Апошняе слова Зайкоўскага ў судзе: "У апошні час я бачу прававы дэфолт. Мне страшна і крыўдна"
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 6 верасня працягваўся разгляд крымінальнай справы Аляксандра Зайкоўскага. Яго абвінавачваюць па артыкуле 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Вядзе працэс суддзя Юлія Густыр, дзяржаўны абвінаваўца - Нічыпарук.
Сёння пракурор запрасіў для Зайкоўскага два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Адвакат, выступаючы ў судзе зазначыў, што абвінавачаны не прызнаў віну з прычыны таго, што ў яго не было намеру на пагрозу прымянення гвалту да супрацоўнікаў. Таксама абвінавачаны не прызнаў наяўнасць мэты перашкоджання законнай дзейнасці супрацоўнікаў УУС і помсты за службовую дзейнасць па ахове парадку, не выяўляў агрэсіі і азлобленасці ў адносінах да супрацоўнікаў.
Чатыры амапаўцы "пацярпелі" ад звону разбітага келіха і прад'явілі пазоў на 4 000 рублёў
Аргументуе свае словы тым, што спрэчку з невядомымі асобамі ён ўспрыняў як жарт, таму здзейсніў неабдуманы ўчынак не з карысці і матэрыяльнага ўзнагароджання. Адсутнасць намеру гвалту тлумачыцца тым, што абвінавачаны не ведаў, што кідаў шкляны куфаль у аўтобус с супрацоўнікамі міліцыі.
Тлумачыць, што злачынства заўсёды мае на ўвазе мэту і матыў. Адсутнасць мэты і матыву выключаюць адказнасць па дадзенай норме.
Такім чынам, ніякіх актыўных дзеянняў не адбывалася. Ніхто з пацярпелых не выказваўся пра тое, што Зайкоўскі нецэнзурна лаяўся ці выказваў фразы, якія змяшчаюць непрыязнасць да супрацоўнікаў. Пацярпелыя ўспрынялі ўчынак як пагрозу, але гэтага факту недастаткова. Яны паказалі страх за сябе і сваё жыццё, жыццё калег, але не паказалі фізічныя змены і наступствы: не звярталіся па медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, медыкаменты не ўжывалі.
У апошнім слове Зайкоўскі казаў аб тым, што ўсё свядомае жыццё рабіў толькі тое, каб усё было добра, усё было законна.
"У апошні час я бачу прававы дэфолт. Мне страшна і крыўдна. Мы можам страціць тое, што маем," - сказаў ён.
Прысуд будзе абвешчаны ў 16 гадзін 7 верасня.