viasna on patreon

Мужчыну з псіхічным захворваннем асудзілі да трох гадоў і аднаго месяца калоніі

2021 2021-09-07T19:30:48+0300 2021-09-08T12:18:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/illustr_advokaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 верасня суд Маскоўскага раёна горада Мінска прысудзіў 22-гадоваму Кірылу Пальчэўскаму тры гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт.342 і арт.415. Пальчэўскі — чалавек, які мае псіхічнае захворванне. 

Паводле арт.342 КК яго асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады, паводле арт.415 КК — да пазбаўлення волі, тэрмінам на адзін год. Канчатковае пакаранне прызначанае шляхам сукупнасці пакаранняў шляхам іх поўнага складання. Таксама да яго далучылі часткова не адбытую частку папярэдняга пакарання — два месяцы "хатняй хіміі". 

Прысуд вынесла суддзя Таццяна Мотыль. Бок абвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Серакоў.

Кірыл быў затрыманы 15 чэрвеня і з таго часу знаходзіцца пад вартай.

У чым прызналі вінаватым?

У межах артыкула 342 КК Кірыла Пальчэўскага прызналі вінаватым у тым, што 13 верасня 2020 года ён з 13.59 да 19.20 прыняў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Згодна з абвінавачаннем, ён дзейнічаў з карыслівых памкненняў, а таксама па папярэдняй змове з групай асобаў: выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, рухаўся ў счэпцы, парушаў права прыстойных грамадзян на спакойнае жыццё. У тэксце абвінавачання былі пералічаныя ўсе вуліцы, крамы і арганізацыі, спакой якіх парушыў мужчына. 

Паводле арт.415 КК Кірыла Пальчэўскага прызналі вінаватым у тым, што ён парушыў правілы адбыцця свайго ранейшага пакарання: двух гадоў "хатняй хіміі", падчас якога ён здзейсніў шмат парушэнняў. 

Што казаў абвінавачаны?

Пальчэўскі распавёў, што ў той дзень ён схадзіў у гандлёвы цэнтр, потым прысеў на вуліцы ў кафэ, калі да яго падышоў мужчына і прапанаваў зарабіць грошы. Ён прапанаваў Кірылу ісці наперадзе калоны, паказваць, куды ісці людзям. У выніку грошы мужчына не заплаціў. Пальчэўскі цалкам прызнаў віну.

Суддзя зрабіў перапынак праз празмерную знерваванасць Пальчэўскага падчас ягоных паказанняў. 

Якія матэрыялы разглядаліся падчас справы?

У выніку пасля перапынку Мотыль пастанавіла разглядзець суд у паскораным рэжыме без выкліка сведак — ніхто не быў супраць. Згодна з фота- і відэаматэрыяламі, Пальчэўскі стаяў у счэпцы і рэгуляваў рух транспарта. Экспертыза прызнала дыягназ мужчыны, згодна з якім ён мае псіхічны разлад — лёгкую разумовую адсталасць, але можа ўсведамляць свае дзеянні. 

Пракурор запатрабаваў для абвінавачанага пазбаўленне волі на тры гады. Суддзя згадзілася з пакараннем і дадала да яго месяц з неадбытай раней "хатняй хіміі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства