаведнай дазвольнай дакументацыі быў адбудаваны зноўку, а не адрамантаваны. Абвінавачванне сцвярджае, што зрабіць гэта ўдалося дзякуючы злоўжыванню службовымі паўнамоцтвамі, бо Уладзімір Дудараў з 2018 да 2019 года быў намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама і курыраваў пытанні будаўніцтва.

Справа аб пераабсталяванні тэхнічнага паверха ў 2016 годзе ўжо разглядалася ў судовым парадку, чатыры разы адпраўлялася на дапрацоўку і ў выніку была закрытая за адсутнасцю складу адміністрацыйнага парушэння. У канфіскаваных пратаколах сходаў членаў ПЖСК не знайшлося доказаў, што рашэнне аб павелічэнні вышыні столяў тэхпаверха выносілася на агульнае абмеркаванне. Няма таксама і пацверджання таму, што з-за змяненняў у праекце члены кааператыва атрымалі завышаныя сумы льготных крэдытаў. Падчас праверкі не пацвердзіліся факты несанкцыянаванага падключэння тэхнічнага паверха да камунікацый. Хоць парушэнні ў эксплуатацыйных пытаннях ўсе ж былі выяўлены.

Меркаванні экспертаў адносна пабудовы новага дома на месцы ранейшага разышліся — у матэрыялах справы прадстаўлены супрацьлеглыя па сэнсе высновы. Маці Уладзіміра Дударава кажа, што гаворка ідзе аб спадчыне яе мужа, што дасталася таму ад бацькоў, і ніхто нічога не зносіў.

"Проста вырашылі прывесці дом у парадак, каб потым унукам перадаць".

Матэрыялы справы занялі 30 тамоў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства