Падчас закрытага суда гамельчуку прысудзілі тры гады калоніі за "гвалт" над міліцыянтам
17 верасня ў Гомелі вынеслі прысуд 46-гадоваму Віктару Прусаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт.364 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама суддзя абавязала яго выплаціць 1500 рублёў на карысць пацярпеламу "Пятрову": ягоная асоба залегендаваная. Таксама ён мусіць выплаціць дзяржпошліну ў памеры 87 рублёў.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме праз хадайніцтва з боку абвінавачання, каб забяспечыць бяспеку пацярпелых супрацоўнікаў АМАП.
Вядома, што Віктара Прусава затрымалі 27 верасня 2020 года падчас адной з пратэстных акцый у Гомелі, у ІЧУ яму паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за супраціў супрацоўнікам міліцыі (арт.363 Крымінальнага кодэкса). Затым справу закрылі, аднак пракуратура вярнула яе на дадаследаванне, падчас якога эпізод перакваліфікавалі па арт.364 КК. Віктара зноў узялі пад варту 17 чэрвеня 2021 года.