viasna on patreon

У Мінску вынеслі прысуд чатыром жыхарам горада, якія ўдзельнічалі ў маршах і стасаваліся ў чаце

2021 2021-09-16T12:18:22+0300 2021-09-16T13:35:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_udzelniki_chat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Астрэйка, Галіна Заронак, Сяргей Шчыценка і Сяргей Бялевіч пасля абвяшчэння прысуду

Наталля Астрэйка, Галіна Заронак, Сяргей Шчыценка і Сяргей Бялевіч пасля абвяшчэння прысуду

16 верасня Фрунзенскі суд горада Мінска вынес прысуд чатыром людзям, якіх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса: Наталлі Астрэйка, Галіне Заронак і палітвязням Сяргею Шчыценку і Сяргею Бялевічу.

Наталлю Астрэйка, Галіну Заронак і Сяргею Шчыценку прысудзілі па тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Сяргея Бялевіча пакаралі трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Менавіта такое пакаранне прасіў памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка. Мужчын-палітвязняў вызвалілі ў залі суда, жанчыны дагэтуль знаходзіліся пад падпіскай аб нявыездзе.Справу разглядзела суддзя Юлія Блізнюк. 

Таксама суддзя абавязала органы апекі ўзмоцніць кантроль над сям'ёй Галіны Заронак.  

Мінсктранс заявіў пра нанесеную шкоду ў памеры 126 тысяч 103 рублёў і адной капейкі. Па 62 тысячы — з Астрэйка і Бялевіча, каля 30 тысяч — з Заронак і 33 тысячы — са Шчыценкі. Яшчэ просяць спагнаць каля двух тысяч дзяржпошліны з Заронак і Шчыценкі. Суд вырашыў разгледзець пазоў у грамадзянскай вытворчасці.

У чым прызналі вінаватымі?

Чатырох чалавек судзяць па некалькіх эпізодах на праспектах Пераможцаў, Машэрава і Незалежнасці, а таксама вуліцы Сурганава. Згодна з абвінавачаннем, яны ішлі па дарозе, пляскалі ў далоні, у кагосьці з абвінавачанага меўся сцяг. Усё яны нібыта дакладна ўсведамлялі, што выйшлі на несанкцыянаваныя мерапрыемствы, выказалі відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і неаднаразова адмаўляліся выканаць патрабаванні разысціся.

Таксама іх абвінавацілі ў тым, што яны стасаваліся ў тэлеграм-чаце, дзе падбухторвалі да супрацьпраўных дзеянняў іншых удзельнікаў: назва чата ўтрымлівае "крыжыкі".

Што кажуць абвінавачаныя?

Віну цалкам не прызналі Наталля Астрэйка, Галіна Заронак і Сяргей Бялевіч. Сяргей Шчыценка прызнаў віну часткова — у частцы ўдзелу ў мерапрыемстве, але не перакрыцця дарог. Ні адзін з абвінавачаных не прызнаў пазоў Мінсктранса. Сяргей Бялевіч адмовіўся глядзець фота з маршаў, астатнія пазналі сябе на фотаздымках і відэа з маршаў, якія былі далучаныя да матэрыялаў справы.

У Мінску чатырох чалавек пачалі судзіць за удзел у маршах

Пазоў "Мінсктранса" — больш за 125 тысяч

Ці была кепка?

Падчас паседжання 14 верасня былі апытаныя сведкі. Адна з іх — Вераніка Кабаяшы — выступала панятой падчас вобшукаў у аднаго з падазраваных. Яна распавяла, што памятае, як вынулі ноўтбук, мабільны тэлефон — усё памясцілася ў адзін пакет, хаця суддзя Блізнюк звярнула ўвагу, што ў пратаколе пазначана два пакеты. Кабаяшы ўдакладніла, што не памятае, якія прадметы адзення вымаліся, у тым ліку не памятае чорнай кепкі, якая пазначаная ў пратаколе асобна. 

Другім панятым быў мужчына таксама з прозвішчам Кабаяшы, ён пацвердзіў, што дакладна памятае, што вынулі камп'ютар, мабільны тэлефон і жосткі дыск. Таксама ён упэўнены, што пакет быў адзін і не памятае, каб сярод вынутых рэчаў была кепка.

Абаронца абвінавачанага Бялевіча папрасіў звярнуць увагу, што паводле пратакола вобшуку 19 траўня быў згаданы толькі адзін пакет, а запіс пра вынятую кепку адсутнічаў. Гэта дае падставы меркаваць, што гэтыя змяненні былі ўнесеныя пазней. А калі так, то вобшук быў праведзены з парушэннямі. Ён папрасіў прызначыць экспертызу дакументаў, ягонае хадайніцтва падтрымалі астатнія абаронцы і ўсе абвінавачаныя. Хаваўка — не. Суддзя Блізнюк вырашыла, што экспертыза прывядзе да безпадстаўнага зацягвання працэсу, і адмовіла ў ёй.

Што казалі ў спрэчках?

Памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка ўпэўнены, што ў чаце даваліся інструкцыі да дзеянняў, у тым ліку, і псіхалагічнаму супраціву супрацоўнікам, а гэтак жа ажыццяўляўся збор сродкаў. Ён заявіў, што вышэйпаказаныя факты абвяргаюць тое, што абвінавачаныя не ведалі, што было напісана ў чаце і куды яны ідуць, тым больш што ў іх была канфіскаваная пратэстная сімволіка. Ён сцвярджаў, што дзеянні нанеслі шкоду дзяржаўным інтарэсам.

Абаронца Наталлі Астрэйка лічыць, што яе віна не даказаная, а абвінавачанне не канкрэтызаванае: наяўнасць аднаго фотаздымка не можа быць неабвержным доказам па прад'яўленых абвінавачаннях. Версію абвінавачання абвяргаюць і звесткі мабільнага аператара, якія даказваюць, што 25 кастрычніка 2020 года жанчына знаходзілася ў пазначаным месцы 17 хвілін. А каб пацвердзіць прыкмету групы асобаў, патрэбна даказаць, што дзеянні былі ўзгодненыя. Яна была ўпэўненая, што мусіць быць вынесены апраўдальны прысуд

Адвакат Галіны Заронак адзначыў, што жанчына не адмаўляе, што знаходзілася ў названых месцах, аднак яна не мела мэты выказаць пратэст і непадпарадкаванне: супрацоўнікі наўпрост нічога не патрабавалі. Яна сцвярджала, што дарога ўжо была перакрытая супрацоўнікамі ДАІ. У доказах віны Заронак — фатаграфіі, дзе яе бачна на дарозе, але там няма супрацоўнікаў міліцыі. Таксама не быў дапытаны ніводзін супрацоўнік УУС, які знаходзіцца ў форменным абмундзіраванні. Таму няма доказаў, што побач з ёй былі супрацоўнікі. Адвакат адзначыў, што па логіцы абвінаваўцы, можна падумаць, што счэпкі — гэта любое хаджэнне пад ручку. Адвакат упэўнены, што счэпка мяркуе супраціў — напрыклад, супрацоўнікам, а ў дадзенай сітуацыі такога не было. Таксама няма інфармацыі, што Заронак была дасведчаная аб дзейнасці людзей у чаце. Таму ён папрасіў яе апраўдаць.

Адвакат Бялевіча падкрэсліў, што ягоны падабаронны не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. Абаронца выказаўся, што ўважліва выслухаў меркаванне боку абвінавачання і пачуў, што віна даказваецца пісьмовымі матэрыяламі справы і канфіскаванай кепкай. Аднак ён мяркуе, што пратакол ператрусу быў здабыты з парушэннямі, і таму не можа быць пакладзены ў аснову абвінавачання. У адваката таксама няма падстаў не давяраць падабароннаму ў паказаннях пра кепку. Тое, што яе не канфіскоўвалі, падчас судовага паседжання заявілі таксама і панятыя. Такім чынам, не ўстаноўлена, што кепка належыць Бялевічу, і менавіта ён быў той асобай у кепцы на фотаздымку.

Абаронца таксама ўпэўнены: тое, што на відэа і фота выяўлены Бялевіч, — суб'ектыўнае меркаванне боку абвінавачання. Улічваючы гэта, ён просіць апраўдаць падабароннага.

Адвакат Шчыценкі пагадзіўся з абвінавачаннем у тым, што "хатняя хімія" — суразмернае пакаранне, але папрасіў прызначыць меншы тэрмін: Шчыценка і ягоная маці маюць шэраг захворванняў. 

Што казалі ў апошніх словах?

Ірына Заронак распавяла, што ў яе сітуацыі шпацыры сталіся сапраўднай аддушынай:

"Але да 2020 года я не думала, што мае прагулкі могуць прывесці мяне на лаву падсудных. Я не магла ўявіць, што гэта можа прывесці да такой адказнасці: я ж проста ішла, гуляла і нікому не перашкаджала, не крычала і не выказвала лозунгі. Прашу ў вас разумення".  

Сяргей Шчыценка выказаў падзяку пракурору і абаронцу і папрасіў суд быць справядлівым.

Сяргей Бялевіч адзначыў, што хоча вярнуцца да сваёй сям'і.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства