viasna on patreon

Чарговыя палітвязні атрымалі “хросных” сярод еўрапейскіх дэпутатаў

2021 2021-08-26T16:09:14+0300 2021-08-26T16:56:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gabi_weber.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся дэпутаты Габі Вэбер (Германія), Вінcэнт П. Марцін (Ірландыя), Элізабэт Фалкхавен (Швецыя), Катал Бэры (Ірландыя), Чарлі Флэнэган (Ірландыя), Габрыэль Бішаф (Еўрапейскі парламент, Германія), Лота Олсан (Швецыя), Лайла Нарагі (Швецыя) і Джэрард Кроўвэл (Ірландыя). Яны сталі сімвалічнымі хроснымі Яўгена Говара, Ягора Дуднікава, Аляксандра Кардзюкова, Арцёма Баярскага, Дзмітрыя Гопты, Віталіі Бандарэнка, Дзяніса Хазея, Аляксандра Казлянкі і Валянціна Колба.

Дэпутатка нямецкага бундэстага Габі Вэбер
Дэпутатка нямецкага Бундэстага Габі Вэбер

“Міжнародная салідарнасць з’яўляецца важнай для мяне як для ўдзельніцы прафсаюзнага руху, таму што яна надае нашай барацьбе ва ўсім свеце неабходную сілу. Яна таксама важная і ў дадзеным выпадку. Я патрабую неадкладнага вызвалення Яўгена Говара і ўсіх палітвязняў у Беларусі”,  — сказала дэпутатка нямецкага бундэстага Габі Вэбер з нагоды свайго рашэння падтрымаць Яўгена Говара.

vincent-p.-martin.jpg
Ірландскі дэпутат Вінсэнт П. Марцін

Каментуючы сваю новую ролю “хроснага бацькі” Ягора Дуднікава, ірландскі дэпутат Вінсэнт П. Марцін сказаў:

“Вельмі важна, каб мы былі салідарныя з Ягорам Дуднікавым і ўсімі, хто страціў свабоду ў Беларусі”.

Дэпутатка парламента Швецыі Элізабэт Фалькхавен
Дэпутатка парламента Швецыі Элізабэт Фалкхавен

Дэпутатка парламента Швецыі Элізабэт Фалкхавен узяла на сябе абавязкі “хроснай” Аляксандра Кардзюкова. Яна патрабуе вызваліць ​​ўсіх палітвязняў у Беларусі.

“Аляксандр Кардзюкоў – адзін з іх, і ён можа правесці ў турме 10 гадоў. Неадкладна вызваліце ​​Аляксандра Кардзюкова! Лукашэнка павінен спыніць гэтае паляванне на сваіх суайчыннікаў і дазволіць Беларусі зноў стаць свабоднай краінай”, — сказала спн. Фалькхавен.

Катал Бэры, дэпутат ніжняй палаты парламента Ірландыі
Катал Бэры, дэпутат ніжняй палаты парламента Ірландыі

Катал Бэры, дэпутат ніжняй палаты парламента Ірландыі, які будзе “хросным” Арцёма Баярскага, заклікаў да яго неадкладнага вызвалення.

“Некалькі аўтарытэтных праваабарончых грамадскіх арганізацый паведамляюць, што падчас затрымання яго збівалі супрацоўнікі міліцыі, пакуль не запісаў “прызнанне”, якое пасля было размешчана на канале вядомага прарэжымнага прапагандыста”, — адзначыў дэпутат.

Ірландскі дэпутат і старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Чарлі Флэнэган
Ірландскі дэпутат і старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Чарлі Флэнэган

Каментуючы сваё рашэнне падтрымаць Дзмітрыя Гопту, ірландскі дэпутат і старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Чарлі Флэнэган сказаў:

“Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна вызваліць палітвязня Дзмітрыя Гопту. Як паведамляюць мясцовыя праваабарончыя арганізацыі, Дзмітрый быў асуджаны на падставе свайго прызнання, а суд прайшоў з парушэннямі прэзумпцыі невінаватасці. Для мяне з’яўляецца шокам тое, што гэты ўразлівы малады чалавек быў пазбаўлены волі ў такіх сумніўных абставінах”.

Дэпутатка Еўрапарламента Габрыэль Бішаф
Дэпутатка Еўрапарламента Габрыэль Бішаф

Дэпутатка Еўрапарламента Габрыэль Бішаф стала “хроснай” Віталіі Бандарэнка. Яна заявіла:

“Падчас пратэстаў сярод іншых была затрыманая і асуджаная да чатырох гадоў пазбаўлення волі 19-гадовая Віталія Бандарэнка. Я ўзяла на сябе абавязкі яе “хроснай” у супрацоўніцтве з Libereco. Я б хацела прадэманстраваць, што мы хочам падтрымаць яе, а таксама сотні іншых мужных вязняў рэжыму Лукашэнкі, і надаць ім неабходную ўвагу! Мы штодня натхняемся іх мужнасцю і настойлівасцю ў іх барацьбе за дэмакратычную будучыню. Я заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітвязняў. Прыгнёт людзей у Беларусі павінен скончыцца зараз!”

Лота Олсан, дэпутатка парламента Швецыі
Лота Олсан, дэпутатка парламента Швецыі

“Жорсткая дыктатура, якая ўзнікла ў Беларусі, патрабуе, каб усе мы ў дэмакратычных дзяржавах Еўропы падняліся на абарону правоў чалавека і дэмакратыі. Сваю рашучасць я б хацела асабліва накіраваць Дзянісу Хазею, які быў зняволены за ўдзел у дэманстрацыях супраць недэмакратычнага рэжыму. Беларусь заслугоўвае дэмакратычных выбараў і дэмакратычнага развіцця”, — сказала Лота Олсан, дэпутатка парламента Швецыі, якая падтрымала Дзяніса Хазея.

Дэпутатка парламента Швецыі Лайла Нарагі
Дэпутатка парламента Швецыі Лайла Нарагі

Дэпутатка парламента Швецыі Лайла Нарагі будзе апекавацца Аляксандрам Казлянкам.

“Я заклікаю неадкладна вызваліць палітвязня Аляксандра Казлянку, 37-гадовага актывіста і сябра Свабоднага прафсаюза з Брэста. Згодна з апошняй штогадовай справаздачай Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП), Беларусь уваходзіць у дзесятку найгоршых краін для рабочых. Адважная праца свабодных прафсаюзаў і іх сябраў у абарону правоў чалавека з’яўляецца неацэннай у барацьбе за дэмакратыю. Як у Беларусі, так і ў любой іншай краіне. Свабодныя прафсаюзы ўяўляюць асаблівую пагрозу для дыктатур – напрыклад, беларускай – якія ілжыва сцвярджаюць, што яны «прадстаўляюць народ». Таму мы будзем працягваць збірацца і распавядаць пра тых актывістаў, якія знаходзяцца ў авангардзе барацьбы са злачынным і гвалтоўным рэжымам Лукашэнкі”, — заявіла яна з нагоды свайго рашэння.

ірландскі дэпутат Джэрард Кроўвэл
Ірландскі дэпутат Джэрард Кроўвэл

“Хросным” палітвязня Валянціна Колба стаў ірландскі дэпутат Джэрард Кроўвэл. Ён сказаў:

“Гэты чалавек быў асуджаны на 5 гадоў за ўдзел у акцыі пратэсту супраць таго, што ў большасці краін свету расцэньваецца як сфальсіфікаваныя выбары. Ён не вінаваты ні ў якім злачынстве, але дамагаўся таго, што ў любой дэмакратычнай краіне будзе разглядацца як правы чалавека. Валянцін пакутуе на хваробу сэрца і ў мінулым перанес інфаркт. Ён мае тэрміновую патрэбу ў аперацыі па каранарным стэнціраванні. Пры гэтым, ён не атрымлівае неабходнага медыцынскага лячэння. Я патрабую неадкладна вызваліць Валянціна і дазволіць яму прайсці лячэнне ў медыцынскім стацыянары, дзе ён зможа атрымаць тэрміновую дапамогу. Я падтрымліваю ўсіх людзей у Беларусі, якія выступаюць супраць сфальсіфікаваных вынікаў галасавання і заклікаюць да неадкладных адкрытых, сумленных і празрыстых выбараў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства